Святарскае Брацтва cвятога Пія Х (FSSPX) – міжнароднае каталіцкае аб’яднанне святароў-традыцыяналістаў – збіраецца высвяціць новых біскупаў. Святы Пасад на гэта згоды не дае і пагражае ў выпадку непаслухмянасці экскамунікай. Але падобна, што гэтыя пагрозы чальцоў Брацтва не спыняць.
Што за FSSPX
Брацтва cвятога Пія X узнікла ў 1970 годзе. Яно адхіляе шматлікія новаўвядзенні Другога Ватыканскага сабора, у тым ліку цэлебруе Імшу паводле дарэформеннага імшалу. Заснаваў Брацтва французскі арцыбіскуп Марсэль Лефеўр. У 1988 годзе ён, адчуваючы набліжэнне смерці і не жадаючы залежнасці FSSPX ад старонніх біскупаў, разам з бразільскім біскупам Антоніа дэ Кастра Маерам пасвяціў без санкцыі Папы Рымскага чатырох новых біскупаў: Бернара Фэле, Уільяма Рычардсана, Альфонса дэ Галарэту і Бернара Тысье дэ Маллер. І хоць Лефеўр спрабаваў апраўдаць свае дзеянні кананічным правам, ужо на наступны дзень Кангрэгацыя па справах біскупаў экскамунікавала і тых біскупаў, якія высвячалі, і тых, якіх высвяцілі. А частка святароў, каторыя не падтрымалі хіратоніі біскупаў без дазволу Ватыкана, выйшла з Брацтва і пры ўхваленні Святога Пасада стварыла Брацтва Святога Пятра.
У пантыфікат Бэнэдыкта XVI стасункі паміж Рымам і Брацтвам аднавіліся. А ў 2009 годзе нават была знятая экскамуніка біскупаў FSSPX. У 2016 годзе Святы Пасад надзяліў святароў Брацтва пастаяннай кананічнай юрысдыкцыяй для адпушчэння грахоў усім католікам, а праз год іх таксама дазволілі дапускаць да заключэння касцельнага шлюбу.
Станам на сакавік 2021 года ў Брацтве было 676 святароў у 36 краінах, у тым ліку ў Беларусі, 760 цэнтраў правядзення Імшаў, 159 прыяратаў, 135 законнікаў, 82 сястры-аплаткі, 190 семінарыстаў у пяці семінарыях і 63 студэнты-дасемінарысты ў трох дасемінарыях. У 2025 годзе Кангрэгацыя сясцёр Таварыства святога Пія X налічвала 245 законніц. На сёння ў FSSPX ёсць два біскупы – дэ Галарэта і Фэле.
Планы новага пасвячэння
Нягледзячы на пацяпленне стасункаў, 2 лютага 2026 года ксёндз Давідэ Пальярані, генеральны настаяцель Брацтва, абвясціў пра планы правесці новыя біскупскія пасвячэнні 1 ліпеня. Ён адзначыў, што некалькі разоў звяртаўся да Святога Айца, у тым ліку ў пытанні новых біскупаў, але ў атрыманым адказе «зусім не ўлічаная наша прапанова, і ў ім няма нічога, што адпавядала б нашым просьбам».
У FSSPX заяўляюць, што новыя пасвячэнні без згоды Рыма не зʼяўляюцца расколам, бо не суправаджаюцца раскольніцкім намерам або стварэннем новай юрысдыкцыі.
А само рашэнне тлумачыцца «крайняй неабходнасцю, у якой сёння знаходзяцца душы, Брацтва і Касцёл», бо «фундаментальныя прычыны, што апраўдалі пасвячэнні 1988 года, усё яшчэ існуюць і ў многіх адносінах зноў падахвочваюць нас да дзеяння з новай сілай». Асабліва ў Брацтве адпрэчваюць многія заявы і дзеянні Папы Францішка і працяг яго курсу Львом XIV. «Колькасць душаў, якія звярнуліся да нас, з гадамі павялічылася, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе. Ігнараваць іх патрэбы і пакідаць іх азначала б здрадзіць ім, а значыць, і самому Касцёлу, бо Касцёл існуе дзеля душаў», – заяўляе Пальярані.
Паводле яго, Брацтва «ніякім чынам не прэтэндуе на тое, каб заняць месца Касцёла або ўзяць на сябе яго місію. Наадварот, яно захоўвае глыбокае ўсведамленне, што існуе выключна для служэння яму, пакладаючыся выключна на тое, што сам Касцёл заўсёды і ўсюды абвяшчаў, у што верыў і што практыкаваў».
Пальярані кажа, што любыя кананічныя пакаранні з боку Святога Пасаду «не будуць мець рэальнага эфекту» для Брацтва. Але калі яны ўсё ж будуць вынесеныя, FSSPX, «безумоўна, прыме гэтыя новае пакуты без горычы, як яно прымала мінулыя пакуты, і шчыра прапануе іх на карысць Касцёла». Паводле яго, Брацтва «будзе працягваць працаваць у меру сваіх магчымасцяў, застаючыся верным каталіцкай традыцыі і пакорліва служачы Касцёлу, адказваючы на патрэбы душаў. Яно таксама будзе працягваць маліцца з сыноўняй адданасцю за Папу, як рабіла гэта заўсёды, чакаючы дня, калі яно будзе вызваленае ад любых несправядлівых санкцый, як гэта было ў 2009 годзе. Мы ўпэўненыя, што аднойчы рымскія ўлады з удзячнасцю прызнаюць, што гэтыя біскупскія пасвячэнні паводле Провіду спрыялі захаванню веры ў славу Божую і выратаванню душаў», – дадае ён.
Ватыкан прапанаваў кампраміс
12 лютага ў Ватыкане з ухвалення Папы адбылася сустрэча Пальярані з кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам, прэфектам Дыкастэрыі дактрыны веры. На ёй Святы Пасад прапанаваў шлях багаслоўскага дыялогу, накіраванага на забеспячэнне «мінімальных патрабаванняў» для поўных стасункаў Брацтва з Касцёлам.

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі дактрыны веры і ксёндз Давідэ Пальярані, генеральны настаяцель Брацтва.
У сваёй заяве Дыкастэрыя ахарактарызавала сустрэчу як «сардэчную і шчырую». Гэтак, на ёй былі абмеркаваныя пытанні, узнятыя Брацтвам у сваіх лістах у 2017-2019 гадах. Апроч таго, кардынал Фернандэс прапанаваў шлях багаслоўскага дыялогу датычна тэмаў, «якія яшчэ недастаткова растлумачаныя», уключаючы адрозненне паміж «актам веры» і «паслухмянасцю веры», а таксама рознай ступені згоды з рознымі тэкстамі Другога Ватыканскага сабора.
Пры гэтым Святы Пасад зноў падкрэсліў, што пасвячэнне біскупаў без мандата рымскага пантыфіка пацягне за сабой «вырашальны разрыў касцельных стасункаў», а менавіта «раскол», з «сурʼёзнымі наступствамі для таварыства ў цэлым».
З гэтай прычыны Ватыкан прапанаваў не праводзіць біскупскія пасвячэнні 1 ліпеня.
Але FSSPX гэтыя прапановы адрынула. Пальярані ў сваім адказе ад 18 лютага хоць і вітаў «пачатак дактрынальнай дыскусіі», заявіў, што Брацтва не можа «прыняць перспектыву і мэты, у імя якіх Дыкастэрыя прапануе аднавіць дыялог у цяперашняй сітуацыі, а таксама перанос даты 1 ліпеня». Ён патлумачыў гэта тым, што бакі не змогуць «прыйсці да згоды ў дактрынальным плане, асабліва ў дачыненні да асноўных напрамкаў, прынятых пасля Другога Ватыканскага Сабору». Пагрозы ж накласці санкцыі на Брацтва за новыя пасвячэнні ён назваў «наўрад ці сумяшчальнымі з сапраўдным жаданнем братэрскага абмену і канструктыўнага дыялогу». Ды і папярэдні дыялог са Святым Пасадам, заявіў святар, «скончыўся рэзка, аднабаковым рашэннем кардынала Мюлера, прэфекта Кангрэгацыі Дактрыны веры, які ў чэрвені 2017 года ўрачыста ўсталяваў, па-свойму, «мінімальныя патрабаванні для поўных стасункаў з Каталіцкім Касцёлам», наўпрост уключыўшы ў іх увесь сабор і паслясаборны перыяд».
Пальярані папрасіў Фернандэса як пастыра аб «міласэрнасці», да якога той сам заклікаў, неаднаразова выступаючы «за слуханне» і разуменне нестандартных, складаных, выключных і прыватных сітуацый». Ён папрасіў у яго «ні прывілеяў, ні нават кананічнай легалізацыі», а дазволу для Брацтва і далей «працягваць тварыць гэта ж дабро для душаў, якім яно ўдзяляе святыя сакраманты». «Вы таксама жадалі, каб выкарыстанне права заўсёды было пастырскім, гнуткім і разумным, не прэтэндуючы на развязанне ўсяго з дапамогай прававога аўтаматызму і загадзя ўстаноўленых рамак. У гэты момант таварыства просіць ад вас толькі аднаго і перадусім не для сябе: яно просіць пра гэта за тыя душы, якіх, як ужо было абяцана Святому Айцу, яно не мае іншага намеру, акрамя як зрабіць праўдзівымі дзецьмі Рымскага Касцёла», – адзначае Пальярані.
Ці можна быць католікам без лучнасці з Рымам?
Думкі аналітыкаў і каментатараў адносна рашэння FSSPX падзяліліся. У той час, як некаторыя адзначаюць, што раз Святы Пасад не экскамунікаваў «нямецкі сінадальны шлях», то павінен даць палёгку і Брацтву. Аднак у такога падыходу ёсць і шмат крытыкаў.
Лары Чэп на старонках амерыканскага National Catholic Register піша, што прыхільнікі нямецкага сінадальнага шляху «з усім яго багаслоўскім варʼяцтвам» хоць і дзейнічаюць «хітра і зманліва», «не абвясцілі пра раскольніцкі акт, у межах якога яны вырашылі б самастойна высвячаць біскупаў без папскага мандата, або пачаць высвячаць жанчын, або здзяйсняць аднаполыя шлюбы без папскага ўхвалення». Ён адзначае, што пакуль яны дзейнічаюць у межах правілаў, устаноўленых кананічным правам, у адрозненне ад FSSPX, планаваныя дзеянні якога «цягнуць за сабой пакаранне ў выглядзе аўтаматычнага адлучэння ад Касцёла».
Чэп адзначае, што спробы Брацтва апраўдаць свае дзеянні існым дазволам на пасвячэнні ў надзвычайных абставінах, магчымыя ва ўмовах рэпрэсіўных палітычных рэжымаў або геаграфічнай аддаленасці, – «гэта смяхотная глупства». Ён таксама адпрэчвае супрацьпастаўленні «сучаснага настаўніцтва» «праўдзіваму настаўніцтву сапраўднай традыцыі», пра якую кажуць чальцы FSSPX. Чэп прызнае, што ў Касцёле сапраўды існуе крызіс, калі шырока распаўсюджаная нязгода з афіцыйнай навукай па самых розных пытаннях, ад маральнай тэалогіі да эклезіялогіі і хрысталогіі. Але, кажа ён, Брацтва замест таго, каб змагацца «з гэтай сумнай тэндэнцыяй, фактычна зʼяўляецца яе часткай, займаючыся сваёй уласнай версіяй багаслоўскай нязгоды».
Звяртае ўвагу Чэп і на «бесклапотнае» стаўленне FSSPX да магчымага адлучэння. На яго думку, «праўдзівы традыцыяналіст зненавідзеў бы раскол і баяўся б поўнага сэнсу адлучэння ад Касцёла». Паколькі іх гэта не турбуе, піша доктар багаслоўя, то «яны толькі прыкідваюцца каталікамі па псіхалагічных, культурных і палітычных прычынах, якія не маюць нічога агульнага з выратаваннем». На яго думку, Брацтва «аддае замкнёнай і культавай адданасцю ілжывай, рамантызаванай версіі каталіцтва, якога ніколі не існавала». «Калі FSSPX хоча займацца раскольніцкімі дзеяннямі, то яго варта і трэба адлучыць ад Касцёла. Хай так і будзе. Бо ў такім разе Касцёлу будзе лепш без яго. І тое ж самае я скажу і пра нямецкі сінадальны шлях, калі аднойчы яны вырашаць раскалоцца з Рымам. Бывалі добрыя Папы і дрэнныя Папы. І ніводны Папа не застрахаваны ад любой крытыкі. Але Каталіцкі Касцёл ёсць і заўсёды будзе sub Petro et cum Petro», – падкрэслівае Чэп.
Кардынал Герхард Людвіг Мюлер, былы прэфект Кангрэгацыі Дактрыны веры, таксама заўважае ў сваім каментары, што фундаментальным крытэрыем каталіцтва ёсць поўная еднасць з Папам – не толькі ў веры, але і ў юрысдыкцыі і паслухмянасці. Ён адзначае, што раскол можа паўстаць нават у колах, якія ў значнай ступені прытрымліваюцца дактрынальнай артадоксіі, калі парушаецца адзінства з законнай уладай. «Не толькі таварыства святога Пія, але і большасць католікаў справядліва наракаюць на тое, што пад падставай абнаўлення Касцёла – у працэсе самасекулярызацыі – у яго праніклі вялікія нявызначанасці ў дагматычных пытаннях і нават ерасі. Аднак нават за двухтысячагадовую гісторыю Касцёла ерасі, ад арыянства да мадэрнізму, былі пераадоленыя толькі тымі, хто застаўся ўнутры Касцёла і не адступіў ад Папы», – піша кардынал.
На яго думку, калі Брацтва хоча аказаць пазітыўны ўплыў на гісторыю Касцёла, «яно не можа змагацца за сапраўдную веру звонку, удалечыні ад Касцёла, абʼяднанага з Папам, а толькі ўнутры Касцёла, разам з Папам». У адваротным выпадку, заяўляе Мюлер, іх пратэст застанецца неэфектыўным і будзе высмеяны ерэтычнымі групамі.
На думку кардынала, адзіным шляхам для Брацтва было б фармальнае і практычнае прызнанне Папы Рымскага, падпарадкаванне яго вучэнню і юрысдыкцыі, а затым рэгуляванне яго кананічнага статусу (напрыклад, з дапамогай структуры персанальнай прэлатуры). Каб FSSPX «разам са сваімі біскупамі, святарамі і свецкімі прызнала нашага Святога Айца, Папу Льва XIV, не толькі ў тэорыі, але і на практыцы, законным папам і безумоўна падпарадкавалася яго вучэнню і юрысдыкцыі».
Як бы там ні было, піша Міхал Юзьвяк, галоўны рэдактар сайта misyjne.pl, «вернікам, звязаным з лефеўрыстамі, быў бы карысным пошук хаця б невялікіх шляхоў дыялогу». У цэлым жа, на яго думку, курс у стасунках з Брацтвам, абраны Львом XIV, вызначыць, якімі будуць гэтыя адносіны ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Мечыслаў Гапановіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!