Фаўстына – Хрыстова нявеста без пасагу

sw_faustynaУ мясцовасці, дзе ў 1905 г. нарадзілася Гелена, будучая святая Фаўстына, не было ні школы, ні касцёла. Яе адукацыя складала тры класы, якія дапамаглі навучыцца пісаць, чытаць і трошкі лічыць. На нядзельную Імшу ў суседнюю вёску дзяўчынка хадзіла раз на 2–3 тыдні, калі наставала яе чарга апранаць святочнае адзенне. Усе гэтыя жыццёвыя абмежаванні не сталі перашкодай для аб’яўлення праз сястру Фаўстыну вялікай таямніцы Божай Міласэрнасці.

Фаўстына паходзіла з вялікай шматдзетнай сям’і. Яе бацькі былі людзьмі небагатымі, але вельмі стараннымі і пабожнымі. З 14 гадоў дзяўчынка працавала, каб дапамагчы сям’і.

Аднак матэрыяльная незабяспечанасць перашкаджала ёй рэалізаваць манаскае пакліканне. Варшаўскія манастыры замыкалі перад ёй брамы, даведаўшыся, што яна не мае адукацыі і пасагу. Нам сёння цяжка ўявіць, што асоба такой духоўнай сілы, як Фаўстына, не магла знайсці прытулку… Каб стаць сястрой у Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці, Фаўстына год працай зарабляла на адпаведны пасаг.

Вельмі часта даследчыкі падкрэсліваюць неадукаванасць сястры Фаўстыны. Але яе жыццёвы сакрэт зусім не ў адукацыі, а ў гераічнай пакоры перад Богам і людзьмі.

Яшчэ маленькай дзяўчынкай яна мела візіі. Распавядала, як бачыла аднойчы Маці Божую ў райскім садзе. Падрастаючы і больш разумеючы Божае пасланне, насуперак бацькам абрала жыццё ў кляштары. Выконвала ў законе цяжкія працы на кухні і ў агародзе. Сама распавядала, што не мела сілы падымаць цяжкае кухоннае начынне і прасіла Божай дапамогі. Аднойчы, падымаючы такую пасудзіну, каб зліць ваду, заўважыла, што яна ненатуральна лёгкая. Зняўшы накрыўку, убачыла бутоны незвычайна прыгожых чырвоных ружаў.

І сёстры, і яе спавяднік успаміналі яе як надзвычай сціплага чалавека, абсалютна далёкага ад пазёрства і людской славы. Яна ніяк не вылучалася ў манаскай супольнасці.

Святая Фаўстына атрымала ад Езуса заданне распавесці свету пра Божую Міласэрнасць. Заданне для вясковай неадукаванай законніцы невыканальнае. Як можна распаўсюджваць гэтае пасланне, мыючы кухню або капаючы агарод? Звычайны святар мае больш магчымасцей, бо можа прапаведаваць з амбоны, яшчэ больш можа біскуп або сам Папа Рымскі. А Бог захацеў паслужыцца ціхім і пакорным сэрцам Фаўстыны і выкарыстаў для збаўлення свету яе кароткае 33-гадовае, напоўненае цярпеннем жыццё. Даследчыкі падкрэсліваюць, што Фаўстына вельмі дакладна перадавала словы Езуса і тое, што Ён ёй паказаў. Яна мела дар вялікай духоўнай інтуіцыі, якая кампенсавала недахоп адукацыі.

sw_faustyna_kowalska

Сёння многія з нас, калі прыходзіць 15-я гадзіна, шукаюць магчымасці памаліцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці. А на Філіпінах на тэлебачанні ў гэтую гадзіну смерці Хрыста на кожным канале з’яўляецца абраз Езуса Міласэрнага.

Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч, марыянін

для друку для друку