У панядзелак, 20 сакавіка, у капліцы святога Юзафа, што ў Гірстунах Глыбоцкага дэканату, адбылася адпустовая ўрачыстасць.
На святочное богаслужэнне сабралася каля трох дзесяткаў вернікаў як з Гірстуноў, так і суседніх вёсак. Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ў Канстанцінаве ксёндз Антон Лагунёнак. Слова да вернікаў прамовіў дыякан Алег Хмылко, які прыняў дыяканскае пасвячэнне 25 лютага гэтага года. Гэта была яго першая адпустовая гамілія, таму, па словах дыякана, ён вельмі хваляваўся. Але гэта не перашкодзіла добра падрыхтавацца і прамовіць сваё слова да вернікаў, у якім распавёў пра жыццё і духоўны прыклад святога Юзафа.
“Было хваляванне, бо крыху адрозніваецца казанне ў звычайны дзень ад казання на адпусце. Трэба было падкрэсліць веліч асобы святога Юзафа, таму трэба было больш падрыхтавацца, што заняло больш часу… Але як мне падалося, казанне атрымалася добрае, і я застаўся задаволены,” – паведаміў “Каталіцкаму Весніку” дыякан Алег.
Капліца ў Гірстунах з’явілася некалькі гадоў таму. Яна перабудаваная з жылога дома. Гэта праца была зроблена дзякуючы ахвярнасці вернікаў, а таксама пры дапамозе мясцовага сельсавета.
Як паведаміла Марына Мацулевіч, раней у гэтым доме жыла яе бабуля. А яе бацькоўскі дом стаіць насупраць. Нядаўна яна пераехала з Глыбокага на сваю малую радзіму. “Заўсёды прыходжу сюды з адкрытай душой, з адкрытым сэрцам, бо тут душа вызваляецца ад розных грахоў, ад дрэнных думак,” – падзялілася сваімі ўражаннямі спадарыня Марына.
Ксёндз Антон Лагунёнак абслугоўвае капліцу святога Юзафа ўжо два гады. Ён прызнаўся, што яго вельмі ўразіла пабожнасць жыхароў вёскі: “Тут жыве каталіцкі дух. Вёска невялікая, а людзей у капліцы заўсёды шмат. Кожную нядзелю капліца запоўненая вернікамі”.
Вернікі выказалі ўпэўненасць, што святы Юзаф будзе і надалей апекавацца іх вёскай.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
