Як узяць шлюб, калі нарачоны – пяцідзясятнік?

“Хвала Хрысту! Дапамажыце вырашыць сітуацыю. Я кахаю маладога чалавека, мы хочам ажаніцца. Але справа ў тым, што я каталічка-практык, а ён практык-пяцідзясятнік. Для таго, каб узяць шлюб у яго царкве, мне трэба прыняць хрост (яшчэ раз, атрымліваецца) праз поўнае акунанне ў ваду. Шлюб не можа быць здзейснены ў касцёле таму, што мой малады чалавек мае дар і жаданне прапаведаваць Слова Божае ў царкве з амбоны. Касцёл такой магчымасці не дае. Таксама, узяўшы са мною шлюб у касцёле, ён будзе мець заўвагі ў сваёй царкве і не зможа выканаць жаданае. Не зможа ўдзельнічаць у хлебапрыламленні.

Ці будзе маё чарговае хрышчэнне сведчыць пра змену мной канфесіі? Ці можна знайсці які-небудзь кампраміс у гэтай сітуацыі? Ці буду я мець магчымасць пасля шлюбу ў пяцідзясятніцкай царкве прымаць Цела Хрыста і спавядацца?” Ганна

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Хвала Хрысту! Дзякую Вам за пытанне! Сапраўды, справа мае шмат нюансаў. Паспрабую растлумачыць як мага больш коратка і зразумела.

Змешаны шлюб у Каталіцкім Касцёле

Ад Вашага нарачонага (які, напэўна, ахрышчаны) будзе патрэбная згода выхавання дзяцей у каталіцкай традыцыі. Ён не павінен перашкаджаць Вам спаўняць свае рэлігійныя абавязкі. Яму неабавязкова пераходзіць на каталіцкае веравызнанне. Шлюб каталічкі і пяцідзясятніка ў касцёле будзе змешаным сужэнствам. Трэба прыйсці да свайго пробашча, і ён растлумачыць, як будзе выглядаць падрыхтоўка да шлюбу і якія патрэбны дакументы. Нарачоны (пяцідзясятнік) заахвочвае хадзіць на заняткі перад шлюбам у сваю рэлігійную супольнасць. Калі б ён захацеў хадзіць з каталічкай на катэхезу, то гэта толькі ўхваляецца. Шлюб у падобнай сітуацыі можа адбыцца па-за святой Імшой. Канешне, падчас шлюбу Ваш нарачоны не зможа абвяшчаць Слова Божае (як гэта чыніць у сваёй супольнасці пяцідзясятнікаў), бо не з’яўляецца дыяканам ці святаром каталіцкага веравызнання.

Змешаны шлюб у Царкве Пяцідзясятнікаў

Вы як ахрышчаная каталічка можаце заключыць шлюб у Царкве Пяцідзясятнікаў, якая з’яўляецца т.зв. Свабоднай Пратэстанцкай Царквой. Вам перад шлюбам трэба будзе абавязкова прыступіць да сакраманту пакаяння і прыняць Св. Камунію ў касцёле. Хрост для католікаў (праз паліванне галавы св. вадой ці праз акунанне) з’яўляецца сакрамантам, бачным знакам нябачнай ласкі, а не толькі знакам сувязі Хрыста з Касцёлам (як у пяцідзясятнікаў). І таму гэты сакрамант прымаецца раз у жыцці. Вы ўжо ахрышчаная ў імя Бога Айца, і Сына, і Духа Святога! Вы – хрысціянка, і таму няма сэнсу Вам прымаць “хрост праз акунанне”. Калі Вы вырашыце ўсё ж такі прыняць “хрост праз акунанне” ў пяцідзясятнікаў і такім чынам увайсці ў іхнюю супольнасць, то гэта ўжо будзе свядомае дзеянне – публічнае адрачэнне ад каталіцкага веравызнання, адсутнасць павагі і пагарда да прынятага ўжо сакраманту хросту. Вы ўжо не зможаце ў Касцёле дзейсна прыступаць да сакрамантаў Пакаяння і Св. Камуніі. Гэта цяжкі грэх. Таму як каталічка, не выракаючыся хросту і свайго веравызнання, Вы зможаце заключыць змешаны шлюб з пяцідзясятнікам у іх царкве. Трэба пра гэта паразмаўляць з пастырам супольнасці.

Што для гэтага трэба?

Калі Вы ўжо вырашылі, што заключыце змешанае сужэнства ў царкве пяцідзясятнікаў, то каталічка фармальна праз свайго ксяндза-пробашча павінна звярнуцца да біскупа-ардынарыя, каб ён удзяліў дыспенсу (г.зн. звальненне) ад захавання кананічнай формы заключэння сужэнства. Каталічка мусіць прадставіць дыяцэзіяльнаму біскупу сур’ёзную прычыну і абгрунтаваць, чаму яна хоча заключыць сужэнства па-за кананічнай формай, устаноўленай у Каталіцкім Касцёле. Пасля атрымання дыспенсы Вы можаце заключыць шлюб са сваім нарачоным у царкве пяцідзясятнікаў. Вельмі важна, каб цырымонія мела менавіта публічны характар (у прысутнасці прынамсі двух адпаведных сведкаў), а таксама, каб была сапраўдным актам заключэння сужэнства – трывалага і адзінага (а не толькі бласлаўленне саюзу).

Маю надзею, што гэтыя тлумачэнні крыху праясняюць Вашу сітуацыю і дапамогуць прыняць правільнае рашэнне. Экуменічны Дырэкторый, апублікаваны Ватыканам, заахвочвае, каб у катэхетычнай падрыхтоўцы нарачоных да заключэння змешанага сужэнства, наколькі гэта магчыма, прымалі ўдзел каталіцкі святар і пастар. Спадзяюся, што такая форма дазволіць Вам адпаведна падрыхтавацца да ўрачыстасці.

для друку для друку