Ці з’яўляецца грахом жыццё без сакраманту шлюбу?

1248013765_brak-12“Хвала Хрысту! Ці з’яўляецца грахом жыццё без сакраманту шлюбу? Мы не хочам браць шлюб для “галачкі”, таму планавалі яго на лета. А цяпер не хочацца па дзвюх прычынах. Першая – смерць маці, на той час яшчэ жаніха. А другая – недастатковая падрыхтаванасць мужа. Да нашай сустрэчы ён не хадзіў у касцёл, хоць і быў ахрышчаны. Жыць без Святой Камуніі і споведзі аказалася вельмі цяжка. Няўжо давядзецца яшчэ чакаць?” Марыя

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі:

– Жыццё разам, як муж і жонка, з’яўляецца грахом. “Сужэнскі саюз паміж ахрышчанымі, праз які мужчына і жанчына ствараюць паміж сабой супольнасць на ўсё жыццё і які па сваёй прыродзе скіраваны на дабро мужа і жонкі, а таксама на нараджэнне і выхаванне патомства, узнесены Хрыстом да годнасці сакраманту. Такім чынам, паміж ахрышчанымі не можа быць сапраўднай шлюбнай дамовы, акрамя сакраманту” (Кодэкс кананічнага права, кан.1055).

Мы не хочам для галачкі…”

Гэта вельмі добра, што вы ставіцеся да свайго будучага сужэнскага жыцця сур’ёзна. Аднак, на жаль, гэта толькі словы з вашага боку, бо пачаткам вашага супольнага жыцця з’яўляецца грэх, а не цнота. Грэх, які чалавек хоча заўсёды апраўдаць, бо думае, што сам сябе ад яго збавіць: вось прыйдзе лета, вось суцішыцца боль жаніха, вось мой нарачоны ўрэшце падрыхтуецца… А пакуль што няхай будзе грэх, няхай ён уваходзіць у нашыя адносіны, у нашыя планы, у нашую штодзённасць і святы. Няхай ён у нас расце, а не Божая ласка…

Дарагія, толькі Хрыстос можа збавіць ад граху і жадання ў ім жыць. Але з нашага боку таксама неабходныя высілкі – дазволіць Богу быць між намі. У чым тут справа? У пачатку “Кнігі Быцця” апісваецца грэхападзенне чалавека. Яно заключаецца ў непаслухмянасці Богу. І калі чалавек першы раз пераступіў Божае права, то ў адносіны з Богам увайшоў цень сумнення: а можа, Бог хоча зла для мяне, Ён мяне не разумее, Ён такі суровы… І тады адносіны “я-Ты” ператварыліся ў “я-Ён”. Далёкім стаў Бог, далёкім стала маё разуменне Яго. Адным словам – падзел, адыход.

Справа граху таксама выглядае так у адносінах між людзьмі. Зірніце вакол на нашыя сем’і. Тая сям’я будзе Божай, дзе ёсць змаганне за цноту і змаганне супраць: не супраць чалавека, а супраць граху. А там, дзе змагання няма, дзе толькі апраўданні, расце грахоўнае балота, якое забівае радасць і смак жыцця ў Божай ласцы. Таму заахвочваю аўтара гэтага пытання быць адважнай, паспрабаваць змяніць жыццё на чаканне сужэнства, а г. зн. жыць асобна, захоўваць чысціню, шчыра маліцца аб навяртанні для сябе і будучага сужэнца, спавядацца, прымаць камунію. І тады, дарагія, калі будзеце жыць у бласлаўленні, а не ў грахоўным праклёне, вы маеце права стаць удзельнікамі сапраўднай любові.

Таму жыццё разам без сакрамантальнага шлюбу, як муж і жонка, з’яўляецца грахом.

для друку для друку