Рытм збаўлення: Леў XIV пра сутнасць нядзелі і літургічнага часу

Папа Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі прысвяціў сваю катэхезу літургічнаму году, падкрэсліўшы цэнтральнае значэнне нядзельнай Эўхарыстыі ў жыцці кожнага верніка.

12 жніўня 2026 года падчас агульнай аўдыенцыі, якая з прычыны летняй спёкі прайшла ў Базіліцы Святога Пятра, Леў XIV разважаў пра значэнне і каштоўнасць літургічнага года. Ён спаслаўся на пяты раздзел канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору «Sacrosanctum Сoncilium», падкрэсліўшы, што літургічны год – гэта не просты ўспамін падзей мінулага, але пастаяннае ажыццяўленне справы збаўлення, якую Хрыстус здзяйсняе ў гісторыі.

Папа адзначыў, што праз цыкл літургічнага года Касцёл застаецца ў кантакце з адкупленчым дзеяннем Пана, а вернікі напаўняюцца Яго ласкай. «Сустрэча з Езусам, памерлым і ўваскрослым за нас, – гэта мэта, якую Касцёл заўсёды ставіць перад сабой», — сказаў Святы Айцец, адзначыўшы цэнтральнае месца Пасхальнай таямніцы.

Асобна Пантыфік спыніўся на нядзелі, якую айцы Сабору назвалі «падмуркам і ядром літургічнага года» і «першапачатковым святочным днём». Ён нагадаў вучэнне святога Яна Паўла II, паводле якога нядзеля – гэта дзень Пана, дзень Касцёла, дзень чалавека і «дзень дзён».

Папа Леў XIV падкрэсліў, што для асвячэння нядзелі неабходна ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, а літургічны сход вернікаў не можа быць заменены выключна віртуальнай прысутнасцю. У гэтай сувязі ён заклікаў шукаць найлепшыя ўмовы, каб у святой Імшы маглі ўдзельнічаць і тыя, хто ў нядзелю не мае магчымасці не працаваць.

Леў XIV таксама распавёў пра развіццё літургічнага года: ад штотыднёвай Пасхі, да якой з ІІ стагоддзя дадалася штогадовая Пасха, да развіцця цыклу Божага Нараджэння, ушанавання Найсвяцейшай Панны Марыі, мучанікаў і іншых святых.

Папы нагадаў, што літургічны год вядзе вернікаў ад чакання Месіі праз паўнату Пасхальнай таямніцы да прадчування будучай славы і з’яўляецца асноўным арыенцірам для ўсёй душпастырскай дзейнасці.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку