Абраз Маці Божай Падхорнай у Глыбокім

Абраз Маці Божай Падхорнай. Фота з папяровага абразка 1924 года, які захоўваецца ў адной з глыбоцкіх сем’яў.

У касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім, у капліцы, якая знаходзіцца на правы бок ад алтара, можна ўбачыць вялікага памеру абраз, каторы мае дзіўную назву – “Маці Божая Падхорная”. Першаўзорам для глыбоцкага абраза з’яўляецца абраз Багародзіцы, што знаходзіцца ў базіліцы Маці Божай Большай (Santa Maria Maggiore) у Рыме. Паводле традыцыі, у 352 годзе Папа Ліберый і багаты гараджанін Ян убачылі ў сне Маці Божую, Якая сказала ім пабудаваць базіліку на пагорку, на каторым пасярод лета выпадзе снег.

У гэтай базіліцы знаходзіцца шанаваны абраз Маці Божай, каторы праз тое здарэнне са снегам называюць “Маці Божая Снежная”, а афіцыйна – Маці Божая Уратаванне Рымскага Народа (Salus Populi Romani). Той абраз быў намаляваны ў візантыйскім стылі ў ХІІ стагоддзі. У 1568 годзе Папа Пій V распаўсюдзіў культ гэтага абраза на ўвесь Касцёл, і намаляваныя на яго ўзор выявы сталі з’яўляцца па касцёлах усяго хрысціянскага свету.

Паводле мастацтвазнаўцаў, глыбоцкі абраз быў створаны ці ў канцы XVII, ці ў першай палове XVIII стагоддзяў. Езуіт кс. Алёізы Фрыдрых, калі складаў шматтомную кнігу “Historye cudownych obrazów Najświętszej Maryi Panny w Polsce”, выдадзеную ў 1902 годзе ў Кракаве, асабіста прыязджаў у Глыбокае, каб даведацца пра абраз.

Паводле аўтара, абраз быў створаны не ў Глыбокім. Яго прывезлі айцы-кармеліты босыя, якія з 1642 года мелі тут свой кляштар, “з Віцебскай губерні”. У часы, калі кс. Фрыдрых рыхтаваў кнігу, да Віцебскай губерні належалі Віцебск, Полацк і паўднёва-ўсходняя частка сучаснай Латвіі. Глыбокае належала да Віленскай губерні. Значыць, абраз трапіў у Глыбокае нават не з блізкіх ваколіц, а з адлегласці ў некалькі дзясяткаў або соцень кіламетраў.

У Глыбокім айцы-кармеліты мелі касцёл пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Цяпер гэта праваслаўны Кафедральны сабор Нараджэння Багародзіцы. Уваход у святыню пільнуюць масіўныя дубовыя дзверы з арнаментам, які паходзіць з XVII стагоддзя. Вось там, адразу за дзвярыма на правы бок, пад касцельным хорам была капліца. Гэтай капліцай апекавалася брацтва Найсвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай, якое складалася са свецкіх вернікаў з Глыбокага і наваколля. Менавіта ў гэтай капліцы пад хорамі і быў змешчаны абраз Маці Божай. Праз гэта ўзнікла і замацавалася за абразом назва “Маці Божая Падхорная”.

Некаторыя звесткі пра капліцу і абраз мы можам знайсці ў інвентары кляштара кармелітаў, які быў складзены ў 1830 годзе і цяпер захоўваецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Вільні. Аўтар інвентара ўжывае да абраза ў капліцы назву “Падхорная” і піша, што абраз быў пакрыты мядзянай пабеленай шатай. Над выявамі Маці Божай і Дзіцятка Езуса былі срэбныя кароны з каштоўнымі камянямі. Алтар у капліцы быў упрыгожаны драўлянай разьбой, памаляванай у розныя колеры, і фігурамі анёлаў, некаторыя з якіх былі выяўленыя сярод аблокаў.

Капліца Маці Божай Падхорнай. Фота Ежы Хопэна, са збораў Літоўскага музея мастацтваў, limis.lt.

Два анёлы трымалі над абразом пазалочаную калону, а ў іншым месцы была пазалочаная выява імя Марыя з дванаццацю выразанымі з дрэва і пазалочанымі зоркамі. Да абраза былі прымацаваныя 96 вотаў – упрыгожванняў, якія пакідалі людзі на знак падзякі за атрыманыя Божыя ласкі. Акрамя вотаў, пры абразе знаходзіўся ордэн Святога Станіслава (адна з найвышэйшых узнагародаў у Рэчы Паспалітай) і крыж, упрыгожаны трыма дыяментамі. Каля абраза была срэбная выява адбітка ступні Маці Божай, прымацаваная на срэбным ланцужку, “для пацалавання тым, якія ўваходзяць і выходзяць”, з надпісам аб адпусце. Таксама ў капліцы было пяць рэліквіярыяў з рэліквіямі святых. На штодзень абраз Маці Божай Падхорнай быў закрыты іншым абразом, з выявай Маці Божай Балеснай, Якая трымае на руках цела Езуса, знятага з крыжа. Так часта рабілі з асабліва шанаванымі абразамі, а прыклад такога закрывання аднаго абраза іншым мы можам убачыць у санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе.

Кс. Алёізы Фрыдрых піша, што абраз стаў вядомы цудамі яшчэ да таго, як яго прывезлі ў Глыбокае. У Глыбокім цуды працягнуліся. Айцы-кармеліты ахінулі гэты абраз вялікай пашанай. Кожную нядзелю пасля галоўнай Імшы яны маліліся адмыслова складзенай літаніяй, а пасля нешпараў разам з вернікамі спявалі песню да Маці Божай Падхорнай. Гэтая песня, падобна, была складзеная яшчэ ў XVIII стагоддзі, а яе тэкст захаваўся да нашага часу. Вось урывак:

Не так прыгожае сонца ў сваёй велічы,
Калі плыве ў глыбіні нябёснага шляху,
Як паказалася прыгажосць,
Калі Марыя заззяла ў Глыбокім.

Кс. Фрыдрых прыводзіць прыклады цудаў, якія Бог чыніў з тымі, хто ўшаноўваў глыбоцкі абраз, – ратаваліся тыя, хто тануў, аздараўляліся калекі. У 1837 годзе Ян Садоўскі, які не валодаў ні рукой, ні нагой, прыйшоўшы з кійком у Глыбокае, вымаліў перад абразом сабе аздараўленне. У тым жа годзе прынеслі ў касцёл паралізаваную жонку Фаустына Заянчкоўскага, якая пасля малітвы ўстала і на сваіх нагах вярнулася дахаты. У 1854 годзе пасля малітвы вярнуліся да жыцця двое дзяцей Шараневічаў, якіх у непрытомным стане дасталі з вады. Айцы-кармеліты даўней запісвалі самыя значныя цуды ў адмысловай кнізе.

Панарама Глыбокага на акварэльным малюнку 1869 года. Справа – былы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, злева – парафіяльны касцёл Святой Тройцы.

У 1864 годзе, пасля паразы паўстання Каліноўскага, улады Расійскай імперыі забралі многія касцёлы і аддалі праваслаўнай царкве. Такі лёс напаткаў і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Глыбокім. Багатая аздоба пятнаццаці алтароў касцёла – абразы, скульптуры – была страчаная. Назаўсёды зніклі роспісы. Прапала кніга, у якой запісваліся цуды, якія Бог чыніў па малітвах каля абраза Маці Божай Падхорнай. Каталікам удалося захаваць частку абразоў і ўбранства святыні і перанесці ў парафіяльны касцёл Святой Тройцы.

Абраз Маці Божай Падхорнай таксама быў перанесены ў касцёл Святой Тройцы. Традыцыя яго ўшанавання працягнулася. Кс. Фрыдрых піша, што на ўрачыстасці Святой Тройцы і Маці Божай Шкаплернай у Глыбокае збіраліся дзесяць – дванаццаць, а то і больш тысяч людзей. Многія прыходзілі памаліцца перад абразом Маці Божай і ў буднія дні. Бог працягваў чыніць цуды. Кс. Алёізы Фрыдрых піша, што бачыў воту, якую ахвяравала 1 мая 1890 года сям’я Буткевічаў “як падзяку Маці Божай за цудоўнае аздараўленне”.

У 1902-1908 гадах парафіяльны касцёл быў разбудаваны. Ён стаў большы па плошчы, а вежы – вышэйшымі. З правага боку ад алтара была збудаваная капліца Маці Божай Падхорнай, у якой змясцілі цудадзейны абраз. Ён размяшчаўся пасярод аздаблення з драўлянай разьбы, што выяўляла аблокі і анёлаў.

Традыцыя ўшанавання Маці Божай у Падхорным абразе працягнулася і ў ХХ стагоддзі. У 1924 годзе з дазволу віленскага біскупа бласлаўлёнага Юрыя Матулевіча быў выдадзены папяровы абразок, на пярэдняй частцы якога змяшчаўся фотаздымак абраза Маці Божай Падхорнай. З тыльнага боку – “Песня аб Н. П. М. Падхорнай у Глыбоцкім абразе”, складзеная яшчэ ў часы айцоў-кармелітаў.

У 20-я — 30-я гады ХХ стагоддзя тысячы вернікаў збіраліся ў Глыбокае штогод 16 ліпеня на адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай. Выгляд капліцы Маці Божай таго часу вядомы па фотаздымку Ежы Хопэна, прафесара Універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні, зробленым у 30-я гады ХХ стагоддзя. На абодвух здымках мы можам бачыць, што абраз быў пакрыты шатамі, на галовах Маці Божай і Дзіцятка Езуса былі кароны, а ўсю прастору паміж постацямі і рамай абраза займалі дзясяткі вотаў. Звяртае на сябе ўвагу крыж – магчыма, той самы “з трыма дыяментамі”, які згадваецца ў інвентары 1830 года. У пачатку 90-х гадоў адбылася рэстаўрацыя абраза, падчас якой шаты і воты знялі. Цяпер тыя воты можна ўбачыць у капліцы ў рамках побач з абразом. Яны ўяўляюць сабой розныя выявы: сэрца, чалавек на каленях, рука, нага, нават конь.

Сучасны выгляд

Касцёл ушаноўваў Маці Божую ад пачатку сваёй гісторыі і будзе ўшаноўваць да сканчэння свету. Варта, аднак, памятаць і па магчымасці падтрымліваць і захоўваць мясцовыя традыцыі ўшанавання Маці Божай, якія існавалі ў розных мясцовасцях нашага краю.

Кастусь Шыталь

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі