Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
У жыцці людзей час ад часу здараюцца моманты, калі страх, няўпэўненасць або цяжкія выпрабаванні зачыняюць дзверы нашага сэрца, як калісьці замкнуліся ад перапалоху апосталы пасля смерці Езуса. Мы шукаем паратунку, але бачым толькі цемру ўласных сумненняў. Вучні Хрыста, якія пасля смерці Езуса, напоўненыя бояззю, замкнуліся ў доме, былі цалкам змучаныя падзеямі Вялікага тыдня. Іх душы балелі ад няўпэўненасці, іх вера хісталася, бо ўсё, што яны бачылі, у што верылі і чакалі, раптам, здавалася, скончылася ў жахлівай смерці на Крыжы. У гэтых умовах, поўных адчаю і страху, Езус з’яўляецца ім і з пранізлівым спакоем кажа: «Спакой вам!» (Ян 20, 19). Гэтыя словы — не проста ветлівае прывітанне, а глыбокае сцвярджэнне, дараванне Божага супакою, які ў Бібліі — гбр. שָׁלוֹם (šālōm) — азначае не толькі адсутнасць вайны, але і цэласнасць, дабрабыт, паўнату жыцця з Богам. Гэта сапраўдная сутнасць новага жыцця, якое прабіваецца праз цемру і сумненні, праз зачыненыя дзверы страху.
Уваскрослы Хрыстус ужо не падуладны смерці — Яго раны на руках і баку, якія Ён з любоўю паказвае вучням, сталі не знакам пакутаў, а слаўнымі знакамі перамогі над грахом і смерцю. Гэта раны, якія сведчаць аб Яго ахвярнай любові, праз якія прыходзіць нашае збаўленне. У іх мы бачым, як Божая любоў пераўтварае цярпенне ў крыніцу жыцця і надзеі. Супакой, які дае Езус, не залежыць ад знешніх абставінаў, ад змены палітычнай сітуацыі ці адсутнасці пагроз. Гэта не супакой свету, які так часта знікае разам з адсутнасцю праблем, а нешта значна большае — гэта дар, які пераўтварае самыя глыбіні сэрцаў, робіць людзей моцнымі і непахіснымі нават у самых цяжкіх выпрабаваннях, дазваляючы ім захоўваць надзею і веру.
Хрыстус не толькі дае вучням гэты ўнутраны супакой — Ён накіроўвае іх у свет з высакароднай і важнай місіяй. «Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас» (Ян 20, 21), — кажа Ён, давяраючы ім працяг свайго служэння. Гэтыя словы падкрэсліваюць уладу і аўтарытэт, якія перадаюцца вучням. Гэта не проста рэкамендацыя, а Боскае пакліканне (грэц. ἀποστέллω, ад якога паходзіць слова «апостал», што азначае «той, хто пасланы»). У гэты момант адбываецца фундаментальная перамена ў іх жыцці: вучні пераходзяць ад ізаляванасці, схаванай за зачыненымі дзвярыма з-за страху, да служэння і адказнасці за нясенне Добрай Навіны. Гэта новае пакліканне, у якім яны становяцца жывымі сведкамі Рэзурэкцыі, што змяніла ход гісторыі. Вера не можа быць зачынена ў асабістай прасторы сэрца — яна патрабуе дзеяння, патрабуе несці святло Божага Валадарства іншым, дзяліцца ім з кожным, хто мае патрэбу ў надзеі. Гэты заклік Хрыста, які гучыць у Евангеллі, актуальны і для нас сёння, для кожнага хрысціяніна. Мы пакліканы несці міласэрнасць, быць знакам Божай любові для тых, хто жыве ў цемры нявер’я, у хаосе сумневаў, у болю адчаю. Езус не толькі напаўняе вучняў духоўным спакоем, але дае ім вялікае заданне — несці гэтую ласку далей, каб яна пралівалася на ўсіх людзей.
Каб яны маглі годна і з моцаю выканаць сваю місію, Хрыстус дыхнуў на іх і сказаў: «Прыміце Духа Святога» (Ян 20, 22). Гэты сімвалічны акт нагадвае нам пра момант стварэння чалавека, калі Пан Бог стварыў яго з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця (пар. Быц 2, 7), робячы яго жывой істотай. Цяпер жа Уваскрослы Збаўца здзяйсняе новае стварэнне — не фізічнае, а духоўнае, якое цалкам абнаўляе чалавека. Гэтае «дыханне» з’яўляецца своеасаблівым прадвеснікам Пяцідзясятніцы, у якім вучні атрымліваюць першыя дары Духа, неабходныя для іх місіі, у першую чаргу — для адпушчэння грахоў.
Вучні атрымліваюць асаблівую моц, якая робіць іх здольнымі адпускаць грахі, удзельнічаць у святарстве Новага Запавету, несці Божую міласэрнасць і збаўленне ва ўвесь свет. Дух Святы становіцца тым, хто перамяняе іх знутры, дае ім здольнасць жыць не паводле цела, якое схільнае да слабасці і граху, а паводле ласкі, якая ўмацоўвае і асвячае. Гэта асаблівы, лёсавызначальны момант для Касцёла, бо тут закладзены яго падмурак, яго моц, яго пакліканне быць жывым знакам Божага збаўлення для ўсіх народаў на зямлі. Гэты дар Духа Святога дазваляе Касцёлу працягваць справу Хрыста ва ўсе часы, нясучы святло Добрай Навіны ў самыя далёкія куткі свету, асабліва праз сакрамэнт пакаяння, які аднаўляе чалавека ў Божай ласцы і адкрывае шлях да сапраўднага прымірэння з Богам і бліжнім. Гэта ўлада адпускаць грахі з’яўляецца канкрэтным праяўленнем Божай міласэрнасці, якая пераўзыходзіць усялякую чалавечую логіку, што сведчыць пра бясконцую любоў Нябеснага Айца.
Але не ўсе вучні прысутнічалі пры першым з’яўленні Хрыста. Тамаш, адзін з Дванаццаці, не быў з імі, і калі пачуў ад іншых пра неверагоднае ўваскрасенне, застаўся глыбока скептычным. «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу» (Ян 20, 25), — цвёрда заявіў ён. Гэтыя словы Тамаша раскрываюць глыбокую праблему чалавека — часам нам вельмі цяжка давяраць без бачання, цяжка прыняць нешта, не маючы канкрэтнага, адчувальнага досведу.
У нашым жыцці таксама часта бываюць моманты, калі мы сумняваемся, калі нашая вера патрабуе знакаў, пэўных сведчанняў, каб умацавацца. Але ў адказ на гэты сумнеў Езус з’яўляецца зноў праз восем дзён, што з’яўляецца прадвеснікам нядзельнага дня як дня Пана, і, што важна, не папракае Тамаша за яго недаверлівасць, а з любоўю запрашае яго да асабістага досведу веры. «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым» (Ян 20, 27). Хрыстус разумее слабасць чалавека, Ён ведае, што шлях да веры часам ідзе праз пошук, праз пытанні, праз жаданне пераканацца, і Ён гатовы даць магчымасць пераканацца, калі гэта неабходна для ўмацавання веры. У гэтым праяўляецца асаблівая міласэрнасць Пана, які не пакідае нікога ў яго духоўнай самоце.
Адказ Тамаша — магутнае, пранізлівае вызнанне веры: «Пан мой і Бог мой!» (Ян 20, 28). Гэтыя словы — сапраўдная кульмінацыя яго трансфармацыі, момант, калі сумненні знікаюць, а сэрца напаўняецца поўным даверам. Тамаш пераходзіць ад скептычнага сумневу да цвёрдай перакананасці, ад адчайнага пошуку да поўнага, бязмежнага даверу да Уваскрослага. Гэтая заява з’яўляецца найвышэйшым хрысталагічным вызнаннем у Евангеллі паводле Яна, якое пацвярджае поўную боскасць Езуса. Вера — гэта не проста інтэлектуальнае пагадненне з нейкай ідэяй ці абстрактнай канцэпцыяй, а жывая, дынамічная сувязь з Богам, асабістая сустрэча з Тым, хто ў корані перамяняе наша існаванне, напаўняючы яго новую перспектывай і выразным накірункам. Хрыстус кажа яму: «Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў» (Ян 20, 29). Гэта благаслаўленне для ўсіх нас, хто жыве верай, не маючы магчымасці фізічна бачыць Езуса, але верыць Яму і Яго слову.
Запрашэнне да глыбокага даверу і разумення, што вера адкрываецца не праз зрок, а праз духоўнае пазнанне, праз сэрца, адкрытае на дзеянне Божай ласкі, якая «дае асалоду ўсім, хто прымае праўду і верыць у яе». Гэта нагадвае нам, што праўдзівае пазнанне Бога ляжыць у тым, што мы адчуваем духам і верай, якая вядзе нас да глыбокага яднання з таямніцай Хрыста. Гэтая вера з’яўляецца «зарукай таго, на што мы спадзяёмся, і доказам таго, чаго мы не бачым». Яна дазваляе нам бачыць рэальнасць, нябачную для вачэй, праз прыняцце Божага слова і сакрамэнтаў.
Сённяшняе Евангелле ярка паказвае нам глыбіню Божай міласэрнасці і нагадвае пра наша пакліканне быць сведкамі. «Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае» (Ян 20, 31). Гэтыя словы падсумоўваюць усю сутнасць хрысціянскай веры і нагадваюць, што вера — гэта шлях да вечнага жыцця і збаўлення. Мы пакліканы несці веру іншым, быць жывым знакам Божай любові ў свеце, які так мае патрэбу ў надзеі. Хрыстус дыхае на нас, напаўняючы Духам Святым, каб мы маглі жыць Яго ласкай і дзяліцца гэтым Божым жыццём з кожным чалавекам.
Няхай гэты дар спакою, які дае Уваскрослы Хрыстус, напаўняе нашыя сэрцы, каб мы былі адважнымі сведкамі Яго праўды, заўсёды памятаючы, што нашае жыццё ў Хрысце — гэта бесперапыннае пілігрымаванне да той паўнаты, да якой запрашае нас Бог. Кожная Эўхарыстыя, у якой мы ўдзельнічаем, з’яўляецца сустрэчай з Уваскрослым, падобнай да той, што перажылі Апосталы: хоць дзверы нашых сэрцаў часам бываюць зачыненыя ад страху, Ён прыходзіць, становіцца пасярэдзіне і дорыць свой спакой, умацоўваючы нас для нашага служэння ў свеце. Мы пакліканыя быць прыладамі Яго міласэрнасці, нясучы святло надзеі туды, дзе пануе цемра роспачы. Няхай жа кожны з нас, натхнёны прыкладам вучняў, адкрые сваё сэрца на Уваскрослага Пана, прыме Яго дар спакою і, напоўнены Духам Святым, адважна сведчыць аб Яго прысутнасці ў нашым жыцці і свеце.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
