18 лістапада 2026 года, падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра, Папа Леў XIV быў у новым пектаральным крыжы, які яму падаравалі біскупы Перу. Крыж, выраблены ювелірнай кампаніяй «Ilaria», быў уручаны Папу 12 лістапада ў Ліме падчас сустрэчы з перуанскімі біскупамі.
У гэты крыж, аздоблены перламутрам, укладзены рэліквіі пяці святых, цесна звязаных з гісторыяй Касцёла ў Перу: Ружы з Лімы, Марціна дэ Порэса, Турыбія дэ Магравеха, Хуана Масіяса і Францішка Салана — святых, якіх Папа часта згадваў у сваіх гаміліях і прамовах падчас знаходжання на перуанскай зямлі. Для размяшчэння рэліквій майстры стварылі пяць асобных невялікіх срэбных рэліквіярыяў.
У дызайне крыжа прысутнічаюць элементы, якія нагадваюць пра апостальскае падарожжа Папы Льва XIV у Паўднёвую Амерыку. На адваротным баку крыжа выгравіраваны дэвіз папскага візіту ў Перу: «Адкрыем нашы сэрцы!». Крыж зроблены са срэбра і пакрыты перламутрам — матэрыялам, які дызайнер і крэатыўны дырэктар кампаніі «Ilaria» Беатрычэ Кіябаці выбрала за яго ззянне, вытанчанасць і чысціню.
На рамёнах крыжа ёсць элементы, натхнёныя гербам Папы Льва XIV, а менавіта — пэндзлікі і лілея. Гэты падарунак мае асаблівае значэнне. Святы Айцец пражыў у Перу шмат гадоў — у розныя перыяды паміж 1985 і 2023 гадамі — спачатку як місіянер, а пазней як біскуп.
Ён атрымаў гэты пектаральны крыж як напамін пра візіт на сваю «другую радзіму». Тое, што Папа надзеў гэты падарунак ужо на першую агульную аўдыенцыю, стала цёплым жэстам у адрас біскупаў Перу.
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
