7 кастрычніка – Дзень посту і малітвы ў інтэнцыі міру

7 кастрычніка 2024 года ў Каталіцкім Касцёле праходзіць Дзень посту і малітвы ў інтэнцыі міру. Святы Айцец заклікаў вернікаў ва ўсім свеце далучыцца да гэтай духоўнай ініцыятывы.

“Мір заўсёды магчымы і наша малітва – гэта аснова міру”, — такое паведамленне з’явілася раніцай на папскім акаўнце ў сацыяльнай сетцы X. Яно было пазначана хэштэгам #Молімсяразам.

Чарговы Дзень посту і малітвы ў інтэнцыі міру праходзіць у Касцёле ў першую гадавіну тэрарыстычнага нападу групоўкі ХАМАС на Ізраіль. Папа Францішак абвясціў яго 2 кастрычніка 2024 года, падчас урачыстай святой Імшы на адкрыццё Сінода Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане.

Духоўнай ініцыятыве папярэднічала ружанцовая малітва, якую Пантыфік узначаліў увечары 6 кастрычніка ў рымскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Папа прасіў Марыю Каралеву міру навярнуць душы тых, хто адчувае нянавісць, прымусіць сціхнуць лязгат зброі, якая нясе смерць, спыніць гвалт, які тоіцца ў сэрцы чалавека, і натхніць на справы міру тых, хто кіруе народамі.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі