Самы важны момант у нашым жыцці — гэта, па сутнасці, момант смерці. Ён вызначае наш лёс на ўсю вечнасць. Альбо мы будзем выратаваны, альбо будзем пракляты. Альбо мы будзем з Богам на працягу ўсёй вечнасці, альбо будзем страчаныя для яе.
Лепшы спосаб для нас усіх мець святую смерць — гэта зараз, і пакуль мы не памром, рыхтавацца да святой і шчаслівай смерці. Спадзяемся, што гэтыя кароткія, але шчымлівыя сведчанні могуць дапамагчы вам прыняць правільныя рашэнні, так што, калі вы памраце, Пан Езус стане вашым Збаўцам і будзе чакаць, каб адчыніць вам вечныя брамы неба!
- Пражывайце кожны дзень свайго жыцця так, быццам гэта быў ваш апошні дзень. І ён сапраўды можа быць. Езус папярэджвае нас: «Ён прыйдзе, як злодзей уначы». Будзьце гатовыя!
- Не — граху, так — Богу! Грэх вядзе да смутку, рабства і смерці. Адмовімся ад граху любой цаной і звернемся да Бога, які дае жыццё. Езус сказаў: «Я — дарога, праўда і жыццё».
- Рабіце тое, што робіце. Гэта ключавое паняцце святасці. Гэта азначае пражываць сакрамант гэтага моманту і заўсёды імкнуцца выконваць свае абавязкі і абяцанні з найлепшымі намерамі — на гонар і славу Божую!
- Упалі? Уставайце зноў і зноў! Калі вы ўпалі ў грэх, які паўторыцца, бо ўсе мы грэшныя, неадкладна ўставайце. Ніколі не адкладайце перамены на заўтра; хутчэй пачніце мяняцца адразу — да таго, як сонца зайдзе!
- Любоў. Заўсёды імкніцеся да самай вялікай з усіх цнотаў: любові! Езус выразна кажа нам, што найвялікшая з усіх запаведзяў: любіць Бога свайго ўсім сэрцам, і ўсёй душой, і ўсім розумам, і ўсімі сіламі! А другая частка гэтай запаведзі кажа: любі бліжняга, як самога сябе. Гаворачы аб святой смерці, святы Ян ад Крыжа вучыць нас: «Напярэдадні нашага існавання нас будуць судзіць па любові». Госпадзе, дай нам штодзённае жаданне моцнай і гарачай любові! Па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі, дай нам памерці ад любові!
- Прывядзіце іншых на Неба. Арцыбіскуп Фултан Шын дае нам вялікую параду, як трапіць на Неба. «Калі вы хочаце трапіць на неба, вазьміце каго-небудзь з сабой». Езус кажа: «Па пладах іхніх пазнаеце іх». Нашым жаданнем павінна быць любоў да таго, што любіць Бог, а Бог любіць выратаванне несмяротнай душы. Няхай гэта будзе нашым палымяным і ўсёабдымным жаданнем!
- Думайце пра Неба! Вялікае значэнне для дасягнення святасці і шчаслівай смерці мае не толькі пастаянная думка спасцігнуць неба, але і разважанне пра тое, чым на самой справе ёсць неба! Святы Павел дае нам толькі прамень з такімі натхнёнымі словамі: «Тое, што вока не бачыла і вуха не чула, і тое, што не ўпала на сэрца чалавеку, Бог падрыхтаваў для тых, хто любіць Яго». Зробіць гэта! Падумайце аб самых шчаслівых дзвюх гадзінах у вашым жыцці, памножце іх на мільён, а потым дадайце вечнасць. Гэта смак і пробліск нябеснай славы, які вас чакае!
- Скажыце Езусу, што вы хочаце! Глыбока ў сваім сэрцы пагаварыце з Хрыстом і выкажыце Яму найвялікшае жаданне свайго сэрца, а менавіта тое, што вы хочаце расці ўсё больш і больш у Яго любові кожны дзень, але таксама хочаце любіць Яго ў вечнасці. Скажыце гэта Езусу і нагадвайце Яму пра гэта кожны дзень. Прасіце свайго анёла-ахоўніка прыйсці на дапамогу!
- Чысцец і пакуты. Чаму б не папрасіць Пана Езуса даць вам чысцец тут, на зямлі? Праўду кажуць: «Вы заплаціце альбо зараз, альбо пазней!» На самай справе, нашмат лепш плаціць тут, на зямлі, чым пазней, у агні чысцу пасля смерці. Як гэта можа стаць рэальнасцю? Проста і складана адначасова! Мы ўсе павінны пакутаваць, прычым па-рознаму: фізічна, эмацыянальна, эканамічна (шмат хто з нас), сацыяльна і духоўна. Чаму б не пакласці свае пакуты за навяртанне грэшнікаў, ачышчэнне душ у чысцу? Акрамя таго, гэтыя пакуты на зямлі будуць служыць вашым зямным чысцам, каб вы маглі хутка дабрацца да неба! Шмат хто з нас ніколі пра гэта не думаў, але Бог не хоча, каб мы ішлі ў чысцец. Хутчэй за ўсё, Ён хоча, каб мы ішлі проста на Неба, не спыняючыся! Скажам шчыра, Неба закрыта не з-за волі Божай, а з-за ўласнага гонару, эгаізму, пыхі і супрацьстаяння Божай ласцы. Чаму б не папрасіць Госпада, каб маглі адказваць на Божыя ласкі, прымаць жыццёвыя пакуты, каб уз’яднацца з Богам адразу пасля смерці, што азначае жыццё вечнае!
- Марыя: Каралева святых і анёлаў. Усе святыя згодныя з гэтым духоўным выслоўем: «Марыя — гэта самы хуткі, бяспечны і эфектыўны шлях да Езуса і да неба». Чаму б проста не звярнуцца да Марыі зараз і не папрасіць ласкі трапіць на неба? Запытайцеся ў Найсвяцейшай Панны ў малітве, што з’яўляецца галоўнай перашкодай у вашым жыцці, якая блакуе вашаму свабоднаму доступу да Езуса і неба. Тады папрасіце ў Божай Маці ласку пераменаў, каб пераадолець гэтую перашкоду і здзейсніць «духоўны аб’езд» на шляху да Неба.
Credo.pro, пераклад Марыны Сінкевіч
