Пахвалёны Езус Хрыстус! Вітаю ўсіх мамаў у нашай рубрыцы. Мінулы раз мы разглядалі прычыны мацярынскай трывожнасці. Сёння абмяркуем тыя выпадкі, калі мама не можа справіцца без дапамогі спецыялістаў.
- Парушэнне сну
Гаворка ідзе не проста пра моманты недасыпання праз дамашнія справы, начныя кармленні і да т.п. Нервовая сістэма, якая працуе ў рэжыме пастаяннага напружвання, пачынае блакаваць здольнасць арганізма адпачываць.
Моманты, на якія варта звярнуць увагу: вы не можаце заснуць і лежыце па некалькі гадзін нават ва ўмовах начной цемры, цішыні і супакою; адсутнічае «глыбокая фаза» сну: нават заснуўшы, вы чуеце кожны рух, гук, шоргат.
Хранічнае недасыпанне можа стаць прычынай развіцця панічных атак і дэпрэсіі.
- Гіперкантроль
Любая мама, канешне ж, клапоціцца пра здароўе і бяспеку дзіцяці. Але варта прыслухацца да сябе, ці не з’яўляюцца думкі кшталту: “Калі я кантралюю кожную секунду, з маім дзіцем нічога дрэннага не здарыцца. Як толькі я адвярнуся, адбудзецца катастрофа”.
Моманты, на якія варта звярнуць увагу: пастаянны кантроль, каторы знясільвае фізічна і маральна не толькі маму, але і людзей, што знаходзяцца побач з ёй; няздольнасць спакойна дэлегаваць абавязкі па выхаванні і доглядзе дзіцяці іншым, нават самым блізкім людзям; трывога і жаданне кантролю становіцца большымі за элементарныя жыццёвыя патрэбы: памыцца, паесці, пабыць у цішыні і г.д.
- Фізічны стан
Калі мама доўгі час знаходзіцца ў напружанні, увесь арганізм прыходзіць у «баявую гатоўнасць». Нервовая сістэма падае мозгу знакі пастаяннай небяспекі, і гэта прыводзіць да збою працы жыццёва важных органаў.
Моманты, на якія варта звярнуць увагу: тахікардыя, частыя галаўныя болі, пачуццё недахопу паветра.
- Жаданне сацыяльнай ізаляцыі
Адзін з самых трывожных момантаў – жаданне мамы закрыцца ад навакольнага свету і пазбягаць стасункаў з іншымі людзьмі. Часта гэта азначае, што жанчына зусім знясіленая і не мае рэсурсу. Усе сілы ідуць на падтрыманне свайго жыцця і клопат пра дзіця. Таму рэчы, якія раней прыносілі радасць і задавальненне, цалкам трацяць сэнс.
Важна ведаць, што, калі мама знаходзіцца ў стане цяжкага псіхалагічнага крызісу і закрываецца ад свету, звярнуцца па кваліфікаваную дапамогу можна бясплатна, ананімна і кругласутачна.
133 – кароткі нумар экстраннай псіхалагічнай дапамогі ў Беларусі. Званок бясплатны з любых мабільных і стацыянарных тэлефонаў.
Каб атрымаць накіраванне на псіхалагічную дапамогу, можна звяртацца ў медыцынскія ўстановы па месцы жыхарства, а таксама да прыватных спецыялістаў.
Галоўнае – своечасова адчуць і не занядбоўваць свае трывожныя станы, не застацца з імі сам-насам.
Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
