У Парэ-ле-Маніяль завяршыўся Юбілей 350-годдзя аб’яўленняў Сэрца Езуса. Рэктар санктуарыя адзначае адраджэнне духоўнасці і вяртанне да практыкі інтранізацыі ў сем’ях.
Трохгадовыя ўрачыстасці з нагоды 350-годдзя аб’яўленняў Сэрца Езуса ў Парэ-ле-Маніяль завяршыліся сапраўдным духоўным уздымам. «Францыя быццам зноў адкрыла для сябе скарб, якім валодала ўвесь час», — дзеліцца назіраннямі рэктар санктуарыя ксёндз Эцьен Керн.
Дзякуючы Юбілею пасланне, адкрытае святой Маргарыце Марыі Алякок, нанова дайшло да тысяч людзей, якія знайшлі ў Сэрцы Збаўцы суцяшэнне, міласэрнасць і духоўны агонь.
Пілігрымы, якія прыбываюць у Парэ-ле-Маніяль са сваімі ранамі і клопатамі, адкрываюць, што Езус іх суцяшае, выцірае слёзы і напаўняе даверам, кажа ксёндз Керн. Знамянальна, што сярод асоб, якія адчулі там аздараўленне, ёсць таксама ахвяры злоўжыванняў.
Важным плёнам Юбілею стаў зварот да інтранізацыі Сэрца Езуса ў сем’ях. «Я буду благаслаўляць сем’і, у якіх выява майго Сэрца будзе ўшанавана», — абяцаў Збаўца. Санктуарый падрыхтаваў спецыяльны даведнік для перажывання гэтай падзеі, што дапамагае многім сем’ям вярнуцца да супольнай малітвы.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
