Ці трэба пераасвечваць рэчы, купленыя ў царкве?

media-539571-2“Слава Ісусу Хрысту! Я з’яўляюся католікам усходняга абраду і ў сувязі з гэтым хачу задаць пытанне. Як вядома, пры Рымска-Каталіцкіх Касцёлах крыжыкі, ружанцы, абразы прадаюцца неасвечанымі. У Праваслаўнай Царкве звычайна наадварот. Напрыклад, калі я хачу набыць у шапіку пры царкве крыжык, зробены ў візантыйскай традыцыі, ці, напрыклад, алей у лампаду, яны будуць асвечаны святаром. Ці правільна я разумею, што, грунтуючыся на дэкларацыі “Dominus Iesus” у адносінах да Праваслаўнай Царквы, гэтыя рэчы ўжо з’яўляюцца асвечанымі належным чынам і ніякага “пера/даасвячэння” не патрэбна?” Сяргей

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– У Канстытуцыі пра Святую Літургію “Sacrosanctum Concilium” ІІ Ватыканскага сабора гаворыцца, што “святая Маці-Царква ўстанавіла сакраманталіі – святыя знакі, праз якія, з пэўным падабенствам да таінстваў, абазначаюцца і дзякуючы малітве Царквы дасягаюцца пераважна духоўныя вынікі. Яны рыхтуюць людзей да плённага прыняцця сакрамантаў і асвячаюць розныя абставіны жыцця” (SC 60). Сакраманталіі не даюць ласкі Святога Духа, як таінствы, але царкоўнай малітвай яны падрыхтоўваюць да яе прыняцця і схіляюць чалавека да супрацоўніцтва. Прыкладам сакраманталій з’яўляецца асвячэнне рэчаў. Дэкрэт пра экуменізм “Unitatis redintegratio” адносна праваслаўных Цэркваў адзначае, што “ўсходнія Цэрквы, хоць і адлучаныя ад нас, маюць праўдзівыя таінствы, асабліва паводле апостальскай пераемнасці святарства i Эўхарыстыі, дзякуючы якім яны дагэтуль вельмі цесна злучаны з намі” (UR 15). Адпаведна сакраманталіі, здзейсненыя праваслаўнымі святарамі, з’яўляюцца сапраўднымі, таму ніякага “пераасвячэння” не патрабуецца.

для друку для друку