Які сэнс у адпустах?

oblaka“Хацеў бы ўдакладніць пра адпусты. Што разумеецца пад тэрмінам “часовая кара за грахі” і што значыць “адпуст гэтай кары”? Пасля таго як грэх адпускаецца Хрыстом праз святара падчас сакраманту пакаяння, верніку прызначаецца пакута. Ці сэнс выканання ўмоваў адпусту такі ж, што і пакуты? А менавіта – накіроўваць сваё сэрца да Бога праз хрысціянскія ўчынкі малітвы і міласэрнасці? Ці адпусты – гэта дадатак да сакраманту пакаяння? Дзякуй!” Павел

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Дарагі Павел! Дзякуй за пытанне, якое датычыць важнай рэчаіснасці жыцця верніка, асабліва ў кантэксце надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці.

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем, што адпуст – гэта дараванне часовага пакарання за ўжо прабачаныя грахі (пар. ККК 1471). На самым пачатку варта ўдакладніць, што адпуст (таксама поўны) не замяняе сакрамантальнай споведзі і не адпускае грахоў.

Каталіцкае разуменне адпустаў абапіраецца на тэалагічныя падмуркі і традыцыі. На працягу многіх стагоддзяў Апостальская Сталіца неаднаразова выказвалася пра адпусты. Апошнім нарматыўным актам, які тлумачыць і рэгулюе дадзеную рэальнасць, з’яўляецца чацвёртае выданне Enchiridion indulgentiarum з 1999 года. Вельмі карыснае вучэнне можна знайсці ў Апостальскай Канстытуцыі Indulgentiarum Doctrina з 1967 года, якая звяртае ўвагу на праўду пра грэх, яго наступствы і дар прабачэння дзякуючы Божай міласэрнасці. Узгаданы дакумент прыпамінае пра тры праўды, звязаныя з адпустамі:

  1. Грэх па сваёй прыродзе вядзе да пакарання, якое вернік павінен прыняць і выканаць.
  2. Існуе прынцып салідарнасці паміж людзьмі ў Адаме і ў Хрысце, канкрэтнай праявай якой ёсць еднасць святых.
  3. Існуе скарбніца Касцёла, што складаецца з заслуг Хрыста, Дзевы Марыі і святых, чым вернікі могуць карыстацца праз пасярэдніцтва Касцёла.

Дзеля разумення навучання і практыкі адпустаў неабходна заўважыць, што грэх вядзе да падвойнага выніку. Праз грэх чалавек становіцца вінаватым перад Богам (таксама перад бліжнімі) і заслугоўвае пакарання. Пакаранне за грэх вынікае са справядлівасці ў міжасабовым парадку. Часта сама прырода карае за дрэнныя ўчынкі, за правіны, якія ўжо прабачаны Богам на споведзі (напр., грэх супраць уласнага здароўя).

Можна казаць пра ступені віны і пакарання. Цяжкі грэх, які інакш называецца смяротным, пазбаўляе еднасці асобы з Богам, а ў выніку – вечнага жыцця. У гэтым выпадку ідзе гаворка пра вечнае пакаранне, якое ёсць непасрэдным вынікам правіны (смяротны грэх). У сакраманце споведзі Бог прабачае правіну, а таксама вечнае пакаранне. Трэба ўсведамляць, што кожны грэх, таксама лёгкі ці, інакш, штодзённы, вядзе да неўпарадкаванай прывязанасці да стварэнняў, ад якой неабходна ачысціцца альбо на зямлі, альбо пасля смерці ў чысцы. Прасцей можна сказаць, што чалавек мае з’яднацца навекі са святым і чыстым Богам, што ў сваю чаргу патрабуе ад яго святасці, чыстасці і бясконцай любові Бога. Касцёл верыць, што свядомы і вольны працэс навяртання, учынены з гарачай любоўю, можа прывесці да поўнага ачышчэння грэшніка, так, што яму ўжо не давядзецца спазнаваць ніякай кары (пар. ККК 1472).

У сакраманце споведзі вернік атрымлівае прабачэнне грахоў і вечнай кары, аднак на ім застаецца часовае пакаранне (ад яго таксама можа быць вызвалены дзякуючы неспазнанай Божай міласэрнасці). Пакаранне ў міжасабовых адносінах часта мае ачышчальны або выхаваўчы характар і не вынікае з жадання прыніжэння ці помсты. Вернік не пакінуты сам-насам у працэсе навяртання і ачышчэння, але карыстаецца дарам камуніі са святымі і іншымі братамі і сёстрамі ў адным Містычным Целе Хрыста. Духоўныя даброты, якія выплываюць з камуніі святых, называюцца скарбніцай Касцёла. Нельга іх успрымаць у матэрыяльных катэгорыях, але як невычэрпную каштоўнасць мукі і смерці Езуса Хрыста, Яго экспіяцыйнай ахвяры і заслугаў дзеля адкуплення чалавека.

Касцёл карыстаецца гэтай крыніцай, ахвяруючы адпусты жывым ці чысцовым душам. Касцёл не абмяжоўваецца ў сваім служэнні толькі прабачэннем часовага пакарання, але заахвочвае да чынаў, аскезы, малітвы дзеля атрымання адпусту і такім чынам становіцца вестуном і пасярэднікам бясконцай міласэрнасці Бога, Які чалавеку даруе прабачэнне і аднаўляе страчаную ім годнасць. Адпуст, хоць нейкім чынам звязаны з сакрамантам споведзі, не ёсць дадаткам да яго, але належыць да паўсюднай эканоміі адкуплення і апраўдання чалавека.

З 8 снежня 2015 г. па 20 лістапада 2016 г. працягваецца надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці, устаноўлены Святым Айцом Францішкам. З гэтай нагоды можна атрымаць адпуст. Юбілейны адпуст атрымліваюць тыя, хто пераходзіць праз Браму міласэрнасці, а таксама хворыя, асобы старэйшага ўзросту і тыя, хто не можа выхадзіць з дому, калі яны ўдзельнічаюць у святой Імшы ці супольнай малітве таксама праз сродкі камунікацыі і калі прымаюць Святую Камунію. Святы Айцец пастанавіў таксама, каб вязні маглі атрымаць адпуст у вязнічных капліцах, а таксама пераходзячы праз дзверы сваёй камеры (для іх яны і ёсць Брамай міласэрнасці), кіруючы думкі і малітву да Айца.

Нагодай атрымання адпусту ёсць таксама выкананне ўчынкаў міласэрнасці (катэхізіс падае 7 адносна цела і 7 адносна душы). Варта і тут адзначыць, што для атрыманя адпусту недастаткова прайсці праз Браму міласэрнасці ці выканаць прадпісаны ўчынак. Для атрымання поўнага адпусту вернік павінен быць у стане асвячальнай ласкі (пасля споведзі), прыняць Святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях, прызначаных Святым Айцом на дадзены месяц (звычайна выбіраецца малітва “Ойча наш” ці “Вітай, Марыя” або “Веру ў Бога”).

Важнай умовай поўнага адпусту ёсць выключэнне ўсялякай прывязанасці да граху. Калі будуць выкананы не ўсе ўмовы, то адпуст будзе частковым. Пасля адной споведзі можна атрымаць некалькі поўных адпустаў (на працягу некалькіх дзён), аднак са Святой Камуніяй звязаны толькі адзін поўны адпуст. Правільным будзе наведванне юбілейнай святыні, спалучанае са споведдзю і поўным удзелам у святой Імшы. У выпадку, калі па нейкіх прычынах верніку немагчыма прыступіць да споведзі, яго пераход праз юбілейную браму і малітва ў святыні стане выразам веры і духоўнай лучнасці з Богам, які любіць кожнага чалавека.

для друку для друку