Анімацыя “Нябесны замак Лапута”

Сярод аўтараў, захопленых ідэяй палёту, асаблівае месца займае японскі аніматар Хаяо Міядзакі. З фільма ў фільм яго персанажы лётаюць ці шукаюць спосабу адарвацца ад зямлі – на планёры ці самалёце, на ровары з прапелерам ці на мятле, праз чараўніцтва ці іншыя складаныя механізмы. Нават яго ўласная анімацыйная студыя Ghibli атрымала сваю назву ў гонар італьянскага ваеннага самалёта. Спрадвечная мара чалавека лётаць чырвонай ніткай праходзіць праз усю шматгадовую творчасць майстра, але ці не найлепш яна была раскрытая яшчэ сорак гадоў таму, калі ў жніўні 1986-га на экраны выйшла карціна “Нябесны замак Лапута”.

У начным небе плыве дырыжабль. Урадавыя агенты на чале з палкоўнікам Мускам перавозяць выкрадзеную дзяўчынку – сірату Сіту. Раптам сярод аблокаў паказваецца некалькі кропак. Яны імкліва растуць, набліжаюцца да дырыжабля і… апынаюцца бандай паветраных піратаў, якія таксама хочуць выкрасці дзяўчынку. Ушчынаецца бой. У шуме і неразбярысе Сіта спрабуе ўцячы ад адных і іншых. На агромністай вышыні яна вылазіць з акна і спрабуе перабрацца ў іншую каюту, але, напалоханая пагоняй, саслізгвае і зрываецца ў бездань…

Нават найлепшым кінакарцінам звычайна патрэбны час, каб знайсці кантакт з гледачом, стварыць эмацыйную блізкасць з персанажамі, зацікавіць гісторыяй. Часта бывае так, што ты пранікаешся і расчульваешся фільмам на кульмінацыі ці ў самым канцы стужкі. Але “Нябесны замак” мае рэдкую асаблівасць – глыбока крануць першай жа сцэнай.

Дзяўчынка зрываецца з дырыжабля ў цёмную прорву начных хмар, і наступае цішыня. Яе парушаюць адзінокія ноты фартэпіяна, і пад пяшчотную, поўную меланхоліі мелодыю перад гледачом разгортваецца гісторыя гэтага свету, гісторыя імкнення чалавека да неба – ад вынаходніцтва першых лятальных апаратаў да стварэння складаных інжынерных канструкцый і цэлых лятучых выспаў.

Музыка нарастае, дасягае кульмінацыі, і мы вяртаемся да сцэны ў начным небе. Непрытомная дзяўчынка каменем падае скрозь цёмныя хмары – і раптам кулон на яе шыі ўспыхвае яркім святлом, падзенне ўміг запавольваецца і пераўтвараецца ў палёт. Гэта нібы асобны невялічкі фільм унутры фільма – са сваёй завязкай, развіццём, кульмінацыяй і фіналам, ад якога шчыміць сэрца і перахоплівае дыханне.

Сіту заўважае хлопец Пазу, таксама сірата, які працуе механікам у шахцёрскім мястэчку. Ён забірае дзяўчынку да сябе дамоў, і ранкам яна апрытомлівае. Дзеці хутка знаходзяць агульную мову і становяцца сябрамі. Сіта заўважае ў доме Пазу незвычайны фотаздымак, і хлопец тлумачыць, што ён зроблены яго бацькам. На здымку выяўлена Лапута – міфічная лятучая выспа, якую Пазу хоча аднойчы адшукаць. Тым часам пераследнікі знаходзяць месца, куды ўпала дзяўчынка. У мястэчка прыбываюць урадавыя агенты, атрады ваенных і банда піратаў. Усе яны хочуць завалодаць кулонам Сіты, бо ён можа паказаць шлях да легендарнай лятучай выспы – месца незлічонага багацця, вялізнай моцы і бязмежнай улады.

Гісторыя, якая разгортваецца далей, уяўляе сабой цудоўную прыгоду, поўную смяротных небяспек і незямной прыгажосці. Фільм выдатна балансуе між гэтымі крайнасцямі і гарманічна сумяшчае розныя рытмы і настроі. Эпізоды вострасюжэтных пагоняў і боек раз-пораз змяняюцца сцэнамі быту, момантамі зацішша і шчырых, даверлівых размоў, а разлітая ў паветры меланхолія і смутак шчодра разбаўленыя паэтычнасцю і гумарам. Увагу трымае і цікавая дынаміка між персанажамі. Будучы простымі самі па сабе, героі жыва раскрываюцца ў складаных абставінах і ўзаемадзеянні. Безумоўная сімпатыя Сіты і Пазу, якая, здаецца, бывае толькі між дзецьмі, абуджае прагу да непасрэднасці і шчырасці.

У той жа час тры фракцыі антаганістаў праяўляюць сябе цалкам па-рознаму. Хтосьці аказваецца сапраўдным служкам зла, хтосьці, хутчэй, камічным недарэкам, а хтосьці толькі маскіруецца пад ліхадзея, каб нечакана аказацца сябрам.

Эмацыйная моц гісторыі ў многім трымаецца на пачуцці настальгіі, смутку па страчанай велічы. Аднак калі сутнасць легендарнай лятучай выспы з мінулага адкрываецца гледачу ва ўсёй сваёй жахлівасці, пачуццё настальгіі быццам перанакіроўваецца, абарачваецца смуткам па страчанай чысціні, па нечым жывым, чалавечым і нават дзіцячым. Акрамя захапляльнага сюжэту і зачаравальнай анімацыі, гэтае пачуццё ў многім фарміруе музыка. Для фільма кампазітар Дзё Хісаісі, які працаваў амаль над усімі карцінамі Міядзакі, напісаў ці не найлепшую сваю кампазіцыю. Гучаць у ёй і водгук далёкага мінулага – парослага травой, закінутага і забытага; і бясконцая туга – туга людзей па небе і палёце, і адчай самаахвяравання, якое неабходна, каб не даць злу адрадзіцца.

“Добрыя заклёны не дзейнічаюць, калі не ведаеш дрэннага”. Гэтыя словы Сіты абазначаюць адну з галоўных тэмаў фільма – вечны кругазварот дабра і зла. Усяму добраму ў гэтым свеце спадарожнічае магчымасць злога, і рана ці позна стваральныя пачынанні абарачваюцца маральным падзеннем. Так, чыстая мара людзей пра палёт з часам выраджаецца ў прагу панавання – і нараджае пачварную імперыю. Аднак зло па самой сваёй сутнасці асуджанае на паразу, бо схільнае да самазнішчэння. Ніводная імперыя не можа выстаяць доўга, а ачышчальны час вяртае прыгажосць і некранутасць руінам былога. Аскепкі старых імперый пакрываюцца травой, затопленыя гарады мінулага становяцца домам для рыб, а баявыя робаты, страціўшы ваенных камандзіраў, знаходзяць сабе мэту існавання ў клопаце пра закінуты сад і гнёзды птушак. І гэта адзін з найпрыгажэйшых вобразаў “Нябеснага замка Лапута”.

Стах Лысы

для друку для друку