Кожная пятніца для католіка – дзень асаблівы. Гэта час успаміну Хрыстовай ахвяры. Касцёл заклікае нас у гэты дзень да пакаяння і ўстрымання ад мяса. Але гэта зусім не значыць, што стол павінен быць бедным, а стравы на ім – нясмачнымі. Мы падрыхтавалі для вас тры рэцэпты, якія дапамогуць зрабіць пятнічную вячэру цёплай, смачнай і незвычайнай.
Запечаная рыба з гароднінай – святочны варыянт
Калі хочацца зрабіць стол больш урачыстым і прыгожым, то варта звярнуцца да рэцэпту запечанай рыбы. Гэтая страва выглядае святочна, а гатуецца проста.
Складнікі:
- Філе белай рыбы (падыдзе мінтай, судак) – 500 г;
- Папрыка, цукіні, часнок, цыбуля;
- Аліўкавы алей, лімон, соль, перац, сухія травы (размарын, чабор);
Прыгатаванне:
- Нарэжце гародніну кольцамі або буйнымі кавалкамі;
- У форму для запякання выкладзіце гародніну, зверху – рыбу, пасля паліце алеем і сокам лімона;
- Запякайце ў духоўцы пры тэмпературы 180 С каля 20-25 хвілін. Падавайце з рысам або адварной бульбай.
Вегетарыянскі суп-пюрэ з грыбоў
Гарачая першая страва цудоўна сагравае і стварае настрой. Грыбны суп з крэмавай тэкстурай – гэта багацце густу без грама мяса.
Складнікі:
- 300 г свежых шампіньёнаў або лясных грыбоў;
- 1 цыбуліна і 1 морква;
- 200 мл вяршкоў (20%);
- Соль, перац, мускатны арэх, раслінны алей.
Прыгатаванне:
- Абсмажце дробна нарэзаную цыбулю і моркву. Дадайце нарэзаныя грыбы і тушыце да гатоўнасці.
- Перакладзіце ўсё ў рондаль, даліце вады, давядзіце да кіпення. Варыце 10 хвілін.
- Узбіце суп блэндарам да аднароднасці. Уліце вяршкі, дадайце спецыі і зноў падагрэйце, не даводзячы да кіпення.
Бульба, тушаная з грыбамі і смятанай
Гэта страва – сапраўдная класіка беларускай поснай кухні. Яна не патрабуе экзатычных прадуктаў, а атрымліваецца вельмі смачнай.
Складнікі:
- 6-8 бульбін;
- 300 г свежых шампіньёнаў;
- 1 цыбуліна;
- 200 мл смятаны;
- Соль , чорны перац, лаўровы ліст;
- 2-3 сталовыя лыжкі расліннага алею.
Прыгатаванне:
- Бульбу ачысціце і нарэжце буйнымі кавалкамі (як на суп);
- Дробна пакрышыце цыбулю, грыбы нарэжце пласцінкамі;
- У глыбокай патэльні або каструлі разагрэйце алей. Спачатку абсмажце цыбулю, потым дадайце грыбы і смажце, пакуль не выпарыцца вадкасць.
- Да грыбоў дадайце бульбу, заліце вадой так, каб яна ледзь прыкрывала бульбу. Дадайце соль, перац і лаўровы ліст.
- Уліце смятану, перамяшайце і тушыце яшчэ 5 хвілін. Не даводзьце да кіпення.
- Падавайце гарачым, пасыпаўшы свежай зелянінай (пятрушкай ці кропам).
Дарагія чытачы! Заўсёды трымайцеся галоўнага прынцыпу пятніцы: ешце ўсё, што дазволена, але не ешце адно аднаго. Тады ўстрыманне прынясе карысць і сапраўдны духоўны плён.
Падрыхтавала Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!