Ці можна зрабіць татуіроўку з надпісам “Езус”?

tattoo“Слава Ісусу Хрысту! Хачу зрабіць татуіроўку з надпісам “Езус” па-габрэйску (ישוע) каля сэрца ў намеры пасвячэння свайго жыцця Збаўцу. Як ставіцца Касцёл да падобных учынкаў?” Сяргей

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Прысвячэнне свайго жыцця Збаўцу адбываецца ў сакраманце хросту. Кожны ахрышчаны чалавек аддадзены Богу. Як сцвярджае “Катэхізіс Каталіцкага Касцёла”, “ахрышчаны належыць Таму, Хто памёр і ўваскрос за нас” (ККК 1269).

Больш глыбокім адданнем сябе Богу з’яўляецца следаванне за евангельскімі радамі чысціні, убоства і паслушэнства ў богапасвечаным стане. “Дзявоцтва дзеля Валадарства Нябеснага ёсць развіццём ласкі хросту, магутным знакам перавагі сувязі з Хрыстом у палымяным чаканні Яго вяртання” (ККК 1619).

Толькі гэтыя два спосабы прысвячэння жыцця Богу вызнаюцца і практыкуюцца Касцёлам: сакрамант хросту і богапасвечаны (манаскі) стан.

Адносна татуявання Касцёл не мае пэўнай афіцыйнай пазіцыі, бо гэта сфера асабістага рашэння чалавека, калі яна не датычыць веры (напрыклад, татуіроўка як магічны знак) або маралі (напрыклад, дэманстрацыя расавай, нацыянальнай і пад. дыскрымінацыі).

У Вашым выпадку няма маральнай перашкоды для таго, каб зрабіць дадзенае татуяванне, але і заахвочвання з боку Касцёла на гэта таксама няма.

для друку для друку