Май — месяц, прысвечаны Маці Божай. У нашых святынях гучыць Ларэтанская літанія ў гонар Марыі. Мы ўшаноўваем Тую, Хто нарадзіла Творцу жыцця.
Але маем асаблівыя выпадкі для малітвы да Найсвяцейшай Панны. Некаторыя народы выбралі яе сваёй асаблівай заступніцай; памятаем евангельскія падзеі, напрыклад, наведзіны св. Альжбеты, а таксама іншыя тытулы Марыі.
Такім чынам, налічылі 10 марыйных святаў у маі:
3 мая — Каралевы Польшчы
Сёлета свята перанеслі на 2 мая. У 1923 г. па просьбе епіскапату, каб адзначыць дзень прыняцця Канстытуцыі 3 мая, Папа Пій XI устанавіў свята Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Польшчы.
5 мая — Найсвяцейшай Панны Марыі Еўрапейскай
Святыня ў Гібралтары, на мысе Еўропы, прысвечана Маці Божай з Еўропы.
8 мая — Маці Божай Пампейскай
Асабліва ўшаноўваецца ў Пампеях Маці Божая Святога Ружанца. Гэта месца асацыюецца з бл. Бартала Лонга, які быў сатаністам да свайго навяртання.
13 мая — Маці Божай Фацімскай
Менавіта ў маі пачаліся аб’яўлення Марыі ў Фаціме. Яны працягваліся да кастрычніка. У гэты час Багародзіца з’яўлялася 13-га чысла кожнага месяца.
22 мая — Маці Божай Міласэрнасці
22 мая 1527 года ў італьянскім мястэчку Бовена Марыя з’явілася беднай жанчыне. На месцы аб’яўленняў быў узведзены санктуарый у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Міласэрнасці.
24 мая — Найсвяцейшай Панны Марыі, Успамогі хрысціянаў
Многія святыя мелі асаблівую набажэнства да Маці Божай, Успамогі хрысціянаў. Пераломным момантам для кс. Яна Боска ў 1862 годзе быў сон пра дзве калоны. На адной з іх была гостыя з надпісам: «Збаўленне веруючых», а на другой — фігура Беззаганнай Дзевы з надпісам «Успамога хрысціянаў».
29 мая — Маці Божай, апякункі шчаслівых родаў
У некаторых краінах Заходняй Еўропы ў гэты дзень ушаноўваюць Марыю, апякунку шчаслівых родаў.
31 мая — Наведзіны св. Альжбеты
Пасля Звеставання Марыя пайшла да Альжбеты, каб дапамагчы той, якая чакала першынца. Памяць гэтай падзеі адзначаецца 31 мая.
Першая нядзеля мая — Маці Божай Ліванскай
У 1903 годзе каля Харысы ў Ліване быў пабудаваны храм у гонар Панны Марыі. Святыня ўзвышаецца на гары на беразе Міжземнага мора.
Другая нядзеля мая — Маці Божай Кітайскай
У 1924 г. біскупы даверылі Кітай апецы Марыі. У 1973 годзе ў яе гонар было ўстаноўлена свята.
Паводле CREDO
Пераклад Марыны Сінкевіч
