У Клюшчанах ушанавалі памяць Казіміра Сваяка

“…Хоць ты і змоўк…І хоць ліра разбіта
І хоць новыя страты баляць, —
Над краінай туманам спавітай, —
Тваіх песняў акорды звіняць”.

Гэтыя радкі класіка беларускай літаратуры Міхася Машары як нельга лепш адлюстроўваюць лёс чалавека, чый голас не змоўк нават пасля таго, як зямное жыццё абарвалася. Асоба Казіміра Сваяка (у свеце — Канстанціна Стаповіча) нагадвае прамень, які прабівае шматвяковую імглу: святар, прамоўца, драматург і паэт, ён здолеў змясціць у кароткае, але надзвычай ёмістае жыццё любоў да Бога і да роднага слова. Яго пропаведзі краналі найтоншыя струны душы, прымушалі суразмоўцаў глядзець у глыбіню ўласнага сэрца, а паэтычны талент стаў для яго тым самым мастком, праз які ўвекавечаная думка перадаецца з пакалення ў пакаленне. У Клюшчанскай парафіі памяць пра слыннага земляка беражна захоўваецца да сённяшняга дня, нібы святы агонь, які запальвае сэрцы новых пакаленняў.

28 чэрвеня ў Клюшчанах адбылася падзея, якая яшчэ раз пацвердзіла: творчасць сапраўднага таленту не мае тэрміну даўнасці. Святая Імша і літаратурная імпрэза, прысвечаная 100-й гадавіне смерці кс. Канстанціна Стаповіча, сабрала ў плябаніі тых, для каго яго духоўны запавет з’яўляецца жыццёвым арыенцірам. Эўхарыстыю ў гонар нябеснага заступніка ўрачыста цэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, пробашч ксёндз-канонік і дэкан Астравецкі Анатоль Захарэўскі. Пробашч парафіі прывітаў сабраных у Клюшчанах з гэтай нагоды вернікаў і святароў: з Камаяў Яцэка Хутмана, з Засвіра Алега Мурзіча, з Астраўца Юрыя Кузьміча,  з Варнян Віктара Захарэўскага, а таксама з Шэметава Дзмітрыя Дубовіка. Падчас Імшы маліліся за вернікаў і за святароў, якія працавалі ў Клюшчанах, узгадвалі Казіміра Сваяка.

Біскуп Алег Буткевіч пачаў сваё слова з цытаты з Евангелля: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне». Гэтыя словы Езуса заахвочваюць шанаваць чалавека – і менавіта такое спалучэнне хрысціянскай навукі з беларускай мовай і культурай імкнуўся ўвасобіць Казімір Сваяк.

Далей іерарх расказаў пра жыццё Сваяка, яго духоўныя пошукі і дарогу да Бога. Ён звярнуў увагу на тое, як вера і нацыянальная свядомасць перапляталіся ў жыцці святара, і падкрэсліў, што сённяшняя ўрачыстасць – не проста памятная дата, а нагода задумацца пра ўласныя карані і пакліканне.

Невыпадкова менавіта ў гэты дзень у Клюшчаны прыбыла копія абраза Маці Божай Міласэрнасці. Сімвалічна, што ў дзяцінстве Сваяк разам з бацькам наведваў Вострую Браму, і гэты абраз меў уплыў на яго святарскае пакліканне. Парафіяне разам са святарамі віталі абраз і маліліся перад ім.

Атмасфера ўрачыстасці аб’яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў і поглядаў: разам з мясцовымі парафіянамі прыбылі нашчадкі камайскіх вернікаў, жыхары з роднай вёскі паэта і землякі з наваколля, госці, католікі і праваслаўныя, старэйшыя і малыя. У гэтым ціхім месцы перапляліся лёсы тых, хто ведаў Казіміра Сваяка асабіста, і тых, хто адкрывае яго праз радкі, напісаныя паўстагоддзя таму.

Па завяршэнні Імшы нядзельны дзень афарбаваўся ў чыстыя колеры паэзіі: адбылася імпрэза. Шмат добрых і цёплых слоў у гэты дзень было сказана пра Казіміра Сваяка. Гучалі вершы — ад узнёслых медытацый і глыбокіх роздумаў на евангельскія тэмы да народных балад і нават жартаўлівых прыпевак, у якіх прасвечвае жывы народны гумар. Удзельнікі не толькі чыталі запаветныя радкі, але і дзяліліся малавядомымі фактамі з жыцця святара, набліжаючы яго вобраз да сучаснікаў. Аздобіў мерапрыемства сваёй музыкай і спевамі Максім Іўкін.

У сэрцах прысутных на гэтай сустрэчы вернікаў, якія пакідаюць святыню, застаецца асаблівая цеплыня. Гэта не проста ўспамін, а часцінка той вялікай, вечнай любові, якая не заканчваецца, а працягвае жыць.

Вольга Заянчкоўская

для друку для друку