Якія межы дапушчальныя ва ўзаемаадносінах хлопца і дзяўчыны?

“Межы дапушчальнага ва ўзаемаадносінах паміж хлопцам і дзяўчынай. Пра што трэба казаць на споведзі, што з’яўляецца грахом?” Ганна

На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч MIC з Росіцы:

– Адказваць на такое пытанне ў пісьмовай форме не зусім зручна. Больш адпаведнай была б атмасфера катэхезы, можа нават раздзельнай: асобна для хлопцаў, асобна для дзяўчат. Думаю, форма катэхезы для пар закаханых таксама была б адпаведнай. Перад тым, як адказваць, я б хацеў запытацца ў Вас, Ганна, што Вы думаеце на гэтую тэму? Якія Вашы “межы дапушчальнага”? Ці пытанне пра споведзь не сведчыць, што сумленне, аднак, неспакойнае? А можа, менавіта гэты неспакой сведчыць пра парушаную мяжу?

Адносіны паміж хлопцам і дзяўчынай захапляльныя, прыгожыя, рамантычныя і непаўторныя. Яны непадобныя да сямейных адносін, кіруюцца трошкі іншымі правіламі, маюць іншую працягласць у часе, іншую інтэнсіўнасць узаемнага пазнання, іншыя абавязкі ў дачыненні да сябе.

Прынцып хрысціянскага жыцця падказвае, што ў гэты час варта ўстрымацца ад інтымнасці ў розных яе праявах. Інтымнае, сексуальнае жыццё належыць да сужэнцаў, а не тым, каго называем парай, і нават не тым, хто ўжо заручаны. Сям’я праз сексуальнасць рэалізоўвае сваё пакліканне да плоднасці, да нараджэння новага жыцця. У планы маладой пары, не сужэнства, дзеці не ўваходзяць на гэтым этапе адносін. Найчасцей нават размаўляючы на тэму намераў планаванай сям’і, маладыя людзі гавораць пра будучыню, а не пра сённяшні дзень. Таму і інтымнасць, сексуальнае жыццё не можа быць правільна рэалізаванае на гэтым этапе, а толькі ў будучыні, пасля шлюбу. Маленькае ўдакладненне: фізічна можа, але эмацыйна, духоўна, па-Божаму – не.

Існуе перакананне, што без досведу інтымных адносін перад шлюбам немагчымае сапраўднае пазнанне чалавека: маўляў, ці падыходзім мы адно аднаму? Адбываецца хуткі пераскок з пазнавання інтэлектуальнага, пачуццёвага, духоўнага на ўзровень цела, на спазнаванне цялеснае. Таму не здзіўляюся, калі праз нейкі час пасля шлюбу пачынаюцца праблемы ў адносінах, а чалавек, з якім жыву, здаецца чужым і незнаёмым. Проста ў часе да шлюбу мы былі занятыя трошкі не тым: інвестуючы ў цела, трацілі час на пазнаванне адно аднаго.

Мяжа тут вельмі хісткая, розныя духоўныя айцы гавораць па-рознаму: адны, напрыклад, дазваляюць пацалункі, іншыя не; хтосьці не бачыць праблемы ў тым, калі пара жыве разам, але без сексуальных адносін, іншыя катэгарычна на гэта не згаджаюцца. Асабіста я прытрымліваюся погляду, што цела – гэта дар Божы, які адначасова можа быць (і ёсць) вялікай пасткай. Таму я раю, каб мяжа, пра якую Вы пытаецеся, была як мага далей адсунутая, каб сябе ўзаемна не спакушаць. Як пастыр заклікаю да евангельскага радыкалізму – за ручку трымаемся, у шчочку цалуемся, разам на ноч не застаёмся!!! 🙂 Вось такія кароткія парады даю тым, каго спавядаю і з кім размаўляю, і да іх абавязваю тых, хто просіцца на духоўнае кіраванне.

для друку для друку