І чарнявыя, і бялявыя… : антонімы ў сучаснай беларускай мове

У папярэдніх артыкулах моўнай рубрыкі мы разглядалі некаторыя асаблівасці выкарыстання ў беларускай мове паронімаў, сінонімаў і амонімаў. І каб лагічна закончыць характарыстыку падобных груп слоў, сёння пагаворым крыху пра антонімы.

Антонімы (ад грэц. аnti – супраць i onyma – імя) – пары слоў адной часціны мовы з супрацьлеглым значэннем: далёкі – блізкі, вялікі – малы, сябар – вораг, цёпла – халодна і г.д. У мове яны ўжываюцца з рознымі мэтамі, але найперш для больш яскравага, мастацкага апісання пэўных з’яў, прадметаў, якасцяў. Таму звычайна мы бачым антонімы ў творах мастацкай літаратуры, у прыказках, прымаўках, загадках. У якасці ілюстрацыі прыгадайма наступны фрагмент з апавядання Алеся Разанава: Чалавек – гэта два чалавекі, як дзве далоні, што лепяць суладна снежку, ці перакідваюць, каб утрымаць жарыну: адзін з іх – пачатак, другі – завяршэнне, адзін з іх – выток, а другі – суток, адзін з іх – прычына, другі з іх – вынік, адзін з іх – пытанне, другі – адказ

Ці, напрыклад, чытаем у Васіля Блакіта: I ўвогуле было дзіўнае ўражанне, быццам яго ўнутранае «я» раздвоілася, размежавалася, як святло і цемень, як плюс і мінус, і кожнае хоча перасіліць, перацягнуць на свой бок. У гэтых двух кантэкстах словы з супрацьлеглым значэннем адыгрываюць надзвычай важную мастацкую ролю, дапамагаюць стварыць адпаведны вобраз і надаць патрэбную афарбоўку апісанню.

“Адначасовае ўжыванне некалькіх пар антонімаў у адным кантэксце спрыяе кантраснаму размежаванню падзей, фактаў, з’яў, працэсаў на станоўчае і адмоўнае”, – заўважае вядомы беларускі даследчык лексікі У. Лазоўскі.

У якасці выразнай ілюстрацыі гэтага можна прывесці радкі з белага верша Максіма Танка, дзе дастаткова выразна і па-мастацку вытанчана перададзеныя ў межах адносна невялікага фрагмента апазіцыйныя семы слоў: праўда – няпраўда, чорныбелы, дружбаварожасць, быццёнебыццё, жывымёртвы:

Ёсць не меней важныя,

Як і дзяржаўныя,

Хоць і не астаўбаваныя,

Граніцы –

Граніцы паміж праўдай

І няпраўдай,

Паміж чорным колерам

і белым,

Дружбай і варожасцю,

Быццём і небыццём,

Жывой вадой і мёртвай,

Агнём, што грэе

I што ўсе знішчае, –

Граніцы,

Якія нельга бяскарна

Парушаць

I пакідаць без абароны.

Як бачна, антонімы аўтар ставіць у тэксце побач, каб максімальна дакладна данесці да чытача думку пра супрацьлегласці. Гэтаму ж спрыяе і наяўнасць у сказе з антонімамі злучнікаў а або але: Што тут цікавага? Тут не смяяцца, а плакаць трэба (Пятрусь Броўка); Чамусьці верылася, што пойдзе сухі марозны снег, а не стане хлюпаць мокры з дажджом (Алесь Жук); Ты, Зорах, на гнілых падпорках згарыш, як порах. / Ты мне не друг, а вораг (Змітрок Бядуля); Кастрычніцкі пераварот ён сустрэў спакойна, без асаблівай радасці, але і без гора (Васіль Быкаў); “Ай!” – ускрыкнуў я, укалоўшы аб нешта пальцы. I хацеў ужо нават заплакаць, але тата мой засмяяўся (Янка Брыль).

У мастацкіх тэкстах антонімы нярэдка злучаюцца пры дапамозе злучальных злучнікаў іі, а таксама пералічальна-размеркавальных ціці: От жа Ярмалініха распладзілася, сказаць, у добры час. І чарнявыя, і бялявыя, і даўганосыя, і кірпатыя (Кузьма Чорны); Ці я ўжо такая дурная, ці ты такі разумны (Якуб Колас).

Варта таксама адзначыць, што некаторыя назвы вядомых твораў беларускай літаратуры пабудаваныя акурат паводле прынцыпу антаніміі. Так, да прыкладу, нярэдка звяртаўся да згаданага прыёму Янка Купала. Прыгадаем яго творы “Ён і яна”, “Яна і я”, “Тут і там”, “Бот і лапаць”. А ў Ніла Гілевіча ёсць верш “Ці ачнёмся?”, які па сутнасці цалкам заснаваны на антонімах.

Такім чынам, антонімы з’яўляюцца, безумоўна, важным элементам беларускай лексікі. Найчасцей мы сустракаемся з імі ў мове мастацкай літаратуры, знаходзім ва ўстойлівых спалучэннях, загадках ці фальклорных тэкстах. Але выкарыстанне антонімаў і ў вуснай камунікацыі, у штодзённай вербальнай практыцы расквечвае нашае маўленне, надае яму яскравасць і выразнасць.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял дапаможа нашым чытачам лепш арыентавацца ў лексічным багацці беларускай мовы, паспрыяе разуменню важнасці кожнага вымаўленага ці напісанага слова.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку