Адарацыя крыжа для моладзі ў духу Taize прайшла ў Гродне

21 сакавіка ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа прайшла адарацыя крыжа ў духу Taize для моладзі. Набажэнства праводзілася напярэдадні пятай нядзелі Вялікага посту – з гэтай нядзелі крыж, цэнтральны сімвал хрысціянства, у святынях закрываецца адмысловым палатном.

Маладым вернікам, а таксама святарам іх парафій і законным сёстрам адарацыя давала магчымасць засяродзіцца, падумаць над сваім жыццём, нагадвала пра пакаянне, рыхтавала да ўспаміну пра найважнейшыя падзеі ў гісторыі збаўлення.

Пасля адарацыі адбылася святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На літургіі біскуп маліўся за моладзь дыяцэзіі – будучыню Касцёла і краіны.

У гаміліі іерарх сказаў, што крыж, на гэтым этапе посту закрыты ў касцёлах палатном, – “запрашэнне не абмяжоўвацца тым, што мы бачым вачыма, а вучыцца бачыць сэрцам, адкрываць прысутнасць Бога нават там, дзе Яго нібыта не відаць”. “Сёння кожны з вас стаяў перад знакам любові, якая не спыняецца перад пакутамі, перад ахвярай, перад смерцю”, – дадаў біскуп, кажучы пра адарацыю крыжа.

Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, ён падкрэсліў, што важна не ўспрымаць іх толькі як гісторыю пра людзей, якія жылі калісьці, а “задаць сабе пытанне: дзе я ў гэтай гісторыі? дзе ў маім жыцці смерць, а дзе жыццё? дзе я стаю перад магілай, а дзе ўжо чую голас Бога, які кліча мяне да жыцця?” Тлумачачы словы прарока Езэхіэля з гэтых чытанняў, біскуп адзначыў, што яны “пра тыя сітуацыі, у якіх мы адчуваем сябе нібыта ў магіле – калі няма сіл, калі няма надзеі, калі ёсць грахі, залежнасці, расчараванні, страхі, калі мы адчуваем, што нешта ў нас памерла”; “пра надзею, але не пра лёгкую, павярхоўную, а пра тую, якая нараджаецца ў сітуацыі, калі чалавечымі сіламі ўжо нічога немагчыма”.

“Сапраўдная малітва пачынаецца не тады, калі ў нас усё атрымліваецца, а тады, калі мы маем адвагу сказаць Богу праўду пра сябе, пра свой стан, пра свае раны, пра свае падзенні, пра сваю стомленасць і сумненні. Гэта вельмі важна – умець быць сапраўднымі перад Богам, бо толькі там, дзе ёсць праўда, можа пачацца сапраўднае аздараўленне”, – звярнуў увагу біскуп.

Евангельскі фрагмент пра ўваскрашэнне Лазара ён назваў “не проста аповедам пра цуд”, а “гісторыяй пра сяброўства, пра боль, пра слёзы, пра чаканне, пра сумненні і пра веру”. “Колькі разоў у жыцці мы адчувалі, што Бог «спазняецца», не дзейнічае так, як мы чакаем”, – сказаў біскуп. Па яго словах, “Езус не абвінавачвае, не асуджае, а ўводзіць чалавека глыбей – у веру”, “паказвае, што Ён сам ёсць Жыццё”. “Хрысціянства – гэта не толькі правілы, не толькі традыцыя і абрады. Гэта сустрэча з Жывым Хрыстом, які ўваходзіць у тваё жыццё і змяняе яго знутры”, – дадаў іерарх.

Асабліва кранальным у гэтым фрагменце ён назваў тое, што “Езус заплакаў”: “Часам можа здавацца, што Бог далёкі, што Ён не разумее, не бачыць, але Евангелле кажа нам: Бог плача разам з табой, Бог бачыць твае слёзы, Бог ведае тваю гісторыю”.

“Езус падыходзіць да магілы, кажа: «Адсуньце камень». І тут вельмі важны момант: Бог можа зрабіць цуд, але чалавек павінен зрабіць свой крок. Камень – гэта тое, што закрывае тваё сэрца, што не дае Богу дзейнічаць, – патлумачыў біскуп. – «Лазар, выйдзі вонкі!» – гэта слова, звернутае да кожнага з нас: выйдзі з таго, што цябе звязвае, з таго, што цябе трымае ў цемры, з таго, што не дае табе жыць: з граху, з залежнасці, з ляноты, з абыякавасці, са страху быць іншым, са страху быць верным.

Вы жывяце ў свеце, які прапануе шмат магчымасцей, але таксама шмат ілюзій, шмат спакусаў, шмат таго, што можа выглядаць як жыццё, але на самой справе вядзе да ўнутранай пустаты, да духоўнай смерці. І таму сёння Езус стаіць перад тваёй «магілай» – перад тым, што ў тваім жыцці нежывое, – і кажа: «Выйдзі!» І калі Лазар выходзіць, ён яшчэ звязаны. А Езус кажа: «Развяжыце яго». Гэта значыць, што шлях да поўнай свабоды – працэс, дарога, на якой патрэбна супольнасць, патрэбны Касцёл, патрэбны іншыя людзі, якія дапамогуць табе ісці далей”.

“Хоць заўтра крыжы ў касцёлах будуць закрытыя, крыж не знікне, ён ёсць у вашым жыцці, у вашых рашэннях, у вашай вернасці, – сказаў біскуп, звяртаючыся да ўдзельнікаў адарацыі. – Калі ў Вялікую пятніцу крыж будзе адкрыты, мы ўбачым не проста знак смерці, але знак перамогі, знак надзеі, знак таго, што нават у самай вялікай цемры ёсць святло. Прашу вас, калі ў Вялікую пятніцу крыж будзе зноў адкрыты, узгадайце сённяшні дзень і адарацыю крыжа, каб з адкрыццём крыжа адкрыліся і вашыя сэрцы на любоў, якая аддае сябе да канца”.

Біскуп заклікаў моладзь “не задавальняцца малым”: “Бог кліча вас да жыцця – поўнага, сапраўднага, глыбокага. І калі сёння вы чуеце Яго голас – не закрывайце сэрца. Няхай гэты час Вялікага посту стане для вас часам выхаду з «магіл», часам сустрэчы з Хрыстом”.

У канцы літургіі іерарх удзяліў кожнаму благаслаўленне рэліквіямі Хрыстовага Крыжа.

Grodnensis.by

для друку для друку