Як ахрышчанаму ў праваслаўе стаць католікам?

krzyz “У мяне па лініі бацькі ўсе католікі, па лініі маці – праваслаўныя. У дзяцінстве, не пытаючыся ў бацькі, мяне пахрысцілі ў праваслаўе (але архівы згубленыя: маці неяк спатрэбілася даведка пра маё хрышчэнне, дык не змаглі знайсці. У той царкве згубленыя архівы за некалькі гадоў, якраз калі я хрысціўся). Я спрабаваў наведваць праваслаўную царкву, але там адчуваў досыць моцны дыскамфорт. Знаходжанне на набажэнствах было там для мяне больш як “абавязалаўка”. Я адчуваў сябе ахрышчаным, хутчэй, дзеля нейкіх культурных традыцый, прынятых у нашай мясцовасці, чым вернікам-хрысціянінам. Я быў, хутчэй, атэістам, які вымушаны хадзіць у храм дзеля таго, каб не пакрыўдзіць маці і яе родных, дзеля нейкіх «традыцый».

Аднойчы родныя бацькі запрасілі мяне ў касцёл. Хоць і праваслаўныя святары перыядычна казалі пра тое, што ўсе католікі – ерэтыкі, але я, бачачы прыклад сваіх родных-каталікоў і сяброў, якія ў жыцці з’яўляюцца досыць добрымі людзьмі, вырашыў усё ж схадзіць. Тым больш што Біблія – адна для ўсіх, і Хрыстос таксама для ўсіх агульны. Час на Імшы праляцеў незаўважна. Я выйшаў з касцёла з пачуццём нейкай акрыленасці і палёгкі. Я ўпершыню ў жыцці падумаў, што, напэўна, Бог усё ж ёсць. У наступны раз я ўжо сам папрасіў іх мяне ўзяць з сабою. Так я і хаджу ўжо амаль тры гады. Я стаў па-сапраўднаму верыць у Бога. Стаў многае з таго, што казаў ксёндз, выкарыстоўваць у сваім жыцці. І я бачу, што гэта ў лепшы бок ўплывае на маё жыццё.

Я нават падумваў пра тое, каб афіцыйна перайсці ў каталіцтва, але ёсць праблема з маці і раднёй па яе лініі. Яна і так досыць негатыўна ўспрымае маё наведванне касцёла. Мірыцца толькі праз маё сумеснае з ёй наведванне праваслаўнага храма на праваслаўнае Божае Нараджэнне. Яе радня ж прапануе прайсці абрад ачышчэння і пакаяння ў знаёмага праваслаўнага бацюшкі, які іх увесь час трэціруе на тэму, што як дапусцілі, каб я з ерэтыкамі звязаўся. Але мае аргументы пра тое, што мяне, па-першае, хрысцілі ў праваслаўе без майго дазволу, а па-другое, нідзе юрыдычна не зафіксавана, што я ахрышчаны менавіта ў праваслаўе, і Праваслаўная Царква ніяк не зможа даказаць, што я належу да яе паствы, застаюцца па-за ўвагай.

Але пытанне ў іншым: першыя некалькі наведванняў я рабіў знак крыжа па-праваслаўнаму, але лавіў на сабе касыя погляды ад суседзяў, якія рабілі знак крыжа па-каталіцку. Непасрэднай слоўнай або фізічнай агрэсіі яны не праяўлялі, але твары ў некаторых былі дастаткова незадаволеныя. У наступны раз і да гэтага часу я хрышчуся па-каталіцку. І ўсё нармальна.

Адкажыце, наколькі недапушчальна для Касцёла тое, што я, будучы ахрышчаны ў праваслаўе (хоць гэта і юрыдычна, дакументальна нідзе не пацверджана) хаджу на Імшу, па-каталіцку раблю знак крыжа? Як быць, калі мы з будучай жонкай захочам узяць шлюб? Ксёндз жа спытае пра веравызнанне. З аднаго боку, я не магу перайсці ў каталіцтва афіцыйна (і ў грэка-каталікі таксама) пакуль жывая маці, з іншага боку, я ніяк афіцыйна не зарэгістраваны як праваслаўны, а ў касцёле ад ахрышчаных у праваслаўе патрабуюць прынесці даведку з праваслаўнай епархіі, што яны ахрышчаныя, але такую даведку я не змагу прынесці, бо дакументы згубленыя, але хлусіць ксяндзу і казаць, што я першапачаткова ахрышчаны ў каталіцтва.., не ведаю… Наколькі магчымы такі кампраміс?” Сяргей

На пытанне адказвае кс. Андрэй Сідаровіч MIC:

– Сяргей, Вашыя пытанні можна падзяліць на дзве групы. Першая – гэта асабістыя перажыванні, звязаныя з сямейнай сітуацыяй, другая – што зрабіць, каб стаць католікам?

Каталіцкі Касцёл прызнае хрост, які быў здзейснены ў праваслаўным храме. Аргумент, што вас пахрысцілі без вашай згоды, абсалютна непрымальны ў гэтай сітуацыі – трэба падзякаваць бацькам за тое, што вас ахрысцілі. Менавіта ласка хросту сёння дае плён у вашай зацікаўленасці справамі веры. Тое, ці была згода бацькі, трэба пакінуць бацькам, гэта іх непаразуменне ці канфлікт з мінулага. Вы як дарослы чалавек маеце права прыняць рашэнне, дзе будзеце практыкаваць веру. Лічу, што гэта не мудра ў такой справе, як вера, чакаць апошняга з мамай развітання.

Мы, католікі, не маем праблем з людзьмі, якія незалежна ад веравызнання і светапогляду прыходзяць у храм, каб папрысутнічаць на набажэнствах. Аднак каб весці поўнае духоўнае жыццё, прымаць удзел у сакрамантах і лічыць сябе паўнапраўным і паўнавартасным католікам, неабходна перад пробашчам мясцовай парафіі скласці вызнанне веры. Гэта фармальны акт, які пацвярджае Ваш выбар. Тэкст вызнання веры практычна не адрозніваецца ад праваслаўнага, але каб быць католікам, неабходна прызнаваць духоўную ўладу Касцёла і яго кіраўніка – Рымскага Папы. Гэта дазволіць Вам жыць у праўдзе, не лавіраваць і нікога не падманваць.

Няма такіх сітуацый, з якіх немагчыма знайсці выйсце. Паразмаўляйце з пробашчам мясцовай парафіі, ён дапаможа вырашыць справу дакументальнага пацвярджэння Вашага хросту. Такія магчымасці прадугледжаныя ў кананічным праве.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі