Езус сказаў: Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец — адно.
ПАСТЫР, ЯКІ АДЗІНЫ МЯНЕ ВЕДАЕ
“Я ведаю маіх авечак”, кажа Езус, Добры Пастыр. У Святым Пісанні дзеяслоў “ведаць, знаць” азначае не проста валодаць нейкай павярхоўнай, “статыстычнай” інфармацыяй, але кажа пра глыбокую блізкасць, інтымнасць з другой асобай. Для нашага рацыяналістычнага ўспрымання веды – гэта набор пэўных дадзеных, якімі можна маніпуліраваць, ужываць на сваю карысць.
Пан Езус жа мае на ўвазе такое “веданне”, якое раскрывае найбольш глыбокую праўду пра тое, хто мы ёсць, без страху, што яна будзе выкарыстана супраць нас.
Гэтая праўда пра нас раскрывае і нашы найлепшыя рысы, усю нашу прыгажосць і веліч істотаў, створаных паводле Божага падабенства, адораных шматлікімі талентамі, але таксама і нашу крохкасць, уразлівасць, слабасць.
Калі быць цалкам шчырымі, мы павінны прызнаць, што саміх сябе не ведаем па-сапраўднаму да канца. Хіба, найлепшы евангельскі прыклад памылковай ацэнкі сваіх якасцей – гэта апостал Пётр, які праз некалькі гадзін пасля абяцання пайсці на смерць разам з Езусам тройчы адракаецца ад свайго Настаўніка. Але існуе і супрацьлеглае, не менш памылковае стаўленне: калі мы “ведаем” пра сябе толькі дрэннае і брыдкае, толькі тое, што “не так”, што хацелі б у сабе выкараніць (і найчасцей не можам).
Ёсць Хтосьці, хто нас ведае дасканала, ведае і нашу прыгажосць, і слабасць, і прымае нас такімі, якія мы ёсць, – гэта акт веры з нашага боку. Наш Стварыцель – адзіны, хто можа нам адкрыць праўду пра нас саміх, тую праўду, на якую нам часам балюча глядзець.
І толькі пад Ягоным любячым позіркам мы можам не баяцца асуджэння, а з радасным і вызваляючым здзіўленнем адчуць сябе любімымі з усёй нашай недасканаласцю.
Толькі Добры Пастыр, які аддаў жыццё за сваіх авечак, ведае наш будучы лёс: вечнасць побач з Ім, калі “вытра Бог кожную слязу з іхніх вачэй”, бо “Ягнё, якое пасярод трона, будзе пасвіць іх і вадзіць да крыніц жывой вады” (Ап 7, 17). Мы ўжо жывем вечнасцю ў гэтым зямным існаванні праз адносіны веры, праз камунію з “Ягнём, якое пасярод трона”, бо Ён дае нам сваё несмяротнае жыццё, Ён поіць нас жывой вадой ласкі Духа Святога, Ён сваім голасам указвае шлях да Айца.
УСЛУХОЎВАЦЦА Ў ГОЛАС ПАСТЫРА
“Авечкі Мае слухаюць голасу Майго”: так акрэслівае Пан Езус сувязь, што існуе паміж Ім, Добрым Пастырам, і Ягонымі вернікамі. Слова Хрыста, што праз Евангелле дасягае нас сёння, – не проста нейкі халодны закон, збор наказаў і правілаў, а жывы заклік, і ён гучыць з пэўным “тэмбрам”, які адрознівае яго ад усіх іншых. У нашым жыцці павінна гучаць гэтае слова, гэты голас, які абвяшчае праўду, нагадвае пра найбольш важнае. Так, як паводле аповеду Дзеяў Апосталаў “слова Пана пашыралася па ўсёй краіне” (Дз 13, 49), яно павінна пашырацца ў нашай рэчаіснасці і перамяняць яе, пачынаючы ад нашага сэрца, ад нашых асабістых выбараў, адносінаў з блізкімі і далёкімі, стаўлення да матэрыяльных рэчаў, працы…
Дзе тая прастора, дзе для мяне гучыць слова Пана, дзе я чую Ягоны голас?
У нашай штодзённасці гучаць шматлікія галасы, якія ўплываюць на нас, цягнуць у розныя бакі – начальнікаў, калегаў, сяброў, навінаў, рэкламы, моды…; да іх далучаюцца галасы ўнутры, якія мы “засвоілі”, калі нас выхоўвалі бацькі і іншыя дарослыя. Ці сярод гэтых галасоў ёсць месца для голасу Добрага Пастыра – найважнейшага з усіх? Ці ўмею я адрозніць Ягоны голас ад тых прапаноў, якія абяцаюць мне задавальненне і шчасце, але насамрэч ашукваюць, пакідаючы ў канчатковым выніку ў адзіноце і пакінутасці, з пачуццём расчаравання?
Няхай жа сёння і кожны дзень будзем ісці за голасам Добрага Пастыра, які вядзе нас на пашу вечнасці.
Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ
