У Беларусі стала больш аж на двух святароў

У пятніцу, 4 мая, у Докшыцах прэзбітэрскае пасвячэнне атрымалі два дыяканы-капуцыны — брат Максім Варанюк і брат Ігар Колзун.

Абрад пасвячэння ў касцёле Святой Тройцы здзейсніў біскуп Рэйк’явіка (Ісландыя) Давід Тэнцэр, які таксама з’яўляецца капуцынам.

Урачыстасць пачалася з урачыстага ўваходу ў храм іерархаў, святароў, міністрантаў і, вядома, саміх кандыдатаў у пасвячэнне. У святыні сабраліся не толькі вернікі Докшыцкай парафіі, але і шмат гасцей. Перад пачаткам Імшы вернікі ўрычылі кветкі для іерархаў: біскупа Алега Буткевіча і высокага госця – біскупа з Ісландыі Давіда Тэнцэра.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. На пачатку ўрачыстасці ўсіх прывітаў айцец Алег Шэнда, які з’яўляецца кусташам Беларускай кустодыі братоў меншых капуцынаў.

Ён звярнуў увагу на вельмі цёплае надвор’е, якое ўсталявалася ў гэтыя дні ў Беларусі. Зараз самая цудоўная пара ў прыродзе, калі яна абуджаецца, — адзначыў святар, — і якраз у гэтую пару мы святкуем Пасху, як сімвал вечнага жыцця. Менавіта адсюль бяруць свой пачатак галоўныя сакраманты Касцёла, асабліва сакрамант святарства. Бо менавіта святары сваім служэннем павінны спрыяць далучэнню вернікаў да жыцця вечнага.

Таксама а. Алег звярнуў увагу на кантраст надвор’я Беларусі і Ісландыі, адкуль дзень таму прыляцеў біскуп Давід: у Беларусі стаіць амаль летняя спёка, а ў Ісландыі яшчэ ішоў снег.

Сваю гамілію біскуп Рэйк’явіка прысвяціў будучым новапрэзбітарам Максіму і Ігару. На яе пачатку ён адказаў на заўвагу пра кантраст надвор’я. Іерарх адзначыў, што яму сапраўды горача, але яшчэ большую цеплыню ён адчувае ад гарачых слоў вернікаў.

Далей іерарх адзначыў, што сённяшняя падзея мае вялікае значэнне не толькі для Віцебскай дыяцэзіі і Касцёла ў Беларусі, але ў першую чаргу для саміх Максіма і Ігара. Бо ў гэты дзень яны яднаюцца з самім Езусам Хрыстом. Бо святар для вернікаў з’яўляецца alter Christus – другім Хрыстом, які павінен весці іх да вечнага збаўлення. Быць святаром – гэта вялікая адказнасць, — адзначыў іерарх, — бо святар з’яўляецца ўдзельнікам апошняй вячэры Езуса Хрыста, калі хлеб і віно ператвараюцца ў Цела і Кроў Пана. І ніхто ў гэты час не бывае так блізка да Бога, як святар, што цэлебруе святую Імшу. “Гэты дар вы хутка атрымаеце, — сказаў біскуп, — таму беражыце яго і заўсёды ўспрымайце галоўны сакрамант як вялікі цуд, каб гэта не стала для вас руцінай”.

Біскуп Давід звярнуў увагу на той факт, што Максім і Ігар прымаюць сакрамант святарства разам у адзін дзень. Гэта павінна стаць нагодай для далейшай падтрымкі адзін аднаго ў сваім святарскім і манаскім жыцці. У якасці прыкладу ён прывёў ісландскую сагу – кароткую гісторыю з мудрай мараллю.

Гэта сага распавядае пра двух сяброў-вікінгаў, якія заўсёды былі разам. Аднойчы ворагі захацелі іх забіць і акружылі іх. Ворагаў было каля трох дзясяткаў супраць дваіх сяброў. Тады адзін з іх звярнуўся да другога са словамі: “Станем спінамі адзін да аднаго і будзем змагацца і мы або пераможам, або загінем разам”. Сябры так і зрабілі, сталі спінамі адзін да аднаго і перамаглі сваіх ворагаў. Так і вы, Ігар і Максім, павінны прыкрываць спіны адзін аднаго і дапамагаць адзін аднаму ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях у дарозе да праўды веры, — адзначыў іерарх.

Адной з галоўных небяспекаў у святарскім і манаскім жыцці біскуп Давід назваў не дзявочую ўсмешку і келіх віна, а прызвычаенасць, калі святарскія абавязкі становяцца руцінай.

Сваю думку ён патлумачыў на прыкладзе эсэ «Дванаццаць чалавек» Гілберта Кіта Чэстэртана, у якім аўтар распавядае пра свой досвед прысяжнага ў судзе.

Аднойчы ён удзельнічаў у разглядзе справы, калі адзін чалавек абвінавачваўся ў тым, што ён скраў ровар. Суддзя ў ім бачыў толькі злодзея, які ўчыніў злачынства. Прысяжны ж у ім убачыў няшчаснага чалавека, які не меў за што паесці і выпіць. У іншай справе суд разглядаў паводзіны жанчыны, якая не даглядала належным чынам сваіх дзяцей. Зноў жа суддзя бачыў у ёй толькі злачынцу, а прысяжны ўбачыў пакінутую і няшчасную жанчыну. Чаму ж так адбывалася? Бо суддзя быў прафесіяналам, ён прывык бачыць у чалавеку толькі злачынцу, якога трэба пакараць, а прысяжны бачыў у ім у першую чаргу чалавека, які патрапіў у цяжкую сітуацыю.

Менавіта ад такой прафесійнай прызвычаенасці і перасцярог біскуп братоў Ігара і Максіма: “Нават тады, калі ў вашых бародах будзе больш сівізны, чым у маёй, і нават тады, калі вы будзеце падыходзіць да алтара, хілячыся да зямлі і абапіраючыся на кій, няхай у вас не знікне здольнасць здзіўляцца таму, што Езус прыходзіць да чалавека».

Пасля гаміліі іерарх звярнуўся да кандыдатаў у пасвячэнне з пытаннем, ці гатовыя яны прыняць сакрамант святарства. Калі браты далі станоўчы адказ, распачаўся ўласна сам абрад пасвячэння. Спачатку браты Ігар і Максім леглі крыжам перад алтаром, а вернікі разам са святарамі маліліся Літаніяй да Усіх Святых.

Далей адбыўся абрад ускладання рук, які спачатку здзейсніў біскуп Давід, потым біскуп Алег, а затым па чарзе ўсе святары. Праходзіў ён у поўнай цішыні, што надавала гэтаму асаблівую ўрачыстасць.

Затым новапрэзбітары атрымалі святарскія стулы і апранулі арнаты, пасля чаго атрымалі ад біскупаў і святароў знак супакою.

Напрыканцы Імшы а. Максім Варанюк падзякаваў ад свайго імя, а таксама ад імя а. Ігара Колзуна, усім, хто дапамагаў ім на шляху да святарства.

Біскуп Алег павіншаваў святароў з галоўнай падзеяй у іх жыцці і выказаў падзяку іх бацькам, што выгадавалі такіх сыноў. Асаблівыя словы падзякі атрымалі іх мамы, якія прысутнічалі на гэтай урачыстасці.

Моладзь Докшыцкай парафіі таксама павіншавала маладых святароў і ў якасці падарунка праспявала ім песню свайго сачынення. У гэтым спеве згадваўся ўвесь нялёгкі шлях братоў да святарства, а таксама гучалі пажаданні Божай апекі і ласкі на далейшым жыццёвым шляху.

Пасля біскупскага бласлаўлення і спеву гімна “Магутны Божа” ў цудоўным выкананні докшыцкага хора ўрачыстасць прадоўжылася на пляцы перад касцёлам.

Самыя малодшыя парафіяне выканалі некалькі песень і танцаў, у якіх праславілі Бога. Тым часам старэйшыя вернікі разам з братамі-капуцынамі прыгатавалі сталы, дзе ўсіх удзельнікаў урачыстасці чакаў смачны абед. Дарэчы, гэты абед блаславіў біскуп Давід Тэнцэр на ісландскай мове.

Пасвячэнне братоў адбылося ў Докшыцкім касцёле не выпадкова. Менавіта тут, у кляштары капуцынаў яны праходзілі свой пастулат. Так называецца першы год падрыхтоўкі, прысвечаны распазнанню паклікання і знаёмству з жыццём манаскай супольнасці.

Прыміцыйныя Імшы новых святароў адбудуцца 5 мая ў Верхнядзвінску ў айца Ігара Колзуна і 6 мая ў Маладзечне ў айца Максіма Варанюка.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку