З 3 па 10 кастрычніка ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах прайшлі святыя Місіі, якія правялі айцы рэдэмптарысты Віктар Бохан і Эдвард Пяцельчыц.
На пачатку пробашч ксёндз Андрэй Кулік сустрэў місіянераў пры ўваходзе ў касцёл, а затым ля алтара звярнуўся з прывітальным словам да місіянераў і на час святых Місій сімвалічна перадаў уладу ў парафіі — святарскую стулу і ключы ад святыні.
Праграма Місій была даволі насычанай. Кожнае набажэнства распачыналася з запальвання пасхала — сімвала Езуса Хрыста змёртвыхпаўсталага, жывога Бога. Вечарам а 21-ай гадзіне вернікі збіраліся на Марыйны заклік, падчас якога супольна маліліся на ружанцы за нашу краіну, парафію, сем’і, дзяцей. А потым, запаліўшы ад пасхала прынесеныя свечкі, спявалі песні ў гонар Марыі.
Кожны дзень меў сваю тэматыку і вылучаўся адмысловымі набажэнствамі. У панядзелак пасля вячэрняй святой Імшы адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах горада. Крочачы пакутным шляхам Хрыста яшчэ раз задумаліся над рэчамі, якія сталі звыклымі, але найбольш аддаляюць нас Бога. Па чарзе несучы крыж ад стацыі да стацыі вернікі змянялі адзін аднаго: мужчыны, жанчыны, моладзь, дзеці. Да апошняй стацыі крыж неслі святары.
У трэці місійны дзень не было Эўхарыстыі, а цэлебравалася пакутнае набажэнства. Асабліва кранальным стаў этап перапрашэння за грахі. Пробашч парафіі Андрэй Кулік папрасіў прабачэнне ў парафіяльнай супольнасці за свае ўчыненыя грахі і занядбанні, а таксама правіны іншых святароў, якія працавалі ў парафіі. У знак пакоры перад Панам Богам ён лёг крыжам на падлогу перад Найсвяцейшым Сакрамантам, а парафіяльная супольнасць на каленях перапрашала за грахі. Да Пана Бога ўзносіліся не толькі словы перапрашэння, але і падзякі: за дар жыцця, за тыя ласкі, якія мы маем, за магчымасць прыняцця сакрамантаў.
Чацвёрты дзень святых Місій, асаблівым чынам быў накіраваны на паяднанне чалавека з Богам. На працягу дня вернікі мелі магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі, каб ачысціць свае сэрцы і годна прыняць Езуса Хрыста.
На наступны дзень падчас святой Імшы адбывалася адарацыя Крыжа. Пасля навукі місійнай кожны прысутны, трымаючы правую руку на сэрцы, у цішы выракся граху і вызнаў сваю веру ў Бога. А потым, стоячы на каленях перад Крыжам, змог сказаць важныя для сябе словы: «Езус — мой Пан».
Святочным і радасным стаў шосты дзень Місій, які асаблівым чынам быў прысвечаны сям’і. У гэты дзень адбылося аднаўленне сужанскіх абяцанняў. Пары рознага ўзросту, з розным сямейным стажам, некаторыя разам з дзецьмі прыйшлі каб адзначыць свята сям’і. 30 сужаскіх пар, гледзячы адзін аднаму ў вочы і трымаючы сужонка за руку, паўтарылі словы прысягі, папрасілі прабачэнне адзін у аднаго і выказалі словы любові.
На наступны дзень на ранішняй Эўхарыстыі быў удзелены сакрамант Намашчэння хворых. Вернікі старэйшага пакалення, а таксама хворыя праз намашчэнне святым алеем узмацніліся духоўна, каб п-хрысціянску прыняць хваробы і цярпенні. На вячэрняй святой Імшы парафія была даручана апецы Панны Марыі праз Акт прысвячэння.
10 кастрычніка адбылося ўрачыстае завяршэнне святых Місій. Распачалася Эўхарыстыя ўстанаўленнем місійнага крыжа на цвінтары касцёла. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік асвяціў місійны крыж, а таксама крыжы, якія прынеслі парафіяне. Трымаючы крыж высока ў руках, вернікі памаліліся за парафію, сем’і, дзяцей і моладзь, за тых, хто жадаў, але не змог удзельнічаць у Місіях, людзей хворых і самотных, а таксама за тых, хто свядома не скарыстаўся Божай ласкай, каб яны змаглі знайсці шлях да Бога.
Завяршылася Эўхарыстыя малітвай у інтэнцыі Святога Айца і бласлаўленнем місійнымі крыжамі.
На заканчэнне Імшы моладзь ад імя ўсёй парафіі выказала словы ўдзячнасці айцам-рэдэмптарыстам за правядзенне Місій і ўручылі ім кветкі і падарункі.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
для друку