25 калумбійскіх гарадоў аб’ядноўваюць намаганні ў Нацыянальным маршы за жыццё

23 мая 2026 года па вуліцах 25 калумбійскіх гарадоў пройдуць удзельнікі XX Нацыянальнага маршу за жыццё. Гэта дваццатая юбілейная дэманстрацыя, якая на працягу двух дзесяцігоддзяў была адказам калумбійскай грамадзянскай супольнасці на паступовую лібералізацыю заканадаўства аб абортах у краіне.

Грамадзянская платформа «Unidos por la Vida» (Аб’яднаныя за жыццё) бесперапынна арганізуе Нацыянальны марш за жыццё з 2006 года — года, калі Канстытуцыйны суд Калумбіі ўпершыню лібералізаваў заканадаўства аб абортах, дазволіўшы аборты ў трох выпадках: пагроза жыццю маці, згвалтаванне і цяжкія анамаліі плода. Гэта рашэнне стала іскрай, якая запаліла сацыяльны рух, які працягваецца і па сённяшні дзень.

Сёлетні марш мае асаблівае значэнне. Ён адзначае дваццаць гадоў з таго рэвалюцыйнага рашэння і чатыры гады з наступнага — яшчэ больш радыкальнага — кроку. У лютым 2022 года Канстытуцыйны суд пяццю галасамі супраць чатырох пастанавіў, што аборт па патрабаванні з’яўляецца законным да 24-га тыдня цяжарнасці. Пасля гэтай даты перапыненне цяжарнасці магчыма толькі ў выпадках, якія вынікаюць з рашэння суда ад 2006 года. Такім чынам, Калумбія стала адной з краін з самымі ліберальнымі законамі аб абортах у Лацінскай Амерыцы — у рэгіёне, дзе пераважае каталіцкая традыцыя.

Дваццаць пяць гарадоў па ўсёй краіне абвясцілі пра свой удзел у сёлетняй дэманстрацыі «Unidos por la Vida». Сярод іх як найбуйнейшыя гарадскія цэнтры, так і невялікія населеныя пункты.

Арганізатары заклікалі грамадзян выйсці на вуліцы і прадэманстраваць, што «Калумбія выступае за жыццё». Для платформы «Unidos por la Vida» марш — гэта не толькі выраз нязгоды з дзеючым заканадаўствам, але і станоўчым сведчаннем – сцвярджэннем культуры жыцця ў грамадскай прасторы.

Больш за паўмільёна ненароджаных дзяцей

Галоўнае пасланне сёлетняга маршу мае як сімвалічныя, так і статыстычныя вымярэнні. «Unidos por la Vida» паказвае, што за 20 гадоў з моманту першай дэкрыміналізацыі абортаў у Калумбіі не змагло нарадзіцца больш за 500 тысяч дзяцей. Гэтая лічба атрымана з ацэнак, заснаваных на дадзеных, апублікаваных СМІ, і штогадовых справаздачах Profamilia і Oriéntame — двух найбуйнейшых сетак клінік, якія праводзяць аборты ў краіне.

Арганізатары падкрэсліваюць, што ў Калумбіі няма афіцыйнага дзяржаўнага рэестра абортаў, што ўскладняе дакладнае вызначэнне маштабу гэтай з’явы. Таму дадзеныя, якія прыводзіць рух «за жыццё», заснаваныя на даступных, хоць і няпоўных, крыніцах.

Асабліва трывожнай для арганізатараў маршу з’яўляецца тэндэнцыя пасля 2022 года. Згодна з «Unidos por la Vida», з моманту лібералізацыі закона аб абортах да 24-га тыдня цяжарнасці колькасць зробленых абортаў павялічылася больш чым на 118 працэнтаў.

Марш карыстаецца відавочнай падтрымкай Каталіцкага Касцёла ў Калумбіі. Сярод тых, хто публічна падтрымаў сёлетнюю дэманстрацыю, быў арцыбіскуп Гартуй Луіс Фернанда Радрыгес. Іерарх адзначыў, што абарона жыцця «ад зачацця да натуральнай смерці неабходная», і заклікаў усіх грамадзян удзельнічаць у маршы — незалежна ад рэлігіі ці ідэалагічных перакананняў.

Гэты падыход адпавядае даўняй палітыцы Калумбійскай канферэнцыі біскупаў, якая рэгулярна ўдзельнічае ў Нацыянальным маршы за жыццё. Біскупы заклікалі вернікаў удзельнічаць у наступных маршах, робячы адпаведныя аб’явы і падкрэсліваючы, што абарона жыцця з’яўляецца фундаментальнай для сацыяльнага вучэння Касцёла.

Гісторыя маршу — ад пратэсту да традыцыі

Нацыянальны марш за жыццё ў Калумбіі мае багатую гісторыю. З гадамі ён вырас ад сціплай дэманстрацыі ў некалькіх гарадах да маштабнага мерапрыемства па ўсёй краіне. Адно з рэкордных выданняў — 12 сакавіка 2018 года — сабрала ўдзельнікаў у 55 гарадах і прыцягнула каля 400 тысяч чалавек.

2022 год, калі было абвешчана рашэнне аб пашырэнні доступу да абортаў да 24 тыдняў, прынёс асабліва эмацыйны марш: удзельнікі ў 78 гарадах запатрабавалі адказнасці суддзяў Канстытуцыйнага суда і заклікалі да прававой абароны ненароджаных дзяцей.

З кожным разам дэманстрацыя набывае ўсё большы размах. Рух «Unidos por la Vida» сёння з’яўляецца адной з найбуйнейшых і найбольш вядомых арганізацый, якая выступае за жыццё ў Лацінскай Амерыцы, прыцягваючы не толькі каталікоў, але і паслядоўнікаў іншых рэлігій і нерэлігійных людзей, якія лічаць абарону жыцця незалежнай ад веры каштоўнасцю.

Паводле pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку