Папа да Дыкастэрыі веравучэння: перадача веры – неадкладнае пытанне

Касцёл пакліканы абвяшчаць Хрыста без самавыстаўлення і замыкання на ўласных інтарэсах – у ім кожны з’яўляецца і павінен успрымаць сябе заўсёды і выключна “простым і пакорным работнікам вінаградніка Пана”, — адзначыў Папа.

29 студзеня 2026 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай сесіі Дыкастэрыі веравучэння. Ён падзякаваў кіраўніцтву і супрацоўнікам гэтага ватыканскага ведамства за служэнне, якое яны здзяйсняюць, каб дапамагаць “Рымскаму Пантыфіку і біскупам у абвяшчэнні Евангелля ва ўсім свеце, прасоўваючы і ахоўваючы цэласнасць каталіцкага вучэння аб веры і маралі, чэрпаючы з дэпазіту веры і шукаючы ў ім усё больш глыбокае разуменне перад абліччам новых выклікаў”.

Праца, якая спрыяе духоўнаму росту

“Ваша задача – даваць паясненні адносна вучэння Касцёла праз пастырскія і тэалагічныя ўказанні па пытаннях, часта вельмі далікатных”, — адзначыў Папа. Ён нагадаў, што за апошнія гады Дыкастэрыя веравучэння выдала шэраг дакументаў на розныя тэмы, у тым ліку аб сапраўднасці сакрамэнтаў, годнасці чалавека, распазнаванні меркаваных звышнатуральных аб’яўленняў і пасланняў, штучным інтэлекце, марыйных тытулах, а таксама аб манагаміі і каштоўнасці сужэнства.

“Такая вялікая праца, безумоўна, вельмі спрыяе духоўнаму росту святога і вернага Божага народа. У кантэксце змены эпохі, якую мы перажываем, яна дае вернікам своечасовае і яснае слова Касцёла, асабліва адносна новых феноменаў, якія з’яўляюцца на сцэне гісторыі”, — падкрэсліў Пантыфік.

Евангелізацыя – неадкладная патрэба ў наш час

Папа Леў XIV высока ацаніў той факт, што Дыкастэрыя веравучэння прысвяціла сваё сёлетняе пленарнае пасяджэнне тэме перадачы веры – пытанню вялікай неадкладнасці ў наш час.

“Мы сапраўды не можам ігнараваць “тое, што ў апошнія дзесяцігоддзі сярод каталіцкага народу адбыўся разрыў у перадачы хрысціянскай веры паміж пакаленнямі”, і што, асабліва ў краінах старажытнай евангелізацыі, павялічваецца колькасць тых, хто ўжо не ўспрымае Евангелле як фундаментальную каштоўнасць для ўласнага жыцця, асабліва сярод новых пакаленняў. Насамрэч, нямала юнакоў і дзяўчат жывуць без усялякай аглядкі на Бога і на Касцёл, і калі з аднаго боку гэта выклікае боль у нас, вернікаў, то з другога – павінна заахвочваць нас нанова адкрываць для сябе “салодкую і суцяшальную радасць евангелізацыі”, якая знаходзіцца ў самым сэрцы жыцця і місіі Нявесты Хрыстовай”, — сказаў Пантыфік.

Прыцягвае не Касцёл, а Хрыстус

“Як я ўжо казаў падчас нядаўняга надзвычайнага кансісторыя, мы “хочам быць Касцёлам, які не глядзіць толькі на самога сябе, які з’яўляецца місіянерскім, які глядзіць далей – на іншых”; Касцёлам, які абвяшчае Евангелле, у першую чаргу, дзякуючы сіле прываблівання, што шматразова сцвярджалі мае папярэднікі Папа Бэнэдыкт XVI і Папа Францішак”, — дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што асновай жыцця Хрыстовага Цела з’яўляецца “любоў Айца, адкрытая нам ва ўцелаўлёным Сыне, які прысутнічае і дзейнічае ў нас праз дар Духа”. “Таму “прываблівае не Касцёл, а Хрыстус, і калі хрысціянін ці касцельная супольнасць прыцягваюць да сябе, то толькі таму, што праз гэты “канал” прыходзіць жыццядайная лімфа Любові, што выцякае з Сэрца Збаўцы”, — нагадаў Святы Айцец.

“Касцёл абвяшчае Хрыста без самавыстаўлення і замыкання на ўласных інтарэсах – у ім кожны з’яўляецца і павінен успрымаць сябе заўсёды і выключна “простым і пакорным работнікам вінаградніка Пана”, — дадаў Папа.

Паважаць патрабаванні справядлівасці, праўды і любові

На заканчэнне прамовы Папа Леў XIV пажадаў, каб Дыкастэрыя веравучэння заўсёды добразычліва і разважліва дапамагала біскупам і найвышэйшым настаяцелям, пакліканым займацца справамі аб злачынствах, разгляд якіх знаходзіцца ў кампетэнцыі гэтага ведамства. “Гэта вельмі далікатная сфера служэння, дзе фундаментальна рабіць так, каб заўсёды шанаваліся і паважаліся патрабаванні справядлівасці, праўды і любові”, — сказаў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку