Тайвань адзначае 400-годдзе прыбыцця першых каталіцкіх місіянераў

Ілюстрацыйнае фота

Некалькі сотняў католікаў — у тым ліку духавенства, кансэкраваныя асобы і вернікі — сабраліся ў горадзе Кілунг на поўначы Тайваня, каб адзначыць 400-годдзе прыбыцця на востраў першых каталіцкіх місіянераў. Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва AsiaNews, урачыстасці прайшлі ў тым месцы, дзе была заснавана першая на востраве каталіцкая супольнасць.

Юбілейную святую Імшу, якая адбылася 14 лістапада, узначаліў арцыбіскуп Тайбэя Томас Чунг. Сярод прысутных былі біскуп Сіньчжу Ян Баптыст Лі, старшыня Рэгіянальнай канферэнцыі біскупаў Кітая, а таксама арцыбіскуп-эмерыт Савіа Хон Тай-Фай, былы апостальскі Нунцый і былы сакратар Ватыканскай Кангрэгацыі па евангелізацыі народаў. Таксама прысутнічалі біскупы з усіх дыяцэзій Тайваня. Прадстаўнікі мясцовых карэнных каталіцкіх супольнасцей Кілунга прадставілі традыцыйныя песні і танцы.

У гаміліі біскуп Лі правёў паралель паміж евангельскім апавяданнем пра вучняў, якія ішлі ў Эмаус, і гісторыяй каталіцтва на Тайвані. Ён адзначыў, што першыя католікі, падобна да тых вучняў, сустрэлі Езуса, але спачатку не пазналі Яго. «Давайце вернемся да нашай місіі з такім жа запалам у сэрцах, які адчувалі яны», — заклікаў іерарх.

Сляды першай місіі.

Першыя каталіцкія місіянеры — іспанскія дамініканцы — прыбылі на Тайвань (які тады называўся Фармоза) у 1626 годзе. У перыяд з 2011 па 2019 год археолагі, якія праводзілі раскопкі на востраве Хэпін у Кілунгу, выявілі падмуркі касцёла Усіх Святых (*Todos los Santos*), пабудаванага дамініканцамі ў XVII стагоддзі. Было ўстаноўлена, што гэта рэшткі найстарэйшага каталіцкага касцёла на востраве. Касцёл быў часткай паселішча Сан-Сальвадор, заснаванага іспанцамі падчас іх шаснаццацігадовага знаходжання на поўначы Тайваня (1626–1642 гг.). Сярод знаходак былі крыж Каравакі, вялікае распяцце, прывезенае з Іспаніі, а таксама парэшткі 21 чалавека — у тым ліку еўрапейца, верагодна, місіянера. Таксама былі знойдзены скрыні з прахам дзяцей карэннага народа пінгпу. Ёсць падставы меркаваць, што святыняй карысталіся як іспанскія салдаты, так і мясцовае насельніцтва.

У жніўні 1642 года галандскія войскі захапілі Кілунг і востраў Хэпін. Пасля гэтага касцёл выкарыстоўваўся для ўтрымання іспанскіх ваеннапалонных, а пазней прызначаўся для ваенных мэтаў. З цягам часу будынак прыйшоў у заняпад і ператварыўся ў руіны.

Каталіцызм адрадзіўся на Тайвані ў 1859 годзе — пасля перапынку ў 217 гадоў, — калі сюды прыбыла чарговая група дамініканцаў і пасялілася ў паўднёвай частцы вострава. У 1950-х гадах каталіцкая супольнасць папоўнілася тысячамі кітайцаў, якія ўцяклі на Тайвань пасля таго, як у Кітаі ўладу захапілі камуністы на чале з Маа Цзэдунам.

misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач.

для друку для друку