Цітры ў фінале фільма звычайна ідуць знізу ўверх, у рэдкіх выпадках – зверху ўніз, а ў фільме «Бруталіст» – па дыяганалі. І гэта не прыхамаць і не дзівацтва рэжысёра, а спроба падпарадкаваць саму стылістыку фільма яго тэме – нялёгкаму творчаму шляху архітэктара, які працуе ў стылі бруталізму.
Ласла Тот – венгерскі архітэктар габрэйскага паходжання. Перажыўшы Халакост, ён у 1947 годзе эмігруе ў Злучаныя Штаты, але краіна мараў і магчымасцяў сустракае яго няветла. Спярша Ласла ўладкоўваецца жыць і працаваць у свайго кузэна, уладальніка мэблевага бізнесу. Ён атрымлівае замову на рэнавацыю бібліятэкі і выдатна спраўляецца з працай, але замоўца застаецца незадаволены і вырашае не плаціць падрадчыкам. Кузэн выганяе Ласла на вуліцу, і той вымушаны выжываць. Ён бярэцца за любую працу, адначасова пакутуючы ад боляў у зламаным носе, што прыводзіць яго да нарказалежнасці.
Аднак праз нейкі час лёс усміхаецца Ласла. Багацей Ван Бюрэн, замоўца бібліятэкі, паспявае ацаніць праробленую некалі выдатную працу і цяпер не толькі гатовы заплаціць, але і хоча зрабіць Ласла больш маштабную замову – пабудову вялізнага мемарыяльнага цэнтра ў памяць пра яго маці.
Калі звярнуцца да энцыклапедыі, то можна даведацца, што бруталізм – гэта кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых архітэктурных масаў. Гэтаму кірунку ўласцівая адмова ад дэкаравання будаўнічых матэрыялаў і выстаўленне на паказ натуральнай фактуры жалезабетону, цэглы, сталі, шкла. Бруталізм – гэта дэманстрацыя голых структур і грубых фактур. Першапачаткова стыль з’явіўся ў Вялікабрытаніі ў 1950-х гадах і неўзабаве распаўсюдзіўся па Еўропе, ЗША, Канадзе, Японіі, Бразіліі, а ў 1970-1980-х гадах дайшоў да Савецкага Саюза. Так, да гэтага стылю належаць Палац спорту, Палац Рэспублікі і Палац дзяцей і моладзі ў Мінску, Гродзенскі абласны драматычны тэатр і яшчэ шэраг адметных будынкаў у розных гарадах Беларусі.
Архітэктар Ласла Тот – фігура выдуманая. У яго асобе і ў яго аўтарскім стылі стваральнікі фільма хацелі паказаць абагулены вобраз архітэктара-бруталіста, а праз яго творчы шлях – пазнаёміць з самім архітэктурным кірункам, дапамагчы разглядзець яго ўнікальнасць і своеасаблівую прыгажосць.
Аднак фокус фільма часта змяшчаецца з тэмы архітэктуры на тэму нядолі эмігрантаў. Аўтары з вострай крытыкай дэманструюць непрыняцце сталым насельніцтвам Злучаных Штатаў прыезджых уцекачоў. Захапленне талентам архітэктара тут часта змяняецца на грэблівае стаўленне да іншаземца, а ў спачуванні нялёгкаму лёсу габрэйскага народа раз-пораз праглядваюць самазадаволенасць і фальш. Акцёрскі талент Эдрыена Броўдзі дазваляе не толькі пранікнуцца трагічным лёсам яго героя, але ўбачыць аб’ёмную, рэльефную асобу – чалавека спакутаванага і сціплага, але і рэзкага, таленавітага і абдоранага, але не пазбаўленага многіх чалавечых заганаў, чалавека надламанага, але з пачуццём гонару. Выяўлены ў фільме лёс эмігранта быццам паказвае само жыццё ў стылі бруталізму.
Добра гэта ці не, але структура гэтага фільма больш накіраваная на візуальную і сэнсавую адпаведнасць самому стылю бруталізму, чым на тое, каб утрымліваць увагу гледача. Выдатная акцёрская ігра выяўляе грубыя і часта непрыемныя бакі чалавечай натуры, буйства аператарскіх прыёмаў месцамі глядзіцца хаатычна, але сярод іх прамільгваюць кадры, поўныя прыгажосці. Фільм выглядае грубым і неабчэсаным, некалькі нязграбным і грувасткім, бо доўжыцца амаль тры з паловай гадзіны. Аднак нясе ён у сабе і нейкую своеасаблівую грубую красу…
Стах Лысы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
