Прыемна назіраць за сем’ямі, якія толькі што заключылі сакрамантальны саюз. Шчаслівыя і закаханыя маладыя людзі ўпэўнены, што іх пачуццё будзе трываць вечна і яны здолеюць быць вернымі сужэнскаму абяцанню. Аднак, на жаль, жыццё ўносіць свае карэктывы, і праз некаторы час узнікаюць першыя крызісныя моманты. Нараджаецца дзіця. Маладая мама ўсе сілы і вольны час пачынае прысвячаць першынцу. У гэты момант адносіны ў пары становяцца больш халоднымі: знікаюць традыцыйныя размовы, няма часу на сумесны адпачынак, падарожжы, рамантыку. Усё больш часу муж і жонка праводзяць у інтэрнэце за праглядам навін, наладжваюць віртуальныя зносіны са знаёмымі, а часам і незнаёмымі людзьмі. У нейкі момант новыя сябры, якія знаходзяцца на адлегласці, становяцца больш блізкімі: ім лёгка даверыць сакрэты, падзяліцца душэўным станам. Такія перапіскі могуць набыць нават рамантычны характар. Ці з’яўляецца віртуальная перапіска здрадай? Ці трэба з гэтага спавядацца? На такія і многія іншыя пытанні адказвае айцец Андрэй Авен OCD – кармеліт, вікарый парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле.
– Хвала Хрысту! У наш час усё жыццё знаходзіцца ў смартфоне. Блакітны экран імкліва пачынае замяняць жывыя зносіны, а маладыя людзі пакрысе аддаляюцца адно ад аднаго. На жаль, гэта адлюстроўваецца і на сем’ях. Як маладым сужэнцам захаваць цяпло і першапачатковы давер?
– Хвала навекі! Так, адметнасць эпохі, у якой мы жывём, заключаецца ў актыўным карыстанні сацыяльнымі медыяпляцоўкамі. Яны створаныя для дабра чалавека. Касцёл, напрыклад, актыўна выкарыстоўвае гэтыя сродкі для евангелізацыі. Існуе шмат сайтаў, парталаў, каналаў, старонак, дзе можна паглыбіць свае веды на тэму хрысціянскай веры. Усё гэта – эфектыўны інструмент для евангелізацыі. Аднак інтэрнэт, як і любы іншы сродак, патрабуе ад нас развагі пры карыстанні. Існуе нямала сацыяльных медыя, каторыя ствараюць магчымасць размовы, дыялогу, перапіскі. Усё гэта зроблена для таго, каб чалавек быў больш камунікабельны.
Але, на жаль, існуюць і адмоўныя бакі карыстання інтэрнэтам. Хтосьці трапна зазначыў, што інтэрнэт – гэта не толькі вялікая ўпарадкаваная бібліятэка, але яшчэ і вялізарная сметніца, дзе шмат бруду і небяспечнага кантэнту. Таму калі мы карыстаемся сацыяльнымі медыя, належыць ставіць перад сабою мэту: што я шукаю ў бязмежнай прасторы? Ці не марную час? Тое самае датычыць і рознага кшталту перапісак, асабліва ў сужэнстве. Сучасныя маладыя людзі выхаваныя гаджэтамі. Вельмі часта такія асобы закрытыя і не ўмеюць між сабою весці дыялог. Калі надыходзяць крызісныя моманты, то яны не бачаць лепшага выйсця, як толькі развод. Цяпло сужэнскіх адносінаў не знойдзеш у інтэрнэце, не купіш у краме, бо яно павінна выходзіць з чалавечага сэрца, яго трэба адкрыць у сабе. А празмернае карыстанне гаджэтамі не вядзе да гэтай мэты. Сужэнская любоў грунтуецца на ўзаемнай павазе, даверы і прабачэнні, а таксама на ўменні слухаць адно аднаго. А як гэта можна зрабіць, калі нашая ўвага сканцэнтраваная не на другім чалавеку, а на сэнсарным экране?
– Многія лічаць, што ў рамантычных перапісках з супрацьлеглым полам няма нічога дрэннага: фізічная ж здрада не адбываецца. Але пры гэтым пільна хаваюць смартфон ад мужа ці жонкі. Ці з’яўляецца перапіска грахом? Ці трэба з гэтага спавядацца?
– Тут хочацца звярнуцца да першых старонак кнігі Быцця. Адам і Ева, якія пакаштавалі забаронены плод з дрэва пазнання дабра і зла, убачыўшы Бога, схаваліся. Вось вам і адказ на гэтае пытанне. У гульню ўступаюць недавер, страх, а гэта ўсё руйнуе сужэнскія адносіны. Грэх трэба называць грахом. “А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім” (Мц 5. 28). У сужэнстве ўся рамантыка павінна быць накіраваная адно на аднаго. Тут няма месца трэцяй, чужой асобе. У сям’і, дзе пануюць любоў і гармонія, не здараюцца рамантычныя перапіскі з іншымі асобамі. Сакрамант пакаяння і паяднання (споведзь) – добрая і неабходная магчымасць закончыць з такой “рамантыкай” і не брудзіць сваю душу.
– Як мы ведаем, усё таямнічае з цягам часу становіцца відавочным. Як павінен паводзіць сябе сужэнец, каторы знайшоў у другой паловы паведамленні такога кшталту?
– Па-першае, трэба супакоіцца, каб, як кажуць, не наламаць дроў, даверыць гэтую справу Богу. Па-другое, спакойна паразмаўляць з другой паловай, стараючыся зразумець яе і выслухаць, разабрацца, што падштурхнула асобу да такіх зносін. Канешне, варта пастарацца прабачыць, даць магчымасць чалавеку выправіцца і не наследаваць Атэла.
– У якіх выпадках віртуальныя зносіны могуць стаць прычынай для разводу? Як гэтага пазбегнуць?
– Віртуальныя зносіны не з’яўляюцца непасрэднай прычынай для разводу, але могуць стаць першай прыступкай для сужэнскіх здрадаў, што, у сваю чаргу, можа прывесці да разводу. Віртуальныя зносіны бессаромнага характару, флірт, какецтва, рамантычныя перапіскі – гэта ўсё разнастайнасць аднаго – граху. А з кожным грахом належыць змагацца, не чакаючы, пакуль будзе позна. У такіх выпадках варта своечасова апамятацца, паставіць у такіх зносінах кропку і больш да іх не вяртацца.
– Якім чынам можна пераадолець цялесныя спакусы? Да якіх святых можна маліцца аб дары вернасці і маральнай чысціні? Што можаце параіць сужэнцам, якія перажываюць крызісныя моманты ў адносінах?
– Прыгадалася адна гісторыя, якая адбылася са мной некаторы час таму. Аднойчы я вяртаўся з касцёла. Вядома, быў у манаскім адзенні. Тады адзін малады чалавек, які працаваў у дарожнай службе, спыніў мяне і запытаўся з вялікай доляй зацікаўленасці: “Вы манах?” “Так, я манах ордэну кармелітаў босых,” – адказаў я. “Скажыце, як гэта Вы можаце жыць без жанчыны, без сэксу? Як гэта магчыма?”– нечакана спытаўся мой суразмоўца. Я не ведаў, як яму гэта папулярна і добра патлумачыць, вельмі расхваляваўся і сказаў толькі такія словы: “Гэта няпроста, але магчыма. Галоўнае – даверыцца Богу!” Тое самае хачу перадаць сужэнцам, якія перажываюць крызіс. Пераадолець крызіс няпроста, але магчыма. Асабіста я раіў бы маліцца да святых Людвіка і Зэлі Мартэн, бацькоў святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. І, канешне, прапаную пазнаёміцца з гэтай кананізаванай сям’ёй бліжэй. У час крызісу прыгадайце наступныя словы з паслання святога Паўла да Карынцянаў: “Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць” (1 Кар 13, 4-7). Будзьце ж і вы цярплівымі адно да аднаго!
Гутарыла Марта Венславовіч
