Як быць, калі паміраюць блізкія людзі?

 “Людзі пастаянна задаюць пытанні кшталту: куды адпраўляецца душа пасля смерці? Ці ёсць яна наогул пасля смерці? І гэтак далей. Але мне цікава даведацца, як павінен паводзіць сябе чалавек па хрысціянскіх правілах пасля смерці сваяка, каб стала лягчэй і яго душы, і самому сабе? Вольга.”

На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч MIC з Росіцы:

 – Мы, хрысціяне, абапіраючыся на слова Божае, верым, што чалавек – істота выключная сярод Божых стварэнняў. Гэтая выключнасць грунтуецца на дарах розуму, вольнай волі і менавіта на дары несмяротнай душы. Таму не сумняваемся, што пасля смерці фізічнай чалавек не памірае, а толькі пераходзіць у духоўную рэчаіснасць. Катэхізіс падказвае, што пасля смерці чалавека чакае суд Божы, і як яго вынік – рай, чысцец або пекла.

У выпадку, калі мы спадарожнічаем чалавеку, які памірае, важна паклапаціцца пра яго фізічныя і духоўныя патрэбы. Фізічныя патрэбы нам зразумелыя: калі чалавек хворы або старога ўзросту – гэта звычайная апека над нямоглым, а таксама задавальненне медычных патрабаванняў. З гэтым мы ў прынцыпе спраўляемся. Духоўныя патрэбы чалавека нябачныя, але вельмі важныя і для нас, і для таго, хто адыходзіць.

Касцёл здаўна разумеў патрэбу ў дапамозе перайсці чалавеку ў іншы свет. Няма чаго хаваць, што смерць найчасцей не выклікае ў нас захаплення, а наадварот, страх, нават панічную боязь. Нашай дапамогай для чалавека можа быць далікатная падказка пра споведзь і малітву святара. На жаль, часта сутыкаюся з сітуацыяй, калі мяне клічуць запозна: чалавек ўжо без памяці, пры смерці. Безумоўна, малюся за кожнага, але супакой прыходзіць тады, калі маю магчымасць чалавека паспавядаць, прымірыць яго з Богам перад тым, як ён пераступіць апошні парог.

Да сёння памятаю чалавека, які быў невылечна хворы і ўжо не мог гаварыць. Я спавядаў яго ў рэанімацыі. На шчасце, ён быў прытомны і чуў мяне. Я папрасіў яго размаўляць са мной вачыма, міргаючы, калі хоча сказаць “так”. Вы хочаце паспавядацца, вызнаць перад Богам грахі? Паказвае “так”. Я буду называць грахі, а вы міргайце, калі яны былі ў вас. Міргае, што зразумеў.

Гэта была адна з найбольш узрушвальных споведзей у маім святарскім жыцці. Ноччу Бог паклікаў гэтага чалавека да сябе. Думаю, усё што зробім для нашых блізкіх і для іх духоўнай карысці – споведзь, намашчэнне, Святая Камунія, малітва, – дапаможа чалавеку адысці ў вечнасць, а нам перажыць жалобу па ім.

З досведу я бачу, што чалавеку-верніку лягчэй перажываць смерць блізкіх. Праз веру, малітву, сакраманты мы атрымліваем рэальнае Божае суцяшэнне, якога не можа даць ніхто іншы.

для друку для друку