Ці можна прымаць Святую Камунію тройчы на дзень?

kamunija“Хвала Хрысту! У мяне ўзнікла такое пытанне. Ці можна прымаць Святую Камунію тры разы за суткі? Падчас фэсту ў мястэчку Гудагай васямнаццатага ліпеня я прымала Камунію а дванаццатай гадзіне ночы, пасля на Імшы ранкам а палове на дзявятую. Ці можна яшчэ было прыняць Камунію ў дванаццаць (апоўдні)?” Людміла

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Святую Камунію за адны суткі вернікам можна прымаць не больш за два разы. Пра гэта сказана ў каноне 917 “Кодэкса каніначнага права” 1983 года. У згаданым каноне ўжываецца тэрмін “дзень”, каторы адпавядае прынятым у нашай мове “суткам”, якія лічацца ад апоўначы і маюць 24 гадзіны (канон 202). Таму прымаць Камунію тройчы за суткі нельга.

Пры першым і другім прыняцці павінны быць выкананы ўсе ўмовы, звязаныя са святой Камуніяй: не мець цяжкага граху, не менш за гадзіну нічога не есці і не піць, апрача вады і лекаў (эўхарыстычны пост не датычыць цяжкахворых, састарэлых асоб і тых, хто імі апякуецца; а таксама святароў, якія цэлебруюць другую і трэцюю Імшу за дзень).

Першы раз за суткі Камунію можна прыняць нават па-за Імшой, калі на гэта ёсць важныя прычыны, а другі раз – толькі ўдзельнічаючы ў Імшы. Асобам, жыццё якіх пастаянна знаходзіца пад пагрозай, настойліва рэкамендуецца яшчэ раз прыняць святую Камунію, нават калі яны яе ўжо прымалі ў той самы дзень.

Само па сабе множанне колькасці разоў прыняцця Камуніі не мае ніякага духоўнага плёну, наадварот, можа сведчыць пра павярхоўнае стаўленне да прыняцця Цела (і Крыві) Хрыста. Нягледзячы на тое, колькі разоў мы прымаем Камунію за дзень, мы прымаем усяго Хрыста.

для друку для друку