Пра пост і шакалад

Як вядома, шакалад – гэта напой, які прыдумалі яшчэ ў старажытнасці. Гісторыкі кажуць пра тое, што індзейцы пазнаёміліся з шакаладам яшчэ за пятнаццаць стагоддзяў да Нараджэння Хрыста.

Праўда, тагачасны шакалад быў зусім не падобны на звыклы для нас. Па-першае, ён не быў салодкім. Па-другое, у яго дадавалі нязвыклыя для сучаснага чалавека спецыі, з якіх захаваўся, мабыць, толькі востры перац. У тыя далёкія часы шакаладны напой выкарыстоўваўся і як сімвал дружбы, і як афрадызіяк, і як лекі.

http--chocolatery.net-wp-content-uploads-2013-05-choco

Еўрапейцы ўпершыню пазнаёміліся з шакаладам падчас чацвёртага паходу Калумба. Сярэдні сын першапраходцы Фердынанд Калумб у сваім дзённіку так апісвае сустрэчу з індзейцамі, якія падышлі да іх карабля з дарункамі: “запасаюцца яны такімі ж каранямі і збожжам, якія мы ядзім у Іспаніі, і гатункам віна з кукурузы, якое нагадвае ангельскае піва; і шмат такіх арэхаў (какава), якія ў Новай Іспаніі выкарыстоўваюць у якасці грошай. Здаецца, што арэхі гэтыя ў іх высока цэняцца; калі яны падымаліся са сваімі дарамі на борт карабля, я назіраў, як адзін з такіх арэшкаў упаў, і яны ўсе кінуліся падымаць яго, як быццам гэта вока выпала”.

Спачатку іспанцы ўспрымалі шакалад як лекавы напой. Ім лячылі смутак і ўзнёслую меланхолію, ад якой нярэдка пакутавалі знатныя дамы і сёстры законныя. Існавалі нават «навуковыя» даследаванні, прысвечаныя вывучэнню ўплыву шакалада на паляпшэнне фізічнага стану і малітоўнага жыцця манахінь.

Іспанцы строга захоўвалі сакрэт прывезенага з новых зямель «зелля». Але шыла ў мяшку не ўтоіш. Іспанская прынцэса Ганна Аўстрыйская прывязла рэцэпт шакаладу ў Францыю. Яна часта казала, што моцна прынадзілася да гэтага напою і прымае яго па кубачку у дзень, што неверагодна паляпшае яе самаадчуванне.

Асаблівую папулярнасць шакалад набывае ў мексіканскіх калоніях. Менавіта тут да яго пачынаюць дадаваць малако і цукар. З горкага леку ён ператвараецца ў сапраўдны ласунак. Адзін з летапісцаў таго часу даносіць да нас пацешны выпадак, які характарызуе стаўленне іспанскіх пасяленцаў да шакаладу, якое нават можна назваць грахоўным.

Справа ў тым, што знатныя і багатыя асобы ўспрымалі абавязковае наведванне св. Імшы, як нешта нуднае і, нешта, што патрабуе дадатковых забаў. І тады жанчыны прыдумалі, як разнастаіць сваю прысутнасць у храме. Прыкладна ў сярэдзіне набажэнства служанкі прыносілі ім кубачак салодкага шакаладу. Такія паводзіны выклікалі абурэнне мясцовага біскупа, які не прыдумаў лепшага спосабу, як павесіць на дзверы храмаў папярэджання, што на св. Імшы не месца тым, хто п’е падчас набажэнства шакалад. Знатныя дамы паціснулі плячыма і перасталі наведваць Дом Божы. Канфлікт шляхты і біскупа дайшоў да таго, што іерарха проста атруцілі, каб не перашкаджаў ўсім “спакойна жыць”. І атруцілі яго ўсё тым жа шакаладам, які выдатна «маскіруе» усе прысмакі і дадаткі.

Варта адзначыць, што гэтую ўласцівась шакаладу аднойчы выкарысталі езуіты. Даволі хутка яны сталі галоўнымі пастаўшчыкамі шакаладу з Новага Свету ў Еўропу. Як гаворыць паданне, аднаго з Пап, з якім у Таварыства Езуса ніяк не складваліся адносіны, атруцілі менавіта гэтым цёмным і глейкім напоем.

Да таго часу Іспанія ўжо страціла манаполію на шакалад, і ён атрымаў незвычайную папулярнасць ва ўсім свеце. Яго спажывалі не толькі знатныя і багатыя, але і простыя людзі. Асаблівую папулярнасць шакалад набыў у Англіі, дзе яго распаўсюджванню спрыялі сотні кавярняў.

У гэты час пачаліся спрэчкі аб магчымасці спажывання гэтага напою ў пост. Пратэстанцкія краіны адразу ж занялі антышакаладную пазіцыю: занадта прыемны гэты напой для смаку і нюху. У каталіцкім жа асяроддзі меркаванні былі самыя разнастайныя. Праціўнікамі шакаладу сталі дамініканцы, якія занялі пазіцыю блізкую да пратэстанцкай. Яны лічылі, што шакалад — гэта ежа, якая не адпавядае посту. Акрамя таго, для прыгатавання гэтага напою выкарыстоўвалі сліўкі і яйка, якія, у сілу строгасці тагачасных правілаў, рабілі шакалад зусім не поснай ежай.

Езуіты наадварот лічылі, што шакалад — гэта напой, а вадкае, як вядома, посту не парушае. Трэба адзначыць, што езуіты былі зацікаўлены ў тым, каб продаж какава-бабоў не зніжалася на працягу ўсяго года. Тады ж пасціліся абсалютна ўсё, таму прызнанне шакаладу няпосным прадуктам зніжала б даходы ордэна як мінімум два разы на працягу года. І тады езуіты вырашылі пайсці на хітрасць. Яны звярнуліся да Папы Пія V. Да гэтага пантыфік ні разу не спрабаваў шакаладу. Айцец Джыралама Сан-Вінчэнца прыгатаваў яго для Папы, але выкарыстаў для гэтага толькі ваду і не дадаў ані грама цукру. У выніку халодная (тады шакалад пілі халодным) глейкая вадкасць аказалася агіднай на смак. Папа вельмі здзівіўся, чаму ідзе спрэчка на конт спажывання шакаладу падчас посту і дазволіў піць гэты напой.

chocolate_03-e1424782797960

Тым не менш, да справы шакалада Касцёл вяртаўся зноў і зноў. Часцей за ўсё ўжываўся прынцып прыдуманы яшчэ духоўнікам Людовіка XIV: у пост шакалад спажываць можна, але не мачаць у яго булачку.

У 1828 г. галандскі хімік Конрад Ёган ван Хаўтен навучыўся рабіць цвёрды шакалад. І з таго часу ўжо ў выглядзе плітак ён распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Да Другога Ватыканскага Сабору Касцёл забараняў спажыванне шакаладу ў пост, асабліва малочнага шакаладу, вырабленага бельгійцамі ў 80-х гадах XIX ст..

У нашы дні, калі пост ужо не такі строгі, многія святары тым не менш рэкамендуюць адмовіцца на гэты час ад шакаладу. Кіруюцца яны як раз тым меркаваннем, якое калісці было прапанавана дамініканцамі: гэты прадукт прыносіць свайго роду асалоду, зусім недарэчную ў пост. Зрэшты, зараз ўвага Касцёла больш накіравана на духоўную падрыхтоўку, пакаянне і ўважлівае стаўленне да свайго жыцця, чым на гастранамічныя абмежаванні, таму пытанне аб дапушчальнасці спажывання шакаладу падчас посту ўжо не стаіць так востра.

grodnensis.by

для друку для друку