У Любліне была створана Біблейная чытальная зала, якая выклікала велізарную цікавасць навуковай супольнасці ўжо ў дзень свайго адкрыцця. Месца, дзе сустракаюцца старажытныя рукапісы, найноўшыя тэхналогіі і запал даследчыкаў Святога Пісання.
Гэта прастора не толькі захоўвае бясцэнныя калекцыі, але і імкнецца стаць міжнародным цэнтрам даследаванняў Бібліі. Урачыстае адкрыццё Біблейнай чытальнай залы адбылося 20 красавіка ў галоўнай бібліятэцы Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла II. Новы аб’ект ужо цяпер называюць праектам глабальнага значэння. Гэта першая чытальная зала такога роду ў Польшчы і, як падкрэсліваюць яе стваральнікі, толькі трэцяя ў свеце.
Чытальная зала была створана па ініцыятыве Інстытута біблейскіх даследаванняў і ўніверсітэцкай бібліятэкі Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта ў адказ на дынамічнае развіццё даследаванняў Бібліі.
— Стварэнне новай спецыялізаванай Біблейнай чытальнай залы з’яўляецца стратэгічным адказам на станаўленне біблейскіх даследаванняў як самастойнай акадэмічнай дысцыпліны. Дзякуючы спалучэнню традыцыйных папяровых рэсурсаў з сучаснай лічбавай платформай, бібліятэка становіцца даступнай для шырокага кола даследчыкаў з розных абласцей, — падкрэслівае кс. праф. Міраслаў Врубель, дырэктар Інстытута біблейскіх даследаванняў Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта.
Новая прастора — гэта не проста паліцы, поўныя кніг. Гэта таксама прасунуты праект лічбавізацыі.
«Гэтая ініцыятыва накіравана не толькі на падтрымку мясцовых выкладчыкаў, але, перш за ўсё, на стварэнне міжнароднага даследчага цэнтра, які будзе прыцягваць навукоўцаў з усёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», — падкрэслівае ксёндз праф. Врубель.
Пра важнасць лічбавізацыі кажа таксама прарэктар KUL па навуцы і адукацыі прафесар Івона Невядомска:
— Гэтыя мерапрыемствы накіраваны не толькі на абарону культурнай спадчыны для будучых пакаленняў, але і на палягчэнне доступу да тэкстаў, якія складаюць аснову еўрапейскай і хрысціянскай ідэнтычнасці. Дзякуючы адкрытаму фармату праекта, як навукоўцы, так і ўсе, хто жадае чэрпаць з гэтага духоўнага і інтэлектуальнага багацця, змогуць карыстацца гэтымі ўнікальнымі крыніцамі, — дадае яна.
Маштаб праекта ўражвае. Калекцыя налічвае прыблізна восем тысяч тамоў, а ў яе аснове знаходзяцца тэксты самой Бібліі.
— Сэрцам і ядром Чытальнай залы з’яўляюцца тэксты самой Бібліі, выдадзеныя на мовах арыгінала, яўрэйскія таргумы, старажытныя пераклады і найважнейшыя пераклады на сучасныя мовы. Тут захоўваюцца ўсе пераклады Бібліі на польскую мову (…), размешчаныя ў адпаведнасці з храналогіяй іх узнікнення. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць дыялектныя выданні і вершаваныя пераказы біблейскага тэксту, — тлумачыць Раман Заяц, куратар універсітэцкай бібліятэкі Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта.
Чытальная зала таксама вылучаецца шырокім тэматычным дыяпазонам калекцый. Яна ўключае ў сябе публікацыі ў галіне філалогіі, біблейскай археалогіі, гісторыі, тэалогіі, а таксама ўплыву Бібліі на культуру і поп-культуру.
— У чытальнай зале даступныя выбраныя выдавецкія серыі і часопісы біблейскага характару, а кампутарныя тэрміналы дазваляюць выкарыстоўваць багатыя лічбавыя рэсурсы. Памяшканне было прыстасаванае як для індывідуальнай, так і для групавой працы, — падкрэслівае Р. Заяц.
Сучасная Біблейнай чытальная зала ў Люблінскім каталіцкім універсітэце з’яўляецца ключавым цэнтрам міжнароднага абмену навуковай і пастырскай думкай. Прафесар Генрык Вітчык, біблеіст Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта, падкрэслівае міжнародны аспект праекта: «Дзякуючы працэсу лічбавання ўнікальных калекцый, універсітэт дае студэнтам і даследчыкам бясплатны доступ да дарагіх міжнародных выданняў, ліквідуючы фінансавыя бар’еры для развіцця маладых талентаў. Гэтая ініцыятыва мае на мэце (…) інтэграваць польскую навуку ў глабальны навуковы дыскурс, шляхам прадстаўлення кантэнту на англійскай мове, — тлумачыць прафесар Вітчык.
На ўрачыстым адкрыцці таксама згадваліся духоўныя аспекты праекта. Новая Біблейная чытальная зала ў Любліне — гэта ўнікальны праект глабальнага значэння. Яго галоўная мэта — стварыць прастору для шматмернага вывучэння Святога Пісання, якая ахоплівае як асновы хрысціянскай веры, так і гуманістычныя каштоўнасці.
Біскуп Адам Баб, дапаможны біскуп Люблінскай архідыяцэзіі, які благаславіў новую чытальную залу, сказаў: «Гэтая ініцыятыва імкнецца да духоўнай і культурнай трансфармацыі чалавецтва, мяркуючы, што асабісты кантакт са Словам Божым становіцца падмуркам для пабудовы новага, лепшага грамадскага ладу», — падкрэсліў іерарх.
Адкрыццё чытальнай залы суправаджалася таксама адкрыццём выставы, на якой былі прадстаўлены найбольш каштоўныя копіі Бібліі з калекцыі ўніверсітэта.
— Самы старажытны — лацінскі, пергаментны рукапіс Бібліі, зроблены ў XV стагоддзі (…), прызначаны для індывідуальнага чытання. Сярод яўрэйскіх Біблій вылучаецца шэдэўр каліграфіі сярэдзіны XVIII стагоддзя (…), гэта адзіны экзэмпляр такога кшталту ў Польшчы», — адзначыў Адамчук.
Новая Біблейная чытальная зала ў Люблінскім каталіцкім універсітэце — гэта праект, які выходзіць далёка за рамкі мясцовай ініцыятывы. Ён спалучае ў сабе традыцыі з сучаснасцю, навуку з духоўнасцю, лакальнасць з глабальным вымярэннем даследаванняў. І, перш за ўсё, адкрывае доступ да адной з найважнейшых культурных спадчын свету ў месцы, якое ўжо імкнецца стаць цэнтрам біблейскіх даследаванняў у міжнародным маштабе.
Паводле lublin.gosc.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!




