Як быць, калі нарачоны праваслаўны?

 “Хвала Хрысту! Скажыце, калі ласка, як нам быць? Я хачу ўзяць шлюб з маладым чалавекам. Я – каталічка-практык, ён ахрышчаны ў праваслаўі ў раннім дзяцінстве, але ніколі не практыкаваў. І яго сям’я таксама не практыкуе (усе ахрышчаны «па модзе», у якасці «абярэга»). Ён згодны  ўзяць шлюб у касцёле. Але не будзе пераходзіць у каталіцтва. Чытала, што вянчанне ў такой сітуацыі магчымае, можна заключыць змешаны шлюб. Ці так гэта? Растлумачыце, калі ласка. І яшчэ. Ці можа пры шлюбе ў касцёле быць сведкам з яго боку таксама ахрышчаны ў праваслаўі малады чалавек, які не практыкуе?” Ганна.

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску: 

– Паважаная Ганна! Дзякую за пытанне. Віншую вас з намерам заснаваць сям’ю і жадаю шчодрых Божых ласкаў на працягу ўсяго жыцця!

Шлюбы паміж католікамі і праваслаўнымі – не рэдкасць у нашай краіне. У касцельнай тэрміналогіі такое сужэнства называецца “змешаным” і датычыць дваіх ахрышчаных, з якіх адна асоба прыняла хрост у Каталіцкім Касцёле, а другая належыць (у дадзеным выпадку) да Праваслаўнай Царквы (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 1124). Варта дадаць, што сужэнства будзе называцца змешаным, калі некаталіцкі бок, які мае намер заключыць сужэнства, застаецца пры сваім веравызнанні. Калі б некатолік далучыўся да Каталіцкага Касцёла, то ў такім выпадку сужэнства заключалася б паміж католікамі. Вы адзначаеце, паважаная Ганна, што ваш нарачоны прагне застацца праваслаўным, а такім чынам сужэнства лічыцца змешаным.

Сужэнства – гэта сакрамант

Шлюб – гэта сакрамант любові і сувязі, якая ажыццяўляецца, калі сужэнцы разам моляцца, працуюць, размаўляюць і калі яны клапоцяцца пра сябе. Паколькі сужэнства ёсць дарам Божага Провіду, то неабходна памятаць і пра яго духоўнае вымярэнне і аднясенне да Бога. Сужэнцы праз малітву, удзел у сакрамантальным жыцці, літургіі і набажэнствах Касцёла набліжаюцца да Бога, а таксама і да сябе. Касцёл у шматлікіх дакументах і выказваннях паказвае і ахоўвае каштоўнасць сужэнства ва ўсіх яго вымярэннях. Бласлаўлёны Папа Павел VI навучае пра чатыры характэрныя рысы сужэнскай любові. Яна – чалавечая (і пачуццёвая і духоўная), цэласная, верная і плодная (пар. Павел VI, Энцыкліка Humanaevitae, 8). У такім сужэнстве жонцы і мужу дапамагае дар веры, дзякуючы якой яны адказваюць Богу на Яго любоў і Аб’яўленне.

Вера – вялікі дар

Ваш нарачоны быў ахрышчаны ў дзяцінстве, аднак ён і яго сям’я ніколі не былі  вернікамі-практыкамі. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць нас, што вера – гэта найперш асабістае адданне сябе Богу і добраахвотнае прызнанне ўсёй праўды, якую Бог аб’явіў (пар. ККК 150). Чалавек пакліканы добраахвотна адказваць Богу ў веры, і ніхто супраць сваёй волі не можа быць прымушаны прыняць веру (пар. Другі Ватыканскі Сабор, Дэкларацыя пра рэлігійную свабоду Dignitatis Humanae, 10). Трэба, аднак, памятаць, што кожны вернік пакліканы сведчыць пра сваю веру як усім сваім жыццём, так прыкладам і словам. Такім чынам, вернік можа дапамагчы іншым у іх дарозе да Бога і веры. Маладыя людзі, якія маюць намер заключыць сужэнства перад абліччам Бога, пакліканы ў святле Хрыстовай навукі пастаянна адкрываць праўды пра сябе, пазнаваць адно аднаго, чытаць і разважаць над Божым Словам ды разам маліцца.

Паважаная Ганна, многія дзяўчаты і юнакі сустракаюць у сваім жыцці будучую другую палавінку, якая, найчасцей не па сваёй віне, не спазнала велічы і любові Бога. Яны неаднойчы дзякуючы сваёй веры, інтуіцыі, а таксама далікатнай, але мэтанакіраванай руплівасці і малітве дапамагаюць сваім каханым знайсці надпрыродны сэнс жыцця і спазнаць вечную Любоў. Сужэнства настолькі важны і вялікі дар Бога, што нельга дазволіць сабе нейкую абыякавасць у справах веры як у час перад шлюбам, так і пазней. Я асабіста ведаю людзей, каторыя як нарачоныя сталі паспяховымі катэхетамі для сваіх каханых, ці то толькі ахрышчаных, ці нават для тых, хто не верыць. Сёння многія з іх складаюць сям’ю сапраўдных вернікаў, разам удзельнічаюць у сакрамантальным жыцці, моляцца і жывуць ласкаю Хрыста. Безумоўна, варта паспрабаваць. Дзеля Бога і асабістай шчаслівай будучыні. 

Падрыхтоўка змешанага сужэнства

Калі маладыя людзі маюць намер заключыць сужэнства ў касцёле, яны павінны ў першую чаргу звярнуцца ў канцылярыю сваёй парафіі ці непасрэдна да святара, які служыць у дадзенай парафіі. Пажадана не марудзіць, бо, у залежнасці ад магчымасцяў і прынцыпаў, якія абавязковыя ў асобных парафіях, касцельная падрыхтоўка да сакраманту сужэнства можа працягвацца і некалькі месяцаў. Гэта датычыцца таксама і змешанага сужэнства.

Трэба чакаць, што душпастыр паставіцца з павагай да нарачоных, якія хочуць заключыць змешанае сужэнства, дапаможа ім падрыхтаваць неабходныя дакументы, а таксама растлумачыць ўсё, што звязана са шлюбам. Пры заключэнні змешанага сужэнства каталіцкі бок павінен у пісьмовай форме заявіць, што гатовы адхіліць ад сябе небяспеку страціць веру, а таксама абяцаць, што зробіць усё магчымае, каб усе дзеці былі ахрышчаныя і выхаваныя ў Каталіцкім Касцёле. Некаталіцкі бок у сваю чаргу павінен быць паінфармаваны пра ўзгаданыя вышэй заявы, абяцанні і пра іх змест (пар. Kaн. 1125). Абое нарачоныя атрымаюць неабходныя веды пра значэнне і разуменне сужэнства ў Каталіцкім Касцёле.

Сведкі заключэння сужэнства

Паводле касцельнага права для сапраўднасці каталіцкага сужэнства пры яго заключэнні неабходная прысутнасць двух сведкаў (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 1108 §1). Згаданы кодэкс не ўдакладняе, хто можа быць сведкам. Прынята меркаваць, што сведкамі павінны быць асобы з адпаведнымі маральнымі якасцямі. Гэта вынікае і з самой функцыі, якую выконваюць сведкі: яны сведчаць аб праўдзе заключэння сужэнства.

Яшчэ адзін касцельны дакумент сцвярджае, што чальцы іншых Касцёлаў або касцельных суполнасцяў могуць быць сведкамі на цэлебрацыі сужэнства ў Каталіцкім Касцёле  (пар. Папская рада па справах адзінства хрысціянаў, Экуменічны Дырэкторый, 128, 136).

Трэба памятаць, што жанчына і мужчына ў сужэнстве так цесна яднаюцца з сабою, што становяцца адным целам (пар. Род 2, 24). Узаемная згода, вернасць, пашана і падтрымка на працягу ўсяго сумеснага жыцця дзякуючы ласцы сакраманту дапамагаюць сужэнцам непарыўна кахаць адно аднаго. Таму маладым людзям трэба з вялікай адказнасцю падыходзіць да падрыхтоўкі шлюбу і як мага раней пачаць маліцца пра распазнанне свайго паклікання.

Паважаная Ганна! Вам і ўсім чытачам, якія маюць намер заключыць шлюб, жадаю моцнай веры, адвагі,  а таксама каб словы прысягі – “ажно да смерці”, – выказаныя перад Богам, суправаджала Ягоная ласка!

 

для друку для друку