Як скасаваць шлюб з былым мужам?

“Хацелася б даведацца ўсё пра скасаванне шлюбу ў каталікоў. Я з былым мужам брала шлюб амаль 15 гадоў таму ў касцёле Святога Станіслава ў в. Далёкія. Мы не жывём разам ужо больш за 10 гадоў і афіцыйна разведзеныя. Мой другі муж настойвае на разводзе, паколькі ён вернік (католік). Я звярталася ў свой касцёл і выказала сваю просьбу пісьмова, але ксёндз сказаў, што я не ўказала прычыну. На мой погляд, я ўсё ясна там напісала. Пра якія прычыны і здраду можна казаць, калі мы не жывём 10 гадоў разам? Можа, ёсць нейкі ўзор або анкета, як дакладна можна адказаць на пытанне? Для мяне вельмі важна зразумець, з чаго пачаць, згодная на любыя складанасці, абы вырашыць гэтае пытанне”. Таццяна Шулья

На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч, марыянін з Росіцы:

– Шаноўная спадарыня Таццяна!

Здаецца, што толькі чалавек не зусім шчыры плануе развод у моманце свайго шлюбу. Людзей, якія дапускаюць развод у выпадку цяжкасцей, што сустрэлі ў жыцці, ужо нашмат больш. Ёсць яны таксама і сярод вернікаў. Гэта сведчыць пра недастатковае разуменне таямніцы сакраманту шлюбу і ўзятых на сябе абавязкаў. Аднак большасць сужэнцаў вераць, што шлюб – гэта падзея непаўторная, а сувязі, якія ўзнікаюць на моцы гэтага сакраманту, непарыўныя. Пытанне пра “развод” у Касцёле заўсёды выклікае напружанні і перажыванні.

У Вашым пытанні ёсць схаваная прэтэнзія да святара: нібыта ён чагосьці не хоча зразумець або выстаўляе выдуманыя патрабаванні. Справа ў тым, што ў Касцёле няма паняцця “развод”, так як гэта разумее свецкае (дзяржаўнае) права і так, як, здаецца, разумееце вы. Сапраўды, у ЗАГСе можна скласці заяву пра заканчэнне сужэнскага саюзу і атрымаць перад дзяржавай статус разведзеных. Але пастанаўленне ЗАГСа не мае юрыдычнай сілы для адмены прынятага сакраманту шлюбу. У Касцёле няма разводаў!!! Таму ані той факт, што вы афіцыйна з мужам разведзеныя, ані тое, што 10 гадоў не жывяце разам, не з’яўляецца паводле касцельнага права аргументам. Фармальна на сёння, паводле слова Божага і права Касцёла, Вашым мужам з’яўляецца чалавек, з якім Вы бралі шлюб. Фактычна Вы жывяце ў несакрамантальным саюзе з іншым мужчынам.

Касцёл у некаторых выпадках разглядае просьбы вернікаў, каб сцвердзіць, што іх шлюб з’яўляецца несапраўдным (быў заключаны з адступленнем ад нормаў). Напрыклад, Вы ўзялі шлюб з чалавекам, які папярэдне ўжо быў жанаты, але Вас пра гэта не праінфармаваў; Вас змусілі выйсці замуж; будучы муж схаваў ад Вас істотныя дадзеныя, напрыклад, пра тое, што мае псіхічную хваробу.

У выпадку Вашых сумневаў Вы як верніца канкрэтнай каталіцкай парафіі звяртаецеся да мясцовага пробашча і пасля размовы з ім запаўняеце першы дакумент. У Вашым выпадку, як з Вашага аповеду вынікае, ксёндз-пробашч не ўбачыў прычын для распачацця кананічнага працэсу. Таму каб канчаткова разабрацца са сваімі сумневамі, Вам трэба звярнуцца ў дыяцэзіяльны суд:

вул. Воінаў-Інтэрнацыяналістаў 28, 210032 г. Віцебск

тэл: +375(212)61 68 61; sudvitebsk@gmail.com

для друку для друку