У Касцёле не існуе традыцыі святкаваць дзень зямнога нараджэння святых. Звычайна святкуюць дзень іх нараджэння для вечнага жыцця (dies natalis), г.зн. дзень смерці. З гэтага правіла існуюць толькі два выключэння — Найсвяцейшая Панна Марыя і св. Ян Хрысціцель. Касцёл святкуе іх дзень нараджэння як для нябеснага, так і для зямнога жыцця.
Але калі гісторыя Нараджэння Яна Хрысціцеля апісана ў Евангеллі ад Лукі, то адносна абставінаў Нараджэння Панны Марыі ў Новым Запавеце ніякіх звестак няма. Няма там і згадак пра Яе бацькоў, мы не ведаем нават іх імёнаў. Гэты недахоп папаўняе старажытная царкоўная традыцыя, адлюстраваннем якой з’яўляецца апокрыф пад назвай «Протаевангелля Якуба», датаваны 170-180 гг. На гэты тэкст як на аўтарытэтны дакумент спасылаліся многія Айцы Касцёла, сярод якіх св. Епіфан, св. Андрэй Крыцкі, св. Сафроній, св. Ян Дамаскін, а таксама Канстантынопальскія патрыярхі Герман і Фоцій. Сюжэты, узятыя з «Протаевангелля Якуба», ляглі ў аснову такіх царкоўных святаў як Зачацце св. Ганны (Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Багародзіцы), Нараджэнне Панны Марыі, Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы, а таксама сталі крыніцай шанавання Яўхіма і Ганны.
Згодна з гэтым дакументам, бацька Панны Марыі насіў імя Яўхім і паходзіў з царскага роду Давіда, а Яе маці Ганна належала да сям’і святароў Іерусалімскага храма з роду Аарона. Яўхім і Ганна пражывалі ў горадзе Назарэт і былі людзьмі вельмі заможнымі і справядлівымі. Цяжкім выпрабаваннем для іх стала іх бяздзетнасць, што ў той час лічылася знакам Божага неўпадабання ці нават пакарання. Шмат выпрабаванняў прыйшлося зведаць праведным Яўхіму і Ганне. Яны няспынна малілі Бога аб дараванні нашчадкаў. Тым больш была іх радасць, калі, нарэшце, Гасподзь на старасці гадоў падарыў ім доўгачаканага дзіцяці — дзяўчынку, прызначаную ў будучыні стаць Маці Уцелаўлёнага Божага Сына.
Свята Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы з’яўляецца адным з самых старажытных Багародзічных святаў. Згодна з палестынскім паданнем, маці імператара Канстанціна Алена пабудавала ў Іерусаліме храм Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ўжо ў першыя дзесяцігоддзі IV стагоддзя. З датай асвячэння гэтага храма — 8 верасня — звязана і датыроўка самога свята. Свята Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы згадана св. Янам Залатавустам, св. Епіфанам, св. Аўгустынам і інш., а таксама ў Служэбніку Папы Геласія, датаваным канцом V стагоддзя.
Падзеі, якія мы ўспамінаем святкуючы Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы, адначасова і радасныя, і важныя з багаслоўскага пункту гледжання. Яны радасныя, паколькі ў свет прыходзіць найпрыгажэйшая дзяўчына — «сумленная херувім і слаўная без параўнання серафім». Яны тэалагічна важныя, паколькі апярэджваюць Яе Божае мацярынства — Мацярынства Той, з Якой «заззяла Сонца Праўды, Хрыстос Бог наш». Там, дзе ўжо ўзышла зара, хутка павінна з’явіцца і само сонца.
Па матэрыялах sib-catholic.ru
для друку