Робэрт Прэвост, які нарадзіўся ў Чыкага, стаў першым Папам Рымскім з тэрыторыі Злучаных Штатаў. І хоць улады краіны актыўна віталі яго абранне, гісторыя каталіцтва на амерыканскіх землях была нялёгкай, а часам нават трагічнай.
Карані каталіцтва на тэрыторыі брытанскіх калоній, якія пазней сталі Злучанымі Штатамі Амерыкі, сягаюць пачатку XVII стагоддзя. Важную ролю ў гэтым адыграў брытанскі палітык-католік Джордж Калверт, першы барон Балтымора. Сам сутыкаючыся з пераследам у пратэстанцкай Англіі, ён ініцыяваў стварэнне бяспечнай калоніі ў Амерыцы, куды б маглі перасяляцца англійскія і ірландскія католікі. У 1632 годзе яна атрымала назву Мэрылэнд – «Зямля Марыі», афіцыйна ў гонар англійскай каралевы-каталічкі Генрыеты Марыі Французскай.
Але і тут, у Новым Свеце, брытанскія католікі сутыкнуліся з пераследам з боку пратэстанцкай, пурытанскай большасці, якая праз свой радыкалізм таксама мусіла пакінуць Англію, дзяржаўнай канфесіяй каторай было англіканства. У 1688 годзе каталіцтва нават забаранілі ў Мэрылэндзе. З сур’ёзнымі перашкодамі і гвалтоўнымі канфліктамі католікі сутыкаліся і ў іншых калоніях. Там існавала нават асобнае антыкаталіцкае свята – Папская ноч 5 лістапада.
Першае істотнае змяненне стаўлення да каталікоў звязанае з вайной за незалежнасць 1775-1783 гадоў, калі шмат каталікоў – як мясцовых, гэтак і з кантыненту (у тым ліку нараджэнец Беларусі Тадэвуш Касцюшка) – уключыліся ў змаганне супраць брытанскіх каланіяльных войскаў.
Таксама важнай была і падтрымка рэспубліканцаў з боку каталіцкай Францыі.
У 1784 годзе Папа Пій VI заснаваў асобную апостальскую прэфектуру для ЗША, якая ў 1789 годзе стала дыяцэзіяй Балтымора, што ў Мэрылэндзе. Да таго амерыканскія католікі належалі да апостальскага вікарыяту з цэнтрам у Лондане. На той момант у маладой дзяржаве жыло 25 тыс. католікаў, або 2% насельніцтва краіны. Апекавалася імі толькі 25 святароў. Першым біскупам стаў езуіт Джон Кэрал.
Тэрытарыяльная экспансія ЗША павялічвала і колькасць католікаў у краіне. У 1803 годзе Злучаныя Штаты набылі французскую калонію Луізіяну, у 1819 годзе была далучаная іспанская Фларыда. У выніку канфліктаў з Мексікай у 1845-1848 гадах у склад ЗША ўвайшлі Тэхас, Нью-Мексіка і Паўночная Каліфорнія. На ўсіх гэтых землях, каланізацыя якіх Іспаніяй пачалася за сто гадоў да ўзнікнення брытанскіх калоніяў, жыло шмат католікаў.
Значны рост каталіцкага насельніцтва быў выкліканы і актыўным прытокам новых мігрантаў з-за акіяну: перадусім з Ірландыі, але таксама з Нямеччыны, а пазней з Італіі і іншых краін Усходняй Еўропы. Як вынік у 1820 годзе колькасць католікаў павялічылася да 200 тысяч чалавек. У 1850 годзе іх было ўжо каля 1,6 мільёна, а пад канец XIX стагоддзя колькасць католікаў вырасла да 12 мільёнаў чалавек.
Імклівы рост каталіцкага насельніцтва патрабаваў і новых адміністрацыйных рашэнняў. У 1808 годзе дыяцэзія Балтымора была павышаная да архідыяцэзіі, узніклі дыяцэзіі Бостана, Нью-Ёрка, Філадэльфіі і Бардстаўна. У 1852, 1866 і 1884 гадах прайшлі Балтыморскія рады біскупаў, якія фармалізавалі дысцыплінарныя правілы для Касцёла ў ЗША і ўхвалілі “Балтыморскі катэхізіс”, прыстасаваны для духоўных патрэбаў амерыканскіх католікаў. У 1887 годзе быў заснаваны Амерыканскі каталіцкі ўніверсітэт. Пашыралі сваю дзейнасць таксама каталіцкія ордэны і арганізацыі ды ўзнікалі ўласныя, самая знакамітая з якіх – мужчынская арганізацыя «Рыцары Калумба», што паўстала ў 1882 годзе ў Канэктыкуце і налічвае цяпер больш як 2,1 мільёна чальцоў па ўсім свеце.
Калі да 1808 года ў ЗША былі толькі два каталіцкія біскупы, 68 святароў, 80 касцёлаў, 2 кляштары і 1 каледж, то ў 1858 годзе было ўжо 7 арцыбіскупаў, 40 біскупаў, 1740 святароў, 1824 касцёлы, 37 кляштараў і 21 каледж.
Але гэта не значыць, што ранейшыя праблемы з дыскрымінацыяй зніклі. Да рэлігійнага супрацьстаяння пратэстанцкай большасці ў дачыненні каталіцкай меншасці дадаліся новыя. Актыўны прыезд католікаў з Еўропы, якія не ведалі англійскай мовы, мелі адрозную культуру ды былі гатовыя працаваць за меншыя сродкі, выклікаў рост антымігранцкіх настрояў, што перакідваліся і на католікаў. У 1844 годзе ахвярамі пагрому ірландцаў у Філадэльфіі, напрыклад, стала больш як 20 асобаў. Негатыўнае стаўленне падмацоўвалася таксама ўпэўненасцю ў нелаяльнасці каталікоў да ўладаў ЗША: заяўлялася, што з іх дапамогай Папа будзе кантраляваць амерыканскую палітыку і грамадства.
Ідэйным лідарам пераследу каталікоў ЗША зрабілася Партыя карэнных амерыканцаў, утвораная ў 1844 годзе. А пасля грамадзянскай вайны 1861-1865 гадоў адным са сваіх прыярытэтаў змаганне з католікамі назвала і расісцкая пратэстанцкая арганізацыя Ку-Клукс-Клан (ККК). Антыкаталіцкая рыторыка актыўна выкарыстоўвалася на выбарах, пашыралася ў медыях і ўлётках. Неаднаразова кланаўцы ўступалі ў фізічнае супрацьстаянне з ужо згаданымі «Рыцарамі Калумба». А ў 1921 годзе чалец ККК застрэліў капелана гэтай арганізацыі кс. Джэймза Койла проста падчас цырымоніі шлюбу. Цярпелі католікі і ад левых арганізацыяў. Так у 1908 годзе анархіст падчас святой Імшы застрэліў кс. Леа Хайнрыкса. Абодва забітыя святары цяпер абвешчаныя Слугамі Божымі.
Змяніць стаўленне да католікаў у ЗША атрымалася ў выніку палітычнай актыўнасці. У 1928 годзе першым кандыдатам-католікам у прэзідэнты стаў Альфрэд Сміт, які, аднак, прайграў выбары праз моцную антыкаталіцкую кампанію. І толькі ў 1961 годзе, амаль праз 200 гадоў ад утварэння ЗША, краіну ўзначаліў католік – Джон Кенэдзі. Наступным прэзідэнтам-католікам у 2021 годзе стаў Джозэф Байдэн. На сёння католікі таксама займаюць найважнейшыя пасады ў кіраўніцтве ЗША – віцэ-прэзідэнта (Джэй Дзі Вэнс) і дзяржаўнага сакратара (Марка Рубіа).
Пры гэтым афіцыйныя стасункі ЗША і Ватыкан усталявалі толькі ў 1984 годзе, зноў жа праз антыкаталіцкія страхі. У 1998-2005 гадах Апостальскім нунцыем у ЗША быў калумбіец Габрыэль Мантальва, які ў 1993 годзе стаў першым нунцыем у Беларусі.
На сёння католікамі сябе лічыць чвэрць насельніцтва ЗША. Гэта найбуйнейшая царква краіны. А паводле колькасці каталіцкага насельніцтва Злучаныя Штаты з’яўляюцца чацвёртымі ў свеце пасля Бразіліі, Мексікі і Філіпінаў.
Касцёл ЗША налічвае 177 дыяцэзій лацінскага абраду, 18 усходнекаталіцкіх і два ардынарыяты. Станам на 2018 год у краіне было больш як 17 тыс. парафій.
Як мы ўжо пісалі раней, стасункі Каталіцкага епіскапату ЗША з новымі ўладамі ўскладніліся праз антыміграцыйную палітыку Вашынгтона. Крытыкаваў яе і кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост, які 8 мая 2025 года быў абраны Папам Львом XIV. Тым не менш, прэзідэнт Дональд Трамп назваў яго абранне «вялікім гонарам» для ЗША. Пажадаў новаму Папу ўсяго найлепшага і віцэ-прэзідэнт Вэнс, выказаўшы спадзеў, што ў яго «будзе доўгі і паспяховы пантыфікат».
Мечыслаў Гапановіч
