4 сакавіка 2025 года амерыканскі акцёр, рэжысёр і сцэнарыст Джэсі Айзенберг атрымаў пашпарт польскага грамадзяніна. Дакумент яму асабіста ўручыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Як нашчадак польскіх габрэяў Айзенберг меў законнае права на польскае грамадзянства, аднак гэтая падзея набыла асаблівае сімвалічнае значэнне, бо напярэдадні фільм Айзенберга «Сапраўдны боль» – прысвечаны гістарычнай памяці габрэйскіх перасяленцаў – быў прадстаўлены на «Оскар» і прынёс узнагароду выканаўцу адной з галоўных роляў.
Фільм апавядае пра стрыечных братоў Дэвіда і Бэнджы, якія выпраўляюцца ў гістарычны тур па габрэйскіх мясцінах Польшчы, каб ушанаваць памяць сваёй нядаўна памерлай бабулі. У Польшчы яна нарадзілася і вырасла, перажыла жахі Халакосту і пасля вайны эмігравала ў ЗША, каб даць сваім нашчадкам магчымасць споўніць амерыканскую мару. Дэвід і Бэнджы хоць і браты, але вельмі розныя па характары і лёсе. Дэвід жыве з жонкай і дачкой у Нью-Ёрку, ён мае добрую працу і шчаслівае сямейнае жыццё, пры кожнай магчымасці тэлефануе дамоў, ён ціхі і спакойны чалавек, хіба толькі крыху замкнуты. Бэнджы, наадварот, – эксцэнтрычны і непрадказальны, ён можа ў момант са ўсімі пасябраваць ці рассварыцца, сказаць праўду ў вочы ці замкнуцца і ціха перажываць свой боль. Ён жыве ў невялічкім гарадку ў падвале мамінага дома, ён беспрацоўны і не мае сталых стасункаў. У адрозненне ад Дэвіда, ён быў вельмі блізкі з бабуляй і цяпер хаваецца за сваёй імпульсіўнасцю ад болю страты. Тур становіцца для братоў добрай магчымасцю паглыбіцца ў трагічную гісторыю сваёй сям’і і свайго народа, але разам з тым – зазірнуць углыб сябе і бліжэй спазнаць адзін аднаго.
Фільмы, якія закранаюць тэму Халакосту, часта факусуюцца на жахах канцэнтрацыйных лагераў і пакутах іх вязняў, аднак Айзенберг прапануе зірнуць на падзеі 80-гадовай даўніны з іншага ракурсу – вачыма нашчадкаў, якія прыехалі ў турыстычную вандроўку. Браты сутыкаюцца з радасцямі і складанасцямі дарогі, яны слухаюць аповеды экскурсавода і гутараць са спадарожнікамі, фатаграфуюцца на фоне помнікаў і дзеляць быт гатэльнага жыцця, жартуюць і аддаюцца рэфлексіі. Праз усе гэтыя дэталі фільм набывае лёгкі камедыйны тон.
Аднак праз турыстычнае жыццё няўмольна праступаюць паралелі з гістарычнай трагедыяй. Едучы на камфартабельным хуткасным цягніку, чуллівы Бэнджы не можа не думаць пра цягнікі, на якіх перавозілі нявольнікаў у лагеры смерці. Падчас экскурсіі ён накідваецца на гіда і просіць яго менш сыпаць датамі і лічбамі, але даць адчуць сапраўдныя лёсы людзей з мінулага. Яго імпульсіўнасць і эксцэнтрычнасць бянтэжаць спадарожнікаў, але ў той жа час заражаюць прагай асаблівым чынам перажыць гэты тур. Кульмінацыяй вандроўкі становіцца маўклівая экскурсія па канцэнтрацыйным лагеры.
Кажуць, гэта першы мастацкі фільм, які здымалі не ў дэкарацыях, а ў сапраўдным лагеры смерці.
Фільм стаў глыбока асабістай справай для рэжысёра і сцэнарыста, родныя якога нямала пацярпелі ў Другую сусветную. Карціна не стала чарговым гістарычным палатном, але, хутчэй, адлюстраваннем перажыванняў аўтара, праўдзівым пачуццём. Гэта фільм пра выхад за межы сваёй штодзённасці, пра нешта невыказанае ў сабе, пра пошук кантакту са сваёй гісторыяй і навакольнымі людзьмі, пра пошук сябе і спазнанне сваіх блізкіх. У рэшце рэшт, гэта фільм пра боль – боль гістарычнай памяці, роўна як і жыццёвы боль кожнага з нас.
Стах Лысы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!