Адна з маіх любімых частак Новага Запавету – Дзеі Святых Апосталаў. Люблю гэту кнігу і за яснае апісанне жыцця першых хрысціянскіх супольнасцей, і за дынамізм веры, але таксама і за яскравыя, не падманлівыя партрэты апосталаў-місіянераў на чале з апосталам Паўлам.
Гэта менавіта Павел узяў у сваё першае місіянерскае падарожжа Барнабу і яго стрыечнага брата Марка, які таксама быў называны Янам. Ян Марк не з’явіўся ніадкуль: у Ерусаліме, у доме яго маці, удавы родам з Кіпра, збіраліся апосталы. Больш за тое, існуе вялікая верагоднасць, што менавіта там адбылася апошняя вячэра. Здаецца, можна таксама сцвердзіць, што ва ўладанні сям’і Марка быў Гефсіманскі сад. Бо як інакш патлумачыць прысутнасць Марка ў садзе, захінутага толькі адной прасцінай у часе арышту Езуса? Хутчэй за ўсё, ён пільнаваў сад або спаў у нейкай прыбудове, пачуў крыкі і вэрхал, выбег на двор у прасціне і кінуўся галасіць, калі ўбачыў, што Настаўніка арыштавалі. Ахоўнікі, якія хацелі Марка схапіць, павінны былі задаволіцца прасцінай, каторая засталася ў іх руках, калі спрытны хлопец уцёк.
Паколькі апостал Пётр называе Марка сваім сынам, то можна зрабіць вывад, што менавіта ён ахрысціў хлопца. І сапраўды, вялікую частку жыцця Марк правёў с галоўным апосталам, быў яго вучнем і, можна сказаць, асабістым сакратаром.
Аднак першая місійная прыгода Яна Марка адбылася пад кіраўніцтвам іншага апостала – Паўла. На жаль, цяжкасці, якія сустрэлі каманду місіянераў, аказаліся не па сілах Марку. У адзін з момантаў ён просіць адпусціць яго і дазволіць вярнуцца ў Ерусалім. Што дакладна сталася? Фізічныя нязгоды, пагроза смерці, перспектыва вырачэнняў ці можа характар (!) апостала Паўла, сёння мы ўжо не даведаемся пра матывы рашэння Марка не ісці далей. Але ведаем дакладна, што сітуацыя была настолькі нетыповая і настолькі незвычайная і загадкавая, што мела працяг.
Плануючы сваё другое місійнае падарожжа, апостал Павел меў намер здзейсніць яго са сваім духоўным сябрам Барнабам. Той прасіў узяць з сабой Марка. Апостал народаў так упарта супраціўляўся, што ўрэшце рэшт пайшоў з іншымі братамі, а Барнаба з Маркам вырушылі ў іншы бок. Так распаўся адзін з самых паспяховых місійных дуэтаў старажытнасці.
Гэта была б сумная гісторыя чалавечай нязгоды, непаразумення і непрабачэння, калі б у іншых крыніцах, лістах апостала Паўла, мы з радасцю не прачыталі б, што прайшлі гады, і вось гэтыя людзі зноў разам. Больш за тое, мы бачым, што Марк прыслугоўвае пастарэламу Паўлу і нават выконвае адказныя місіі: напрыклад, накіроўваецца ў Калосы з важным заданнем.
Марк з’яўляецца аўтарам самага кароткага апісання жыцця Езуса Хрыста. Даследчыкі адзінагалосна сцвярджаюць, што Евангелле паводле Марка – гэта запіс навучання апостала Пятра, якому Марк доўга служыў. Чытаючы шаснаццаць раздзелаў яго Евангелля, можам выразна ўявіць, як гэтыя словы прамаўляе першы з апосталаў.
Марк з’яўляецца апекуном Венецыі. У яго гонар у горадзе ўзнесеная велічная катэдра. Сімвал апостала – леў з крыламі.
І чамусьці, між іншым, святы Марк таксама апякун… баскетбалістаў (?!)
Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч МІС
