Разважанне на XVI звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Мк 6, 30–34

“У той час:

Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.

І ўбачылі, што яны адплылі. І шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму”.

Евангельскі ўрывак гэтай нядзелі пачынаецца вяртаннем вучняў з першай місіі, якую ім даручыў Езус.

Памятаем, з Евангелля з мінулай нядзелі, што Ён высылаў іх, па двое, па гарадах і вёсках Галілеі, даючы ім моц Слова (слова, якое кранала сэрца) і моц суцяшаць, аздараўляць, дапамагаць кожнаму патрабуючаму. Евангеліст Марк, амаль не згадвае момант іх вяртання, але паказвае задавальненне вучняў і самога Езуса.

Марк піша: “Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі”. І мы можам толькі ўявіць сабе ласкавы і задаволены позірк Хрыста, калі вучні распавядалі аб здзейсненай місіі. Напэўна вучні былі шчаслівыя. Магчыма, яны мелі стомленасць. Тую стомленасць, якая заўсёды суправаджае кожнага сапраўднага “місіянера”, які забывае пра самога сябе, прысвячаючы сваё жыццё на служэнне Евангеллю.

Мы можам быць перакананыя, што многія слухалі навучанне апосталаў, многія былі аздароўлены. І калі вучні скончылі сваё апавяданне, Езус кажа ім: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Безумоўна, Настаўнік бачыў іх стомленасць і таму запрашае іх адысці ў “пустыннае месца”, каб адпачыць.

Для кожнага чалавека адпачынак з’яўляецца незаменнай фізічнай неабходнасцю. Тыя, хто прымушае сябе абыходзіцца без адпачынку, рызыкуюць знясіліцца. Сёння мы жывём у свеце, дзе чуем і выконваем толькі словы: “хутчэй”, “спяшацца”, “бегчы”, “рабіць” і г.д. У нас ніколі няма часу. Але такі лад жыцця няправільны. Папа Бенэдыкт XVI сказаў, што “мы павінны мець пакору, каб даць сабе час для адпачынку”.

Нядзелі і святы, калі іх правільна выкарыстоўваць, даюць магчымасць зламаць празмерна шалёны рытм жыцця і наладзіць больш гарманічныя адносіны з, людзьмі і, перш за ўсё, з Богам і з самім сабой.

Другая частка Евангелля падкрэслівае адну з найбольш прыкметных рысаў Езуса: тое, што Ён з’яўляецца “добрым пастырам”. Езус не раздражняецца на людзей, якія не даюць Яму спакою, але, як піша евангеліст, “злітаваўся над імі”, бачачы іх пакінутымі, “бо яны былі як авечкі без пастыра”.

Але што вымушала людзей шукаць Езуса? Яны былі захопленыя Яго словамі, Яго цудамі, тым, што Езус гаворыць не так, як кніжнікі і фарысеі, але, як той, хто мае звышпрыродную ўладу. Ён гаворыць пра Бога, аказваючы міласэрнасць і блізкасць тым, хто гэтага патрабуе. І робіць Езус гэта не з-за нейкай зацікаўленасці, а толькі таму, што Ён Добры Пастыр для кожнага, без выключэння, чалавека.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку