Я стала каталічкай. Ці правільна зрабіла?

v-tchem-proyavlyaetsya-vasha-vera-v-boga“Хвала Хрысту! Паўгода таму я перайшла з праваслаўя ў каталіцтва пасля 15 гадоў шлюбу з католікам (дзеці ахрышчаны ў касцёле). Да веры мы з мужам, можна сказаць, прывялі адно аднаго, але я хадзіла ў касцёл з мужам і дзецьмі, а ў праваслаўную царкву заўсёды адна (і не рэгулярна). Я адчула, што гэта неяк нас раз’ядноўвае. Нават святы праводзіліся адны больш урачыста (каталіцкія), а іншыя – не. Я вучу дзяцей адным малітвам, а сама, атрымліваецца, малюся іншымі. Калі я перайшла афіцыйна ў каталіцтва, мне на нейкі час стала спакойна, але потым я пачала думаць пра грахоўнасць гэтага кроку. Збольшага таму, што праваслаўе катэгарычна ставіцца да каталікоў і лічыць змену канфесіі вялікім грахом. А нядаўна я прачытала выказванне (на сайце catholicnews.by) ксяндза пра тое, што неабходна ўсімі сіламі захоўваць веру продкаў і пераход у іншую канфесію – вялікі грэх. Цяпер я наогул мучаюся: ці правільна зрабіла? Калі ласка, дапамажыце мне разабрацца”.

Алеся.

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі:

– Хвала навекі! Шаноўная Алеся! З Вашага ліста бачна, што Вы шукаеце еднасці і паяднання ў сям’і і ў справах веры. А гэта не можа быць грахом, які раздзяляе людзей і робіць іх не братамі, а ворагамі. Любоў кліча да адзінства, а гэта сапраўды справа Божая. Хачу працытаваць дакумент Касцёла “Unitatis Redintegratio”, які кажа пра важнасць еднасці ўсіх хрысціянаў. “Хрыстус Пан заснаваў адзін і адзіны Касцёл, хоць многія хрысціянскія Супольнасці прадстаўляюцца перад людзьмі сапраўднымі спадкаемцамі Езуса Хрыста. Усе яны вызнаюць сябе вучнямі Пана, аднак маюць розныя перакананні i ідуць рознымі шляхамі, быццам сам Хрыстус быў падзелены. Адсутнасць еднасці выразна супярэчыць волі Хрыста, з’яўляецца спакусай для свету і пры гэтым прычыняе шкоду найсвяцейшай справе абвяшчэння Евангелля ўсялякаму стварэнню” (UR 1). Калі Вы адчулі пакліканне да адзінства з Каталіцкім Касцёлам і поўнасцю паядналіся з ім, то цяпер даверцеся кіраванню Духа Святога і крочце шляхам збаўлення, якім Касцёл вядзе сваіх дзяцей праз свядомае хрысціянскае жыццё. Аднак няхай у Вашым сэрцы будзе ўдзячнасць да Праваслаўнай Царквы, праз паслугу якой Вы прынялі хрост. Што датычыць справы веры продкаў, то Вы, напэўна, не сталі здраднікам, бо праўдзівая вера адкрывае чалавека на пошукі еднасці з Богам, з сабой і з бліжнімі. Ёсць вялікая небяспека для хрысціян у павярхоўных выказваннях, якія часта выкліканы зусім не сапраўдным клопатам пра збаўленне душ, кшталту “хадзіць да католікаў – грэх”. Няхай Вашы пошукі Бога не будуць базавацца на такіх сцвярджэннях, хоць бы яны прыпісваліся святым.

Памятайма, што святымі чыніць Бог грэшнікаў, якія запрасілі Бога ў сваё жыццё па-сапраўднаму. Таму не кожнае слова святых мы можам успрымаць як натхнёнае Святым Духам. Чытайце Св. Пісанне і настаўленні Паўсюдных Сабораў, і гэта дасць абгрунтаваную пэўнасць у выбраным шляху. Таму напрыканцы няхай заахвочваннем для Вас будуць словы з вышэй цытаванага дакумента Касцёла, які падкрэслівае, што няма сапраўднага пошуку адзінства без унутранай перамены. “З абнаўлення розуму, з самавырачэння i са шчодрага праліцця любові нараджаецца i сталее жаданне еднасці”. Таму мы павінны выпрошваць у Духа Святога ласку шчырай адданасці, пакоры i лагоднасці ў служэнні, а таксама дух братняй велікадушнасці да іншых.

“Малю вас я, – кажа Апостал народаў, – вязень Пана, паступаць згодна з пакліканнем, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адно аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць Духу ў саюзе спакою” (Эф 4, 1-3)…

“Няхай усе вызнаўцы Хрыста памятаюць, што яны тым больш будуць садзейнічаць справе еднасці хрысціянаў, а нават ажыццяўляць яе, чым больш будуць імкнуцца весці беззаганнае жыццё ў духу Евангелля. Наколькі цеснай будзе сувязь з Айцом, Словам і Духам, настолькі лягчэй ім будзе паглыбіць і пабудаваць узаемныя братэрскія адносіны” (UE 7).

для друку для друку