“Цэнтр дапамогі жыццю” праводзіць збор калядных падарункаў

Сацыяльна-дабрачынная ўстанова “Цэнтр дапамогі жыццю” праводзіць акцыю па зборы калядных падарункаў для дарослых. Арганізатары ставяць перад сабой мэту сабраць не менш за 150 падарункаў для пацыентаў хоспісаў і пацыентаў аддзяленняў сястрынскага догляду.

Установа прапануе варыянты, што купіць у падарунак:

  • цёплыя шкарпэткі – мужчынскія і жаночыя, пажадана максімальна тэматычныя навагоднія або проста яркія;
  • падарункавыя навагоднія наборы цукерак – ад 0,5 да 1 кг;
  • тэрмакубкі.

Арганізатары просяць не запакоўваць падарунак, каб яны маглі паглядзець на яго і зразумець, каму ён больш падыйдзе.

Каб перадаць рэчы ў хоспісы, можна прывезці іх у дзённы цэнтр “Цэнтра дапамогі жыццю” па адрасе: Гродна, вул. Лялевеля, 22 (уваход з адваротнага боку будынка пошты), штодзённа з 12 да 19 гадзін. Супрацоўнікі цэнтра перададуць рэчы ў тыя хоспісы, дзе іх будзе не хапаць.

Тэлефон і электронны адрас: +375 29 881 82 34, life-care-center@yandex.by

Можна заказаць і аплаціць дастаўку ў дзённы цэнтр, напрыклад, у “Е-доставка”, “Wildberries” і г.д. У гэтым выпадку патрэбна папярэдзіць супрацоўнікаў цэнтра, каб яны сустрэлі кур’ера.

Збор будзе праходзіць з 13 па 18 снежня кожны дзень з 12 да 19 гадзін.

“Цэнтр Дапамогі Жыццю” – гэта першая ў Беларусі спецыялізаваная профільная сацыяльна-дабрачынная ўстанова, якая ажыццяўляе дапамогу пацыентам дарослых аддзяленняў хоспіса. Адкрыццё Цэнтра адбылося ў Гродне 13 мая 2017 года, з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай.

“Цэнтр Дапамогі Жыццю” аказвае сацыяльную, юрыдычную, духоўную і псіхалагічную дапамогу, а таксама праводзіць шэраг разнастайных мерапрыемстваў, якія дапамагаюць пацыентам адысці ад думак пра сваё захворванне, годна жыць і радавацца жыццю, нягледзячы ні на што.

Дабрачынныя праграмы Цэнтра:

— праграма дапамогі пацыентам дарослых аддзяленняў хоспіса (дапамога ім у стацыянары, штодзённае наведванне валанцёрамі Цэнтра, падтрымка, догляд);
— патранажная праграма (падтрымка хоспісных пацыентаў дома). Пры Цэнтры працуе выязная патранажная служба, якая накіравана на адраснае аказанне дапамогі;
— праграма дапамогі спецыялізаваным аддзяленням/бальніцам сястрынскага догляду;
— дабрачынная праграма “Мары здзяйсняюцца!”

“Цэнтр Дапамогі Жыццю” – гэта:

— сацыяльная, псіхалагічная, юрыдычная, духоўная лапамога пацыенту і членам яго сям’і;
— высокі прафесійны ўзровень і душэўныя якасці супрацоўнікаў;
— дапамога ў пераадоленні страху і самотнасці;
— найбольш паўнавартаснае выкарыстанне часу жыцця, які застаўся ў чалавека;
— духоўная падтрымка чалавека любога веравызнання;
— навучанне родных навыкам догляду за хворым;
— псіхалагічная падтрымка членаў сям’і неабмежаваны перыяд часу;
— пастаяннае навучанне персаналу і валанцёраў.

Афіцыйныя групы ў сацыяльных сетках: Укантакце, Instagram, Facebook

hospicegrodno.by

для друку для друку