У Глыбокім прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам”

Яе арганізавалі каталіцкае дабрачыннае таварыства “Карытас” і парафія Святой Тройцы ў Глыбокім дзякуючы падтрымцы спонсараў і працы валанцёраў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх апекуны і прадстаўнікі сацыяльных цэнтраў, якія прыехалі з Віцебска, Лепеля, Шаркаўшчыны, Мёраў, Ушачаў і іншых месцаў Віцебшчыны. Усяго ў Глыбокім сабралася каля двух соцень чалавек.

Гэта акцыя праводзілася ў Глыбокім ужо ў шосты раз. Яе мэта – прыцягнуць увагу грамадства да праблемаў інвалідаў і іх правоў.

Напачатку удзельнікі сабраліся ў касцёле ў Глыбокім, дзе іх прывітаў пробашч Глыбоцкай парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч. Ён прапанаваў усім, незалежна ад веравызнання і канфесіі, разам прачытаць малітву “Ойча наш”, якую ўдзельнікі ахвяравалі за ўсіх спонсараў як замежных, так і з нашай краіны.

Затым адбылося шэсце ад касцёла да гарадскога Дому культуры, дзе і адбылася асноўная частка праграмы мерапрыемства.

Распачалося яно з гульняў, конкурсаў і танцаў, якія адбыліся ў танцавальнай зале Дома культуры. Умова была адна – ніхто не павінен заставацца староннім назіральнікам, усе павінны былі ўдзельнічаць. Таксама ўсе маглі пачаставацца рознымі прысмакамі, якія былі на сталах, якія былі накрытыя прама ў зале.

Пакуль у танцавальнай зале ладзілася забаўляльная праграма, святары, апекуны і прадстаўнікі сацыяльных цэнтраў сабраліся на Круглы стол, дзе абмеркавалі праблемы, што стаяць у нашым грамадстве перад людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і іх прадстаўнікамі. Таксама разглядаліся магчымасці пераадольвання тых перашкодаў, якія ёсць у нашым заканадаўстве пры аказанні спонсарскай дапамогі.

Падымалася праблема абыякавасці грамадства і ў некаторай ступені і дзяржаўных органаў да праблем інвалідаў. Як зазначыў ксёндз Андрэй Аніскевіч, кіраўнік Віцебскага дыяцэзіяльнага “Карытас”, мы нікому не патрэбны, апроч саміх сябе. У падобных мерапрыемствах зацікаўлены Карытас, Касцёл, канкрэтныя сацыяльная цэнтры і ўсё. Разбудзіць грамадства, прыцягнуць яго ўвагу да праблем гэтых людзей і з’яўляецца адной з мэтаў такіх сустрэч.

А для гэтага трэба пазбаўляцца савецкай ментальнасці, калі інвалідаў хавалі па дамах і кватэрах, вучылі ў спецыяльных закрытых школах, гэтых людзей змяшчалі ў спецыяльныя закрытыя ўстановы. У выніку ў грамадстве ствараецца памылковае ўяўленне, што такіх людзей не існуе наогул або іх вельмі мала. Таму бацькам і апекунам трэба перастаць саромецца і часцей бываць з імі ў грамадскіх месцах.

Паводле слоў ксяндза Андрэя, гэтыя людзі вельмі чакаюць такіх сустрэч, як сёння, каб пабыць разам. Святар заўважыў, што гэтыя людзі – частка нашага грамадства, і грамадства павінна дапамагаць ім у адаптацыі ў соцыуме. Трэба заўсёды памятаць, што дастаткова некалькі імгненняў, каб здаровы чалавек ператварыўся ў інваліда, бо шмат людзей памылкова думае, што гэта можа здарыцца з кімсьці іншым, толькі не з ім.

Пасля абеда, які прайшоў у другой школе, удзельнікі акцыі зноў сабраліся разам у Доме культуры, на гэты раз у глядзельнай зале, дзе іх чакаў канцэрт. Канцэртную праграму сумесна падрыхтавалі супрацоўнікі Глыбоцкага гарадскога Дома культуры і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія прадстаўлялі розныя сацыяльныя цэнтры, што яшчэ раз пацвердзіла дэвіз мерапрыемства “Мы разам”. Гледзячы на гэтыя выступы, цяжка назваць гэтых выканаўцаў людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Хутчэй наадварот, з неабмежаванымі магчымасцямі.

Падводзячы вынікі мерапрыемства ксёндз Андрэй Аніскевіч сказаў: “Не трэба словаў, калі чуваць нашы сэрцы”.

Напрыканцы ўсе ўдзельнікі канцэрта разам выканалі песню “Мы жадаем шчасця вам” і зрабілі калектыўнае фота. Мы таксама жадаем шчасця ўсім ўдзельнікам і чакаем іх у наступным годзе.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота

для друку для друку