Як Касцёл ставіцца да жадання адзінокай дзяўчыны ўсынавіць дзіця?

 “Хвала Хрысту! Скажыце, калі ласка, як Касцёл ставіцца да жадання адзінокай дзяўчыны ўсынавіць дзіцятка? Разумею, што ў гэтым учынку няма нічога дрэннага, але мяне непакоіць думка, што ад пачатку ведаю: магчыма, гэтае дзіця будзе без бацькі. Вельмі хачу дзетак, але так складваецца, што не маю мужа. Дзякуй!” Марыя

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр, магістр тэалогіі, Ліда:

– Марыя, напэўна, кожнае дзіця, якое не мае мамы і таты, патрабуе іх – гэта натуральна! Касцёл заахвочвае і ўхваляе ўсынаўленне самотных дзяцей. Для натуральнага эмацыйнага развіцця дзіцяці патрэбныя і бацька, і маці. Роля кожнага з іх вельмі важная ў развіцці дзіцяці. Не можа маці даць дзіцяці тое, што можа і павінен даць бацька. Таксама і наадварот: бацька не заменіць на сто адсоткаў маці. Калі гэтага няма, то маем дачыненне з паталогіяй, нават калі самотная маці ці самотны бацька вельмі добрыя і адказныя людзі. Для правільнага развіцця малога гэтая сітуацыя паталагічная.

Іншая справа, калі ў сям’і памірае тата. Пасля пахавання ў дзіцяці прысутнічае боль, смутак, слёзы, але пасля перажыцця ўсіх гэтых негатыўных эмоцый дзіця можа ўчыніць крышталізацыю сваіх думак і ўрэшце натуральным чынам пагодзіцца з рэчаіснасцю.

Калі тата сыходзіць з сям’і і пакідае дзяцей толькі з маці, то тады маленькія вінавацяць сябе ў тым, што бацькі разышліся, перажываюць розная страхі. Нават трапляюць у дэпрэсію, сцвярджаючы, што не заслугоўваюць любові. Са стратай бацькі дзеці пазбаўляюцца пачуцця бяспечнасці, магчымасці лепшай адукацыі, лягчэйшага старту ў дарослае жыццё. Дзіця, якое выхоўваецца без таты, таксама страчвае сваю самасвядомасць. Гэта траўма для дзіцяці.

Маленькія дзеткі часта пытаюцца ў матулі: “А дзе мой тата? Адкуль я ўзяўся? Дзеці хочуць ведаць свае карані. Адсутнасць бацькі – гэта напалову меншая крыніца бацькоўскай любові, а мама часта не мае сіл і не можа любіць за абоіх бацькоў.

Дзяўчынкі, якія выхоўваюцца без таты, не адчуваюць сябе добра ў ролі жанчыны. Па статыстыцы дзяўчынкі, якія выхоўваліся без бацькі, маюць раннія інтымныя адносіны, не будучы ў шлюбе, выхоўваюць дзяцей, часцей разводзяцца. Яны няспынна шукаюць сапраўдны ўзор мужчынскасці.

Хлопцы, якія выхоўваюцца без таты, таксама пазбаўленыя сапраўднага мужчынскага ўзору. Бацька дазваляе сыну зразумець, што значыць быць мужчынам. Калі няма таты, узору мужчынскасці, то тады хлопец шукае яго сярод равеснікаў, якія часта даюць дрэнны прыклад. Хлопец замест таго, каб вучыцца непасрэдна ад свайго бацькі – узору мужчынскасці, вучыцца стэрэатыпу мужчынскасці ў іншых. Тата дае магчымасць дзіцяці зразумець, што быць сапраўдным мужчынам – гэта быць дапамогай для слабейшага, апекавацца, клапаціцца, падтрымліваць, шанаваць іншага чалавека.

Здаровае выхаванне – гэта выхаванне праз тату і маму. Жанчына і мужчына дапаўняюць сябе ва ўзаемнай бацькоўскай працы, выхоўваючы сваё дзіця. Калі няма аднога з бацькоў, заўсёды найбольш у гэтай сітуацыі страчвае дзіця. Адсутнасць таты – гэта таксама недахоп і маці, таму што самотная маці мае менш часу для дзіцяці, цяжка працуе, часта перажывае стрэс, а таксама шукае яшчэ новага партнёра. Маленькі скарб, дзіцятка, становіцца ўдвая больш самотным.

Таму калі самотная асоба хоча ўсынавіць дзіця, то трэба добра падумаць, усё гэта асэнсаваць і адказаць сабе на пытанне: “Усынаўленне будзе дабром для дзіцяці ці за гэтым ўсынаўленнем я хачу схавацца ад сучаснага свету, ад адносін з людзьмі, ад мужчын, ад сваіх нейкіх страхаў?”

Дзіця – гэта не ўласнасць, каб заспакоіць свае нерэалізаваныя бацькоўскія ці мацярынскія патрэбы. Дзіця – гэта дар Божы!

Як бачым, не ўсё так проста, як здаецца. Але калі Вы вырашыце ўсынавіць дзіця, то няхай у яго жыцці будзе мужчына (магчыма, Вашы брат, бацька ці хтосьці іншы з сям’і), хто будзе ўзорам для малога і будзе спадарожнічаць на шляху яго ўзрастання.

Няхай Вас вядзе Пан Бог сваімі шляхамі, узмацняе веру, дадае моцы, каб Вы прынялі правільнае рашэнне для дабра дзіцяці і для сябе!

для друку для друку