Ці цяжка вучыцца ў семінарыі?

seminaruja“Ці цяжка вучыцца ў семінарыі?” Андрэй

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Паважаны Андрэй! Дзякуй за вельмі важнае пытанне, якое, безумоўна, цікавіць многіх, перад усім маладых людзей. У духоўных семінарыях Хрыстос чакае тых, каго Сам выбірае і кліча ісці за Сабою. Семінарыі ў нашай краіне, як у Пінску, так і ў Гродне, маюць усе ўмовы, каб паспрыяць адпаведнай фармацыі будучых святароў.

Духоўныя семінарыі, дыяцэзіяльныя і манаскія, – гэта фармацыйныя месцы і найперш супольнасці ў дарозе (пар. Ян Павел ІІ, Адгартацыя Pastoresdabovobis, 60). Згодна з мэтаю, духоўную семінарыю можна лічыць працягам супольнасці апосталаў, сабраных вакол Езуса Хрыста, якія слухалі Ягоныя словы, перажывалі Пасху (таямніцу збаўчай мукі, смерці і ўваскрасення), чакалі дару Духа Святога, каб пазней пайсці з даручанаю ім місіяй (пасланне і заданне).

Адказ на Вашае пытанне, паважаны Андрэй, пра навучанне ў семінарыі мусіць закрануць шматбаковыя аспекты, хоць, на першы погляд, можа здавацца, што аўтара цікавіць толькі вучоба ў сэнсе інтэлектуальным. Сам працэс вучобы, г. зн. слуханне лекцый, практычныя заняткі, самападрыхтоўка, залікі, экзамены ды іншыя мерапрыемствы, падобныя ці такія ж як у шматлікіх вышэйшых навучальных установах. Неабходна, аднак, памятаць, што семінарыя – гэта не толькі месца, дзе студэнты здабываюць веды, але перш за усё адказваюць на надпрыродны дар паклікання і крочаць за Хрыстом, Які іх выбраў ды надзяліў усім патрэбным, каб на гэты дар адпаведна адказаць.

Выбар святарства – гэта перадусім адказ на Божае пакліканне. Неабходна заўсёды памятаць, што менавіта Бог ёсць Панам жніва і Ён Сам кліча і выбірае, каго хоча, калі хоча і такім чынам, якім захоча.

Слушна часам называюць семінарыю “Школай Хрыста”! Тут кандыдаты на святарства пад кіраўніцтвам рэктара і разам з ім ды іншымі чальцамі семінарыйнай супольнасці штодня з’яднаныя моцаю Духа Святога братэрскімі повязямі, згодна з атрыманым дарам імкнуцца ўзрастаць у веры і любові, моляцца, чытаюць і разважаюць над Божым Словам, каб працягваць збаўчую прысутнасць Хрыста ў Касцёле і ў гісторыі.

Святы Павел, які стаў апосталам Езуса Хрыста, хоць у пэўным часе нават быў Яго ворагам, напісаў, што можа ўсё ў Тым, Хто яго ўзмацняе (пар. Фпн 4, 13). Гэтыя словы варта аднесці да семінарыйнай фармацыі. Кожны семінарыст і святар могуць даць шмат сведчанняў пра тое, што як перад прыняццем рашэння ісці ў семінарыю, так і на працягу падрыхтоўкі да святарства і святарскага служэння ёсць такія сітуацыі, калі Сам Бог дапамагае і дадае сіл!

Нельга таксама забываць, што вельмі часта чалавеку перашкаджае страх перад будучыняй, асабліва, калі яна здаецца вельмі складанай. Ідучы ў семінарыю ці кляштар, вернік крочыць за Хрыстом, таму ніколі не застанецца адзін, і заўсёды моц Духа Святога і ласка Божая будуць яму дапамагаць.

Варта яшчэ дадаць, што не кожны можа быць святаром ці кансэкраванай асобай. Бог, выбіраючы чалавека на Сваё служэнне, дае яму ўсе неабходныя якасці і здольнасці для таго, каб той здолеў фарміравацца, вучыцца, а пазней выконваць даручаныя ў Касцёле заданні. Бог таксама заўжды шануе чалавечую свабоду і нікога не прымушае выконваць Яго волю.

Не варта і “заахвочваць” ісці ў кляштар ці да святарства, абяцаць нешта дачаснае, прыцягваць! Магчыма толькі спадарожнічаць чалавеку, служыць парадай, падтрымкай і, канешне, малітвай. Езус, Які клікаў сваіх вучняў, забраў іх да Сябе, каб яны ўзрасталі ў Ягонай прысутнасці.

На пытанне “Ці цяжка вучыцца ў семінарыі?” адказваюць навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску:

tronДыякан Павел Трон, 6 курс, 26 гадоў:

– На маю думку, фармацыя ў духоўнай семінарыі не вельмі лёгкая, аднак і не вельмі складаная. Мне здаецца, што тут вельмі важнае стаўленне да семінарыі: калі чалавек жадае вучыцца, то для яго не будзе вялікай праблемы для здабыцця ведаў і ўзрастання ў пакліканні. Аднак калі вучыцца не вельмі хочацца, то вучоба набывае свае цяжкасці, і як паўсюль.

Таксама важным з’яўляецца мэта, дзеля чаго я вучуся: дзеля саміх ведаў альбо дзеля таго, каб дзякуючы гэтым ведам дапамагаць людзям. Калі ж гэта першы варыянт, то тады навука стане цяжарам. Калі ж другі – то навука мае свой смак.

Такім чынам, магу сказаць, што вучоба, якая накіраваная на здабыццё ведаў пра Бога з мэтай падзяліцца гэтымі ведамі з іншымі і для свайго духоўнага ўзрастання, не з’яўляецца такой складанай, як гэта можа падавацца.

balaneuЯўген Баланёў, 4 курс, 42 гады:

– Вельмі важна адпаведным чынам размеркаваць і выкарыстаць час. Калі чалавек мае добрую метадалогію, то тады наогул лягчэй, у семінарыі таксама. Я ўпэўнены, што Бог дапамагае, калі молішся і спадзяешся на Яго, а пры гэтым таксама прыкладаеш і свае намаганні. Хлопцы, не бойцеся ісці ў семінарыю!

 

 

SidarenkaПавел Сідарэнка, 4 курс, 21 год:

Для мяне асабіста бываюць складаныя моманты, аднак я не апускаю рукі. Наогул, неабходна прыкласці намаганні не толькі да вучобы, але і да фізічнай працы, ці працы над сабою.

Сам часта малюся да Панны Марыі і да св. Апостала Паўла з просьбай заступацца за мяне перад Богам. Яны пастаянна дапамагаюць!

 

SzarkowiczУладзіслаў Шарковіч, 4 курс, 22 гады.

Спалучае семінарыйную фармацыю з навучаннем у аўташколе:

– Калі з Богам, то не цяжка. Калі з Богам крочыш наперад, хоць часам складана вучыцца або ёсць нейкія праблемы, то не цяжка.

 

 

kozelУладзіслаў Козел, 1 курс, 18 гадоў:

– Асабіста для мяне вучыцца не вельмі складана. Ёсць прадметы, якія даюцца лёгка, некаторыя больш складана. Калі ёсць інтарэс і імкненне, то вучыцца лягчэй. Семінарыя – не толькі мой выбар, але і прызванне з Божага боку. Калі Ён паклікаў, то мяркую, што пры Яго дапамозе змагу добра падрыхтавацца да святарскага служэння.

для друку для друку