Арцыбіскуп Кандрусевіч у Віцебску: Будаваць цывілізацыю міру, а не гвалту

31 студзеня, у ІV Звычайную нядзелю, Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у касцёле Святога Духа ў Віцебску цэлебраваў святую Імшу падзякі за 75-годдзе і шчаслівае вяртанне на радзіму.

Гэтую новазбудаваную святыню ў цэнтры самай маладой каталіцкай дыяцэзіі ў краіне іерарх сам пасвяціў у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога 18 мая 2013 года.

Па запрашэнні ксяндзоў сальватырыянаў, якія духоўна апякуюцца парафіяй, і віцебскіх вернікаў, арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся разам з імі ў інтэнцыі падзякі за 75 гадоў жыцця і шчаслівае вяртанне на радзіму.

Падчас святой Імшы прысутныя на ёй кансэкраваныя асобы аднавілі свае манаскія абяцанні з нагоды набліжэння свята Ахвяравання Пана, якое ў Касцёле адзначаецца як Дзень кансэкраванага жыцця.

У прамоўленай гаміліі Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў, што літургічныя чытанні гэтага дня заклікаюць, каб «мы прымалі заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова». Таксама яны вучаць, што «сям’я — гэта Богам устаноўлены інстытут», і паказваюць, як Езус выганяе злога духа з апантанага.

«Нячысты дух пакінуў апантанага ім чалавека, і той стаў свабодным. Мы таксама павінны наблізіцца да Езуса, каб быць свабоднымі. Езус не выкарыстоўваў сваёй улады і боскай моцы, каб кіраваць людзьмі і іх кантраляваць, але каб учыніць свабоднымі ад уплыву злога духа», — сказаў арцыбіскуп.

«Нам неабходна выкарыстоўваць атрыманую ад Бога моц і здольнасці, каб будаваць цывілізацыю міру, а не гвалту; цывілізацыю жыцця, а не смерці; цывілізацыю любові, а не нянавісці»,— дадаў іерарх.

Ён звярнуў увагу, што, як кажа Папа Францішак, у гісторыі чалавецтва было шмат рэвалюцый, якія змянялі аблічча свету, «але ні адна з іх не змяніла духоўнага аблічча чалавека, і толькі рэвалюцыя Езуса Хрыста, якой ёсць Яго Евангелле, прапануе шлях да змены чалавека».

Па словах арцыбіскупа, «мы змагаемся з праблемамі сучаснасці сваімі сіламі і забываемся прасіць Бога аб дапамозе», «чалавек не жадае жыць згодна з вучэннем Хрыста, гэта вядзе да разбурэння сям’і і адказу ад яе традыцыйнага разумення, забіцця Божага дару жыцця, амаральнасці, разбэшчанасці, сацыяльнай несправядлівасці, карупцыі».

«Сучасны свет занепакоены вырашэннем праблемы пандэміі каранавірусу. Усе чакаюць вакцыны, як адзінай надзеі выратавацца.

У той жа час Божае слова з’яўляецца вакцынай надзеі ў напоўненым песімізмам свеце»,— дадаў арцыбіскуп.

Звяртаючыся да айцоў сальватарыянаў, ён адзначыў, што назва іх ордэна паходзіць ад лацінскага слова Salvator (Збаўца) і што Бог паслаў іх «на беларускую зямлю быць яе прарокамі ў лёсавызначальны час яе гісторыі, калі вырашаюцца яе будучыня і калі людзі трацяць надзею».

Іерарх нагадаў, што праз два дні, у свята Ахвяравання Пана, Касцёл будзе адзначаць Дзень малітваў аб святасці кансэкраваных асобаў. «У Езусе наша надзея і наша збаўленне. Нясіце збаўчую ласку людзям», — сказаў арцыбіскуп.

Іерарх заклікаў сальватарыянаў быць «прарокамі нашага часу, жывучы згодна з евангельскімі парадамі чыстасці, убоства і паслухмянасці».

Таксама ён заахвоціў «абвяшчаць людзям Божае слова, як духоўную вакцыну, якая вылечыць іх ад страху перад невядомай будучыняй і адродзіць надзею».

Падчас Імшы прысутныя кансэкраваныя асобы аднавілі манаскія абяцанні з нагоды надыходзячага свята Ахвяравання Пана.

Анастасія Грышан, тэкст
Catholic.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі