Фільм “Артур, ты кароль” (Arthur the King)

Кінастужка, што пабачыла свет у 2024 годзе, – гэта экранізацыя дакументальнай кнігі Мікаэля Ліндарда “Артур: Сабака, які прайшоў джунглі, каб знайсці дом”.

Кніга заснаваная на рэальных падзеях і распавядае пра чэмпіянат свету па прыгодніцкіх гонках, які праводзіліся ў Эквадоры. На ім у адной з камандаў здарылася нечаканая падзея: на пачатку выпрабаванняў да іх далучыўся сабака. Артур, такую мянушку атрымала жывёла, прайшоў 700 кіламетраў, нягледзячы на тое, што гонка праходзіла ў дзікіх джунглях.

На першы погляд, гэта чарговая кранальная гісторыя пра прыгоды мілай і вельмі смелай жывёлы. Але давайце бліжэй разгледзім сюжэт і пазнаёмімся з героямі фільма.

Майкл Лайт – амерыканскі спартсмен, удзельнічае ў незвычайных спаборніцтвах. Разам з камандай аднадумцаў яму неабходна пераадолець трасу па дзікай мясцовасці. Майкл – амбіцыйны і самаўпэўнены капітан каманды, ён не слухае парадаў і меркавання паплечнікаў і вырашае плысці на байдарках супраць цячэння. Гэта стала татальнай памылкай, каманда пацярпела паражэнне, а канфлікт паміж Майклам і чальцом каманды блогерам Леа трапіў у сацыяльныя сеткі і разляцеўся па свеце.

Прайшлі тры гады, Майкл жыве са сваёй сям’ёй, працуе на фірме бацькі, адчувае сябе нерэалізаваным і час ад часу пераглядае тое знакамітае відэа.

А чэмпіянат па экстрэмальных гонках арганізоўваюць чарговы раз. Жонка Майкла, яго каханне і падтрымка, дапамагае мужу прыняць важнае рашэнне – удзельнічаць у спаборніцтвах. Гэта апошні шанец заваяваць перамогу, і мужчына вырашае зноў збіраць каманду.

Шчыра кажучы, гэтая каманда – не самыя перспектыўныя для перамогі людзі. Маладая скалалазка Алівія, якая займаецца спортам, толькі каб парадаваць бацьку, і не імкнецца да высокіх вынікаў, Чыка – ужо немалады спартсмен, каторага выгналі з папярэдняй каманды праз траўму калена. А яшчэ спонсары настойваюць на ўдзеле таго самага блогера Леа.

Становіцца зразумелым, што спонсары абсалютна не вераць ні ў Майка як капітана, ні ў перамогу каманды. Ім важна “завірусіцца” ў сацыяльных сетках і такім чынам звярнуць на сябе ўвагу.

Так распачынаюцца прыгоды чатырох спартсменаў. Дарэчы, у спаборніцтвах удзельнічаюць 54  каманды з 30 краін свету. Траса складаецца з чатырох этапаў: трэкінг, скалалажанне, веласпорт і каякінг. Самае цікавае распачынаецца яшчэ перад пачаткам чэмпіянату. Каб дасягнуць перамогі, чатыром зусім розным людзям, якія маюць свае жыццёвыя цяжкасці і нявырашаныя канфлікты, трэба стаць камандай.

А яшчэ нечакана да Майкла і яго паплечнікаў далучаецца бяздомны сабака. Напачатку жывёлу ўспрынялі як дадатковы клопат, але з цягам часу Артур становіцца сапраўдным сябрам.

Якая каманда перамагла ў чэмпіянаце, вы даведаецеся падчас прагляду. А яшчэ атрымаеце асалоду ад прыгожых краявідаў Дамініканскай Рэспублікі (менавіта там праходзілі спаборніцтвы) і напружанага экшну, пра які паклапаціліся сцэнарысты.

Асноўныя тэмы фільма – гэта, відавочна, экстрэмальны спорт, сяброўства чалавека і жывёлы, а таксама жывёлы і чалавека.

Але ёсць і не менш глыбокія пытанні, што ўзнікаюць падчас прагляду: як перамагчы свой эгаізм і ці варта разлічваць толькі на сябе, калі ты капітан каманды? Ці могуць зусім розныя людзі стаць прыяцелямі, каб разам ісці да перамогі? Што важнейшае: перамога або чацвераногі сябра, які давярае табе жыццё і патрабуе дапамогі?

Вікторыя Філіпенка

для друку для друку